Вы тут

Даследчык. Сябар. Настаўнік. Памяці Міхася Мушынскага


Калі вядомы навуковец, аўтарытэтны ў сваёй сферы, сыходзіць з зямнога жыцця, калегі, сябры і сваякі згадваюць яго з цеплынёй і ўдзячнасцю. Аднак праходзіць месяц, год, дзесяцігоддзе — і імя чалавека патае ў шматгалоссі новых падзей, забываецца ў мітусні штодзённага клопату...


М.Мушынскі — студэнт філфака БДУ, 1951 г.

У дачыненні да Міхася Восіпавіча Мушынскага, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, знанага навукоўца, тэкстолага і крытыка, такога не адбудзецца: ён пакінуў не толькі грунтоўную літаратуразнаўчую спадчыну, але яшчэ і некалькі пакаленняў вучняў, для якіх заўсёды быў узорам добразычлівасці, сапраўднай інтэлігентнасці, высакародства і адданасці справе. На вечары памяці, які быў прымеркаваны да саракавін з дня смерці даследчыка і прайшоў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, калегі і сваякі згадвалі Міхася Восіпавіча як выдатнага педагога, чалавека таленавітага і дасведчанага, з цудоўным пачуццём гумару, які ўмеў стварыць добры настрой і захапіць літаратурай кожнага суразмоўцу. Гэтыя ўспаміны — даніна памяці сумленнаму, смеламу і прынцыповаму даследчыку айчыннага прыгожага пісьменства.

Таццяна Мушынская, пісьменніца, крытык, журналіст:

— Бацька быў вельмі дасціпны, вясёлы, жыццярадасны. Самыя яркія ўспаміны майго дзяцінства — паездкі ўсёй сям’ёй у лес, дзе мы збіралі ягады, смажылі бульбу і сала. Калі едзілі на бацькаву малую радзіму, у Быхаўскі раён, то не праміналі вандровак да Дняпра, хадзілі ў грыбы.

Але падчас працы над кнігамі Міхась Восіпавіч быў зусім іншы: засяроджаны, закрыты, у нечым нават суровы. Калі мы, дзеці, не вельмі добра сябе паводзілі або нешта не тое казалі, то адзін яго няўхвальны позірк быў больш красамоўны за любое пакаранне. Мне ў гады юнацтва здавалася, што суседзі, сем’і аднакласнікаў жывуць прасцей, весялей, а таму наш «манастыр» часам выклікаў унутраную нязгоду. Пазней я, вядома, зразумела, што строгасць — абавязковая ўмова сур’ёзнай працы.

Бацька пазнаёміўся з маёй маці Тамарай Фёдараўнай на філалагічным факультэце БДУ. Яны былі вельмі прыгожай, рамантычнай парай, цудоўна падыходзілі адно аднаму. Маці заўсёды захаплялася абаяльнасцю мужа, яго здольнасцю небанальна ўспрымаць свет — і наладжвала жыццё так, што ў гэтым маленькім сямейным каралеўстве бацька быў галоўны. Ягоныя меркаванні ніколі не аспрэчваліся, па побытавых дробязях бацьку ніхто не турбаваў. Ён існаваў у высокіх сферах, вельмі не любіў побыт — і побыт яго не любіў, гэтая нелюбоў была ўзаемная. Маці даводзілася няпроста, бо яна працавала ў школе настаўніцай, у сям’і было двое дзяцей... Але такім чынам вызвалялася прастора і час, неабходныя для чытання, асэнсавання, навуковай творчасці. Зусім нядаўна маці разбірала бацькаў архіў і знайшла прысвечаныя ёй кранальныя, праніклівыя вершы...

З жонкай Тамарай Фёдараўнай. Грушаўка, 1964 г.

У дзяцінстве бацька шмат чытаў нам уголас. Памятаю, аднойчы ён пачаў чытаць сюжэтны твор пра вайну: ноч, вёска, адчуванне трагічнага напружання... Твор моцна мяне ўразіў, хацелася ведаць аўтара. Якое ж было маё здзіўленне, калі аказалася, што бацька напісаў гэта сам! Я здзівілася: «Чаму ты не пішаш прозу?» Тады мне здавалася, што ў вачах грамадства празаік, паэт стаяць на вельмі высокай прыступцы. Ён іранічна адказаў: «А хто тады будзе карміць сям’ю?»...

Бацька захапляўся рознымі відамі мастацтва: літаратурай, музыкай, балетам, фатаграфіяй. У нас дома было шмат камплектаў кружэлак з запісамі класічных опер і балетамі. Ён заўсёды падтрымліваў зацікаўленні іншых і верыў, што гэта значна, сур’ёзна. Яму было цікава, чым займаюцца дзеці і ўнукі, што яны пішуць.

Міхася Мушынскага вельмі паважалі пісьменнікі і навукоўцы. Калі ён атрымаў ступень доктара навук, яму прапаноўвалі стаць рэктарам некалькіх вышэйшых навучальных устаноў. Але бацька лічыў, што адміністрацыйная праца — не яго справа, хацеў прысвяціць жыццё навуцы.

