Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


16 гадоў оперы ў адплату за брэх сабакі

Жыхарка горада Штурава на поўдні Славакіі Ева Н., якая на працягу 16 гадоў гучна ўключала оперу Джузэпэ Вердзі «Травіята» ў адплату за брэх суседскай сабакі, была арыштаваная, паведаміла выданне My Nove Zamky.


Славачка слухала чатыроххвілінную арыю кожны дзень з шасці раніцы да дзесяці вечара, з-за чаго яе дом ахрысцілі оперным тэатрам. Паводле слоў жанчыны, так яна помсціла суседзям за сабаку, які гучна гаўкаў, аднак нават пасля яго смерці аматарка оперы не перастала ўключаць канцэрты, якія разносіліся па ўсёй вуліцы.

У 2015 годзе мэр горада забараніў даймаць жыхароў пастаянным праслухоўваннем музыкі. Наступныя два гады і тры месяцы Ева сапраўды не ўключала оперу на поўную гучнасць, але ў верасні 2017 года «Травіята» зноў зайграла ў Штураве. У 2018 годзе Вярхоўны суд пацвердзіў забарону на праслухоўванне музыкі, і цяпер славачцы пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам ад паўгода да трох гадоў. Следчы лічыць, што яна ўяўляе пагрозу для грамадства, таму яе пакінуць пад вартай да суда.


Жанчына засудзіла шлюбнае агенцтва за адсутнасць багатых жаніхоў

Жыхарка Лондана адсудзіла 13,1 тысячы фунтаў стэрлінгаў у шлюбнага агенцтва, якое не здолела знайсці мужчыну яе мары, піша Лента.ру.

Некалькі гадоў таму 47-гадовая Тэрэза Бурк звярнулася ў шлюбнае агенцтва Seventy Thіrty. Яна шукала багатага жаніха, які пажадае завесці з ёй дзіця ў дадатак да трох, якія ў яе ўжо былі. Супрацоўнікі фірмы сцвярджалі, што ў іх базе — сем тысяч кандыдатаў, хоць у рэчаіснасці яе паслугамі карысталася толькі некалькі дзясяткаў мужчын. Ні адзін з іх не падышоў кліентцы. Пасля гэтага раззлаваная жанчына назвала агенцтва ў інтэрнэце жулікамі і звярнулася ў суд. Суддзя прыйшоў да высновы, што шлюбнае агенцтва ўвяло Бурк у зман, і запатрабаваў вярнуць ёй 12,6 тысячы фунтаў стэрлінгаў, такую суму яна выдаткавала на пошук жаніха. Акрамя таго, Seventy Thіrty прыйдзецца заплаціць жанчыне 500 фунтаў у якасці кампенсацыі за расчараванне.


«Выпадкова праглынуў піражок... з цвікамі»

Жыхар кітайскай правінцыі Хунань праглынуў 87 цвікоў і 7 канцылярскіх кнопак, паведамляе выданне Daіly Maіl.

25-гадовы хлопец паступіў у бальніцу са скаргамі на боль у жываце. Рэнтген паказаў дзясяткі цвікоў па 4-5 сантыметраў у яго грудной клетцы і ў вобласці таза. На наступны дзень пацыента прааперыравалі. Хірургі працавалі суткі і дасталі 87 цвікоў. Канцылярскія кнопкі з-за невялікага памеру змаглі самастойна прайсці праз кішачнік і, на думку ўрачоў, пакінуць арганізм натуральным шляхам. Першапачаткова пацыент сцвярджаў, што выпадкова з'еў параны піражок з цвікамі. Пасля высветлілася, што малады чалавек стаў глытаць цвікі і кнопкі пасля сваркі з дзяўчынай, якая пагражала кінуць яго. У бальніцы ён пакінуў ёй развітальны ліст на выпадак, калі лекарам не ўдасца адшукаць яго бацькоў.


Студэнтка з'ела 255 кебабаў за 23 хвіліны

А вось 21-гадовая мініяцюрная дзяўчына аддала перавагу звычайнай ежы і змагла за 23 хвіліны з'есці 255 кебабаў.

Увогуле 44-кілаграмовая студэнтка з Турцыі праглынула каля чатырох кілаграмаў мяса з салатай і хлебам, запіўшы вадой. Яна абышла іншых канкурсантаў з вялікім адрывам, і гэта мініяцюрная дзяўчына атрымала ў падарунак смартфон і магчымасць чатыры месяцы бясплатна харчавацца ў рэстаране, дзе праходзіў конкурс. Трэба сказаць, што вынік вельмі здзівіў уладальніка кавярні, тым больш пасля таго, як дзяўчына паабяцала пабіць свой рэкорд.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.