22 Верасень, субота

Вы тут

Дзяржава скіроўвае грамадзян на індывідуальнае будаўніцтва


Па краіне колькасць свабодных участкаў перавышае колькасць чаргавікоў. Пад індывідуальныя забудовы выдзелена больш за 63 тысячы зямельных участкаў, а ў чарзе на іх стаіць 62 701 грамадзянін. З іх каля 59 тысяч — тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але нягледзячы на гэтыя лічбы, сітуацыя ў Мінскім раёне складаная — не дзіўна, многія мараць стаць жыхарамі сталічнага рэгіёна.


«На 2018 год у Мінскай вобласці запланавана будаўніцтва амаль 1,1 мільёна квадратных метраў жылля. З гэтага аб'ёму 800 тысяч — гэта індывідуальнае жыллё, амаль 73 %. Калі казаць у дынаміцы, у 2015 годзе гэта было 69 %. Мы бачым, што кожны год лічба павялічваецца. Мы нарошчваем аб'ёмы індывідуальнага жылля. Пастаўлена задача — знізіць аб'ём урбанізацыі ў краіне, каб людзі пачалі жыць у малых населеных пунктах», — расказаў Вадзім Нікалаенка, намеснік старшыні камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, галоўны архітэктар Мінскай вобласці, на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.

У Мінскай вобласці для індывідуальных дамоў з 2009 года выдзелена амаль 29 тысяч участкаў, з іх больш за 23 тысячы для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Усяго ў чарзе стаіць 31 500 чалавек, 30 800 — тыя, чые жыллёвыя ўмовы нездавальняючыя. Амаль 65 % з іх жадаюць атрымаць зямлю менавіта ў Мінскім раёне.

«Мінская вобласць вялікая — 22 раёны, плюс горад Жодзіна. Але людзі хочуць жыць каля Мінска», — робіць выснову галоўны архітэктар Мінскай вобласці.

Вырашаць гэту праблему плануюць за кошт гарадоў-спадарожнікаў. І тут узнікае пытанне забеспячэння іх неабходнай інфраструктурай.

«Неабходна амаль усе ўчасткі забяспечыць мінімальнай інфраструктурай. Па-першае, гэта дарога. Хай яна будзе не асфальтаваная, а пясчана-гравійная, па якой чалавек зможа дабрацца да свайго ўчастка. Электрычнасць неабходная і вада. Гэта тры складнікі, якія павінны быць. У ідэале адразу, калі выканкам вызначыць участак для забудовы, будуць пракладзены гэтыя тры інжынерныя камунікацыі. Тады можна разгортваць будаўніцтва», — лічыць Аляксандр Аўраменка, начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Спецыяліст адзначае, што грошы з паветра не з'явяцца. І працягвае: «Ёсць такая думка — стварыць спецрахунак, куды будуць паступаць сродкі, якія атрымаюць ад продажу свабодных зямельных участкаў. І потым яны павінны ісці на развіццё інфраструктуры, а не ў агульным бюджэце раёна распыляцца».

Па словах Аляксандра Аўраменкі, неабходна рабіць упор на развіццё не проста індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, а і цэнтралізаванага, індустрыяльнага. Жыллё асабліва для тых, хто мае патрэбу, павінны будаваць спецыялісты, арганізацыя, якая ўсё зробіць пад ключ.

Інфраструктура ёсць, арганізацыю знайшлі, застаецца галоўнае пытанне — грошы. Тут на дапамогу прыходзяць банкі.

«Цяпер у нас кліентаў, якіх крэдытуюць на пабудову індывідуальных жылых дамоў, звыш 54 тысяч. У лідарах Брэсцкая вобласць, там іх звыш 20 тысяч. Сёння тэхналогіі дайшлі да таго, што ў горадзе Мінску існуюць падрадчыкі, забудоўшчыкі, якія прапануюць кліенту дом менш за 100 квадратных метраў, які ў прамым сэнсе перавязуць на ўчастак», — паведаміў Алег Працэнка, галоўны спецыяліст дэпартамента крэдытавання насельніцтва «Беларусбанка».

Па словах Алега Працэнкі, стаўка па крэдытах у «Беларусбанку» на нерухомасць адна з самых нізкіх на банкаўскім рынку — 13 % гадавых. Сям'і пры правільным падыходзе можна прафінансаваць да 90 % кошту будаўніцтва жылога дома крэдытам.

Марыя ДАДАЛКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.