Вы тут

На працу механізатараў у спякоту трэба звярнуць асаблівую ўвагу


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы палі 1-й Мінскай птушкафабрыкі, дзе яму далажылі аб ходзе ўборкі збожжавых у краіне і рэгіёне.


На думку кіраўніка дзяржавы, у гарачае надвор'е трэба вельмі ўважліва ставіцца да арганізацыі працы людзей. Напрыклад, можна зрабіць перапынак у сярэдзіне дня, аднак больш часу працаваць раніцай і ўвечары, калі ўмовы надвор'я не настолькі складаныя. Беларускі лідар падкрэсліў: трэба паберагчы людзей.

Ён таксама звярнуў увагу, што з-за надвор'я ў многіх краінах чакаецца вельмі вялікі недабор збожжа. Складанасці здарыліся ў такіх краінах, як Германія, Польшча, Іспанія і Францыя, а ў Расіі прагназуюць 25 % недабору да леташняга ўзроўню.

«Вядома, і мы нешта страцілі, але не настолькі: нас яшчэ Гасподзь пашкадаваў. Таму трэба мець на ўвазе, што мы асабліва не кінемся дзесьці закупляць хлябы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — На рынку яны будуць. Але, па-першае, будуць у вялікай цане, а па-другое, зразумела, якія мы будзем купляць кармы па якасці. Таму максімум напружання для таго, каб сабраць да зярнятка тое, што мы сёння вырасцілі, і кукурузу».

У Мінскай вобласці збожжавыя і зернебабовыя ўбраныя на 44 % плошчаў, намалочана 640,5 тыс. тон пры ўраджайнасці 30,3 ц/га. Пастаўкі харчовага збожжа на дзяржзаказ выкананы на 40 %. Ужо ўбрана 40 % лёну-даўгунцу. Нарыхтоўка кармоў па ўсіх відах склала 34 % да запланаванага. План па ўборцы рапсу выкананы на 97 %, намалочана 127,8 тыс. тон пры ўраджайнасці 17 ц/га.

Як далажылі Прэзідэнту, па ўсёй Беларусі ўбраны збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 894,7 тыс. га, што складае 41,9 % да плана. Намалочана збожжа больш за 2,5 млн тон, сярэдняя ўраджайнасць — 28,8 ц/га. План пастаўкі збожжа на дзяржзаказ выкананы на 28,7 %. Пры плане 859 тыс. тон пастаўлена збожжа 246,2 тыс. тон.

Пасля Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістамі. Цэнтральнай тэмай размовы, зразумела, стала сельская гаспадарка. Спачатку ў беларускага лідара пацікавіліся, як ён ацэньвае ўборачную кампанію, ці будзе народ з хлебам, а таксама як мінімізаваць рызыкі, якія здараюцца з-за ўмоў надвор'я.

«На надвор'е ківаць няма чаго, — адрэзаў кіраўнік дзяржавы. — Надвор'е было нядрэннае. Яно не ідэальнае, вядома, хацелася б, каб вясна была менш засушлівая».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, першы ўкос траў быў добры, паколькі прайшлі дажджы. У краіне нарыхтавалі якасны сянаж з першага ўкосу. «Так, трохі падсушыла. Але ў нас жа заўсёды — то залье, то засушыць. Але сёлета падсушыла моцна і ў той перыяд, калі ішоў наліў збожжа. Гэта дрэнна, — канстатаваў беларускі лідар. — І потым, трэба разумець, я ўжо ўчора казаў падчас размовы са старшынёй аблвыканкама, што надвор'е не ўсюды было такое».

На думку кіраўніка дзяржавы, у многіх раёнах будзе выдатны ўраджай, калі яго своечасова ўбраць. «Гэта будзе наступнай тэмай маіх паездак», — анансаваў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца таго, ці будзе народ з хлебам, тут кіраўнік дзяржавы быў непахісны — праблем няма. «У нас, напэўна, паўтара мільёна запасаў, мы ўвесь час, кожны год абнаўляем. Старое зерне скормліваем, з'ядаем, новае закладваем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Недабяром мы, напэўна, дзесьці, па маіх разліках, калі ўлічыць кукурузу, паўмільёна тон да ўзроўню мінулага года. Напэўна, гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць вытворчасць малака, мяса, птушкі, яек і іншага».

Наступнае пытанне пачалося са звароту да кіраўніка дзяржавы аб тым, што чуткі з нагоды стану яго здароўя аказаліся моцна перабольшаныя. У адказ Аляксандр Лукашэнка жартаўліва прапанаваў журналістам яго памацаць. «Яшчэ кажуць, што двайнік працуе», — пасмяяўся ён.

Асноўны пасыл чарговага пытання: ці варта ў Беларусі выбраць іншую спецыялізацыю замест сельскай гаспадаркі? Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адзін аграрый забяспечвае работай сем-восем чалавек. Бо, каб прыгатаваць той жа хлеб, задзейнічана мноства спецыялістаў. На думку беларускага лідара, калі мы гэта спынім, то паўкраіны будзе хадзіць без працы.

«Мы ўжо пераканаліся на практыцы, што гэта ў цэлым нам танней абыходзіцца, чым купляць імпартнае малако, мяса», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Далёка па прыклады хадзіць не трэба — узяць тую ж Расію. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што там актыўна ўздымаюць сельскую гаспадарку, хоць краіна валодае велізарнымі рэсурсамі, каб спакойна імпартаваць усё патрэбнае. «Калі ў цябе няма свайго і табе хтосьці пастаўляе, ён у любы момант цябе можа ўзяць за горла. І ўсё — няма незалежнасці, няма суверэнітэту», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар паставіў іншае пытанне: ці трэба Беларусі вырабляць значна больш сельгаспрадукцыі, чым на цяперашні момант? Ён выказаў упэўненасць у тым, што ў перспектыве прадукты харчавання будуць запатрабаваны ўдвая.

«Зараз мы не будзем фарсіраваць гэта, таму што прадаць цяжка. Вы бачыце, як мы прабіваемся на кітайскі рынак, дыверсіфікуем продаж харчавання па ўсім свеце, каб не залежаць ад аднаго расійскага рынку. Мы ідзём ва ўсе кропкі для таго, каб прадаць тое, што мы сёння вырабляем з лішкам», — даў адказ Прэзідэнт.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.