Вы тут

Фільм Дар'і Жук «Хрусталь» выйдзе ў шырокі пракат у Мінску 30 жніўня


Нашумелы фільм атрымлівае прызы і рыхтуецца да беларускай прэм'еры

Карціна «Хрусталь» беларускі Дар'і Жук працягвае сваю фестывальную «кар'еру»: гэтым разам фільм атрымаў дзве ўзнагароды кінафоруму ў Выбаргу «Акно ў Еўропу». Калекцыю «Хрусталя» папоўнілі галоўны прыз у конкурсе «Капрадукцыя. Акно ў свет» і прыз Гільдыі кінаведаў і кінакрытыкаў.


Яшчэ падчас выбаргскага фестывалю кінакрытыкі актыўна выказваліся наконт новай карціны з Беларусі. «У конкурсе капрадукцыі безумоўным лідарам мне падаецца фільм «Хрусталь» мінчанкі Дар'і Жук, якая жыве цяпер у ЗША, — напісаў небезвядомы Леанід Паўлючык. — Фільм Дар'і Жук не рэтра аб ліхіх 90-х, а выказванне аб сённяшнім і вечным. Аб сутыкненні мары і рэальнасці, аб дыктатуры побыту і празе свабоды, аб духоўнай культуры і векавой сярэднявечнай дзікасці, што ўкаранілася ў жыццёвыя поры».

Сусветная прэм'ера карціны адбылася на Міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах, дзе яна адкрыла конкурс «З Усходу на Захад». Менавіта ў гэты час з'явілася інфармацыя пра тое, што «Хрусталь» рыхтуецца быць намінаваным ад Беларусі на Оскар у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове», дзеля чаго нават быў узноўлены оскараўскі камітэт. Карціна атрымала Гран-пры міжнароднага кінафестывалю ў Адэсе і запрашэнні на больш за дваццаць кінафестываляў свету.

Нарэшце сталі вядомыя і падрабязнасці беларускай прэм'еры карціны: яна адбудзецца 29 жніўня ў кінатэатры «Масква», дзе фільм беларускай публіцы прадставіць рэжысёр Дар'я Жук, акцёры і члены здымачнай групы. З 30 жніўня «Хрусталь» выйдзе ў шырокі пракат у Мінску, а ў выніку ахопіць не толькі сталіцу, але і рэгіёны краіны.

Фільм расказвае пра постсавецкую моладзь і яе амерыканскую мару: маладая і яркая дзяўчына робіць памылку ў візе, рызыкуе страціць магчымасць паехаць у Амерыку і вымушана затрымлівацца ў правінцыйным індустрыяльным гарадку. Карціна паказвае «маладзёжныя падпольныя рэйвы, стыхійныя рынкі, мары маладых людзей пра эміграцыю і жыццё правінцыі, што застыла ў часе».

«Хрусталь» здымаўся ў нашай краіне пры ўдзеле кінакампаній Беларусі, ЗША, Германіі і Расіі, пракат карціны ажыццяўляе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн».

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Хрусталь» адчыняе акно ў свет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.