Яго галоўная даследчыцкая рыса — імкненне дайсці да сутнасці, аднавіць ісціну ў дачыненні да рэпрэсаваных пісьменнікаў, да аўтараў, якія рана сышлі з жыцця. Ёсць такі выраз: «Вялікая энергія нараджаецца для вялікай мэты». Гэта быў менавіта такі выпадак.

 Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея імя Якуба Коласа:

— Нягледзячы на высокі статус, Міхась Восіпавіч заўсёды быў добразычлівы, з аднолькавай павагай ставіўся да ўсіх супрацоўнікаў музея — і маладых, і сталых, заўсёды быў гатовы нешта ўдакладніць ці патлумачыць. Ён быў не толькі галоўным дарадцам у коласазнаўчых справах, але і шчырым сябрам, з якім можна было паразмаўляць пра асабістыя справы, папрасіць жыццёвай парады.

Без Міхася Мушынскага не праходзілі ніводныя «Каласавіны», нязменным старшынёй якіх ён быў. Яго манаграфія «Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці» — настольная кніга нашых супрацоўнікаў, усіх, хто цікавіцца аўтарам «Новай зямлі». Плёнам шматгадовага супрацоўніцтва з музеем стала і яго грунтоўная праца «Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа». Міхась Мушынскі быў вялікім сябрам музея і найлепшым знаўцам жыцця і творчасці Коласа, мог распавядаць пра яго гадзінамі, пераказваць такія падрабязнасці біяграфіі, нібыта ён быў яго блізкім сваяком.

Міхась Кенька, літаратуразнаўца, перакладчык, дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ:

З жонкай і ўнукамі Ягорам і Дзянісам, 1993 г.

— Наша сяброўства пачалося з агульнага захаплення фотасправай, а Міхась Восіпавіч нават здымаў відэа. Кола яго зацікаўленняў уражвала: балет, мастацкая гімнастыка. Ён вельмі любіў жарты, анекдоты — і выдатна іх расказваў, часта нават прыдумляў сам. Умеў узняць настрой сваім калегам і разам з тым — стварыць сур’ёзную працоўную атмасферу.

Менавіта Міхась Восіпавіч заахвоціў мяне ісці ў аддзел тэксталогіі Інстытута літаратуры. Прапаноўваў даследчыцкія тэмы і ідэі навуковых артыкулаў для ўдзелу ў «Каласавінах», Гарэцкіх і Узвышаўскіх чытаннях. Шмат гадоў Міхась Мушынскі быў сакратаром савета па абароне дысертацый — і ўсе дысертацыі, якія прайшлі праз яго рукі, былі зацверджаны потым у Маскве.

Ганна Кісліцына, крытык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук:

— Міхась Восіпавіч жыў сваёй працай і пры гэтым заўсёды падтрымліваў новае пакаленне, шчодра дзяліўся досведам і ідэямі. З пачаткоўцамі, маладымі даследчыкамі, якія яшчэ толькі паступалі ў аспірантуру, паводзіў сябе так, нібы яны ўжо былі зоркамі. Такі давер, спрыянне давалі сапраўднае натхненне. Для Міхася Мушынскага справа апекавання не была дзяжурнай работай. На шматлікіх пасяджэннях савета па абароне дысертацый ён уважліва слухаў выступоўцу і падтрымліваў позіркам, кіўком галавы. Заўсёды чуў, што ты гаворыш, ведаў, што чытаеш, над якой тэмай працуеш.

Міхась Восіпавіч быў вельмі абыходлівы з жанчынамі, заўсёды элегантна апрануты, тактоўны. Многія згадваюць яго адметнае адчуванне гумару. Сапраўды, ён быў вельмі дасціпны, а на застоллях выдатна спяваў. Ён шчыра клапаціўся, каб у кожнага з нас усё было добра, і мы адчувалі яго як свайго роднага, блізкага чалавека.

***

Міхась Тычына і Гаўрыла Гарэцкі, якіх звязвала з Міхасём Мушынскім не толькі прафесійнае супрацоўніцтва, але і шчырае сяброўства, падзяліліся ўражаннямі ад апошніх тэлефонных размоў, падчас якіх голас Міхася Восіпавіча гучаў хаця і крыху стомлена, але ўсё так жа дасціпна.

Імя Міхася Мушынскага застанецца ў беларускай навуцы не толькі дзякуючы вялікай колькасці прац, вызначальных для развіцця нашага літаратуразнаўства. Ён аднаўляў традыцыі пераемнасці паміж пакаленнямі даследчыкаў, што вылучае яго сярод астатніх навукоўцаў, і пакінуў па сабе шмат удзячных, адданых справе вучняў.

Сціплы ў жыцці і прафесійнай дзейнасці, Міхась Восіпавіч Мушынскі быў перакананы, што самае красамоўнае вызначэнне значнасці зробленага чалавекам — справы і кнігі, а не ліслівыя хваласпевы. Акадэмік, які прысвячаў абранніцы лірычныя вершы, пісаў прозу, захапляўся балетам... Магчыма, кніга ўспамінаў пра выдатнага даследчыка, якую будуць рыхтаваць у Акадэміі навук Беларусі, раскрые новыя грані яго таленту. Безумоўна, шмат знаходак падорыць і найбагацейшы архіў Міхася Восіпавіча, над разборам якога цяпер працуе сям’я.

Падрыхтавала Юлія ШПАКОВА

Фота з сямейнага архіва.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.