Вы тут

Старшакласнікі Гомельшчыны працуюць над інфармацыйнай сістэмай камунікацый


Летам многія школьнікі мараць зарабіць на кішэнныя расходы. Кожны выбірае свой шлях: парнікі, збіранне ягад і грыбоў, высаджванне дрэў, расклейванне аб'яў... А ў камунальным жыллёвым унітарным прадпрыемстве «Акцябрскае», што ў аднайменным пасёлку на Гомельшчыне, старшакласнікі маюць магчымасць атрымаць як вопыт, так і грошы вельмі цікавым шляхам: працуючы над інфармацыйна-картаграфічнай сістэмай камунікацый (ІКС) раёна. Такім чынам яны прымяняюць свае веды інфарматызацыі і праектавання на практыцы ў складзе студатрада, створанага пры мясцовым райкаме БРСМ. Аб тым, што сабой уяўляе гэты занятак, як з'явілася ідэя наконт інавацыйнага студэнцкага атрада і што за навыкі можна атрымаць падчас творча-інтэлектуальнай працы, расказвае начальнік вытворчасці па кацельнях і цеплавых сетках, інжынер-праграміст, ініцыятар праекта па распрацоўцы ІКС Аляксандр Фурс.


— ІКС, калі гаварыць простай мовай, гэта перавод ранейшых картаў-схем водаправодных і цеплавых сетак, выкананых на паперы, у электронную форму, што дазваляе значна спрасціць іх пошук, фарміраваць справаздачы ўпаўнаважанаму супрацоўніку нават з мабільнага тэлефона або планшэта. Стварэнне ІКС — неабходная ўмова, каб якасна выбудаваць улік і кантроль за эксплуатацыяй і планаваннем развіцця аб'ектаў і сетак прадпрыемстваў (не толькі камунальных), аператыўна прымаць рашэнні падчас надзвычайных сітуацый (разрываў на сетках), — кажа суразмоўнік.

Усё пачалося з таго, што сёлета ў лютым у якасці эксперымента набралі групу дзяцей. Хутка зразумелі, што не памыліліся, калі ўбачылі зацікаўленасць вучняў. Яны часта прасіліся застацца яшчэ на пару гадзін або прыйсці павучыцца на выхадных.

Таму пры стварэнні студатрадаў на лета райкам БРСМ распаўсюдзіў інфармацыю пра магчымасць такога працаўладкавання. На прадпрыемства было накіравана 17 вучняў ва ўзросце ад 14 гадоў. У асноўным прыйшлі хлапчукі. Яны афіцыйна працаўладкаваны і напрыканцы атрымаюць свае грашовыя бонусы.

Работа вядзецца толькі над рэальнымі аб'ектамі, якія ідуць у прамысловую эксплуатацыю. Канчатковы вынік чакаецца праз два гады.

— Мы нікога з падлеткаў не затрымліваем, — дадае Аляксандр Фурс, — бо павінен быць выбар, трэба самому прабіваць дарогу і браць ад жыцця неабходнае.

Колькасць школьнікаў, ахвотных прайсці праз камунальны навучальны клас, дазволіла выбудаваць сістэму рэйтынга для кадравага адбору: на кожнага заводзяцца асабістыя справы, у якіх пазначаюцца здольнасці і схільнасці падлеткаў у працы. На лета з Акцябрскім райкамам БРСМ было заключана пагадненне аб працаўладкаванні школьнікаў мясцовых школ і навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя ў складзе трох студатрадаў. Пасля выпуску навучэнцы атрымаюць дадатковае пасведчанне «Спецыяліст па стварэнні ІКС у камунальнай сферы». Гэта дасць ім магчымасць пайсці на адно з прадпрыемстваў камунальнага сектара па гэтым кірунку са стартавай аплатай працы, эквівалентнай 200—250 доларам.

На падставе распачатага кіраўніцтвам прадпрыемства эксперымента навучанне было вырашана падоўжыць на ўвесь год. У праграму таксама ўвойдуць экскурсіі на прадпрыемствы камунальнай галіны, наведванне выставак і канферэнцый, удзел у перамовах. Пагадзіцеся — цікава!

Безумоўна, практычнае прыкладное праграмаванне — адказная справа для падлеткаў. Але ў гутарцы з Яўгенам Патапенкам, вучнем 9 класа, і Арцёмам Дончанкам, вучнем 10 класа, стаж якіх складае па паўгода, гэтага не адчуваецца. Для іх работа над ІКС не цяжкая, яна ўсяго толькі патрабуе ўважлівасці, акуратнасці, дакладнасці і цярпення. За апошні час студатрадаўцамі, якія шчыруюць у якасці праграмістаў на прадпрыемстве КЖУП «Акцябрскае», было пераведзена больш за 150 картаў-схем з папяровага варыянту ў электронны. Свой працоўны семестр школьнікі завершаць у канцы жніўня.

Дар'я Шлапакова, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Час Ікс, або Дапамога ў выбары прафесіі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.