Вы тут

Літаратары, што збліжаюць народы


На Дзень беларускага пісьменства ў Беларусь традыцыйна з’язджаюцца госці — прадстаўнікі розных культур, носьбіты іншых літаратурных традыцый. Сёлета напярэдадні свята адбудзецца Міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго». Некаторыя яго ўдзельнікі дзеляцца думкамі пра магчымасці дыялогу праз літаратуру.


Юрый Казлоў, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Раман-газета»:

— Ад Міжнароднага круглага стала я перш за ўсё чакаю плённых кантактаў з калегамі. На такія мерапрыемствы прыязджаюць людзі, шчыра захопленыя літаратурай. Яны імкнуцца да захавання і аднаўлення культурнай прасторы, гатовыя займацца перакладамі, каб пазнаёміць чытачоў сваіх краін з творамі пісьменнікаў, якія блізкія і зразумелыя ім па ментальнасці і светаадчуванні, хоць і жывуць у іншых дзяржавах. Мяне цікавіць сучасная беларуская літаратура, а Дні беларускага пісьменства — выдатная магчымасць даведацца пра новыя імёны і новыя тэмы ў творчасці краіны.

Нумар «Раман-газеты», прысвечаны сучаснай прозе Рэспублікі Беларусь, быў вельмі ўдалым, яго з цікавасцю сустрэлі ў Расіі. Гэты выпуск нашага выдання прадставілі на многіх выстаўках і кніжных кірмашах, дзе браў удзел наш часопіс. Расійскі чытач даведаўся, чым і як жыве сучасная Беларусь, атрымаў задавальненне ад яркай і таленавітай прозы: у нумары выйшлі літаратурныя работы аўтараў розных пакаленняў, непадобныя па стылі і тэматыцы. Мы і раней ахвотна публікавалі вашых пісьменнікаў, сярод іх — творы Сяргея Трахімёнка, Уладзіміра Бандарэнкі, Алеся Карлюкевіча. Лічу, што нумары часопіса з беларускімі аўтарамі павінны стаць штогадовымі — гэта пойдзе на карысць і пісьменнікам, і чытачам нашых краін. У такой важнай працы, як наладжванне кантактаў паміж краінамі, патрэбна сістэмнасць, і круглыя сталы ў Дні беларускага пісьменства — крок на шляху да гэтай сістэмнасці.

Жан Гараньён, перакладчык, прафесар французкай мовы і літаратуры:

— Беларусь цікавая вельмі многім людзям. У кожнага свой інтарэс. Літаратура таксама вельмі рознабаковая. Шмат цікавых аўтараў. Мне, напрыклад, вельмі спадабаўся Іван Шамякін і яго твор «Сэрца на далоні». А ўвогуле, гэта тэма вялікай гутаркі і абмеркавання з рознымі замежнымі чытачамі. Трэба сказаць, што ў цяперашні час вялікую ролю мае маркетынг: як зацікавіць і прывабіць чытача.

Яронімас Лауцюс, паэт, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Тры зорачкі», заснавальнік Сусветнай асацыяцыі літоўскіх дзяцей «Літоўская дзіцячая кніга»:

— Падчас беларускіх круглых сталоў адчуваецца панарама жыцця, разнастайнасць і адзінства пісьменнікаў. Жыццё хутка мяняецца, і ў грамадстве нараджаюцца новыя задачы, клопаты, спадзяванні. Мэта нашай сустрэчы — натхніцца пазітыўнай энергіяй ад літаратурнага сяброўства, атрымаць творчы стымул ад добразычлівых гаспадароў Міжнароднага круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго». Падчас размовы я хачу прадставіць свае думкі наконт магчымасці пісаць і публікавацца пры памяншэнні чытацкай аўдыторыі ва ўмовах рыначнай эканомікі.

Аб творчых сустрэчах з беларускімі літаратарамі я пішу ў сваім часопісе «Зорачка». Летась мы прысвяцілі сувязям творцаў Беларусі і Літвы ажно два нумары часопіса. Зараз думаем пра тое, каб выдаць яшчэ адзін нумар: магчыма, на беларускай і літоўскай мовах адначасова.

Зульфія Хананава, паэтэса, начальнік аддзела па моўнай палітыцы ўпраўлення адукацыі Адміністрацыі гарадской акругі горада Уфы, Рэспубліка Башкартастан:

— Безумоўна, правядзенне такіх мерапрыемстваў спрыяе пашырэнню міжкультурных сувязей. «В начале было Слово...» — сказана ў Евангеллі. Ніякі дыялог не ўяўляецца магчымым без слоў. А пісьменнікі — гэта людзі, якія ўмеюць складваць гэтыя словы ў правільныя пазлы, каб яны дастукаліся да сэрцаў. «Поэт в России, больше чем поэт...» — пісаў Яўген Еўтушэнка. Менавіта пісьменнікі і паэты адлюстроўваюць усю гісторыю, культуру, традыцыі, самабытнасць свайго народа. Менавіта яны выказваюць яго погляд, голас, боль і спадзяванні. І гэта не ўсё: праз прызму пісьменніка мы звыклі ацэньваць розум, мудрасць, характар, шырыню душы кожнага народа. І таму, калі мы гаворым Расул Гамзатаў, то маем на ўвазе гарачых аварцаў, Чынгіз Айтматаў — адразу ж нагадвае самабытных кіргізаў, Мустай Карым — адкрытых душой башкір, Якуб Колас — гасцінны народ Беларусі. Такім чынам, падобныя сустрэчы збліжаюць не толькі творчых людзей, але і народы ў цэлым, а гэта вельмі важна, асабліва ў наш няпросты час — час глабалізацыі. У аятах Свяшчэннага Карана гаворыцца, што народы і плямёны створаны, каб пазнаваць адно аднаго. Пазнаючы адно аднаго, праяўляючы павагу адно да аднаго, мы павінны ўнесці лепту ў захаванне самабытнасці, культуры і, вядома ж, роднай мовы кожнага народа, бо без роднай мовы няма нацыянальнай літаратуры. Так, абавязкова будзе і абмен досведам, і духоўнае ўзаемаўзбагачэнне, і пашырэнне кругагляду, але самае галоўнае, чаго я чакаю ад такога тыпу мерапрыемстваў, — канструктыўнага дыялогу аб захаванні нацыянальных літаратур.

Беларускіх і башкірскіх пісьменнікаў звязвае вельмі даўняе сяброўства. Дзякуючы перакладчыкам, у розныя гады жыхары Башкартастана мелі гонар пазнаёміцца на роднай, башкірскай мове з творамі Якуба Коласа, Андрэя Александровіча, Янкі Купалы, Максіма Танка, Петруся Броўкі. На жаль, у нашых літаратурных адносінах на нейкі час была створана паўза. Але сёння, дзякуючы Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, наша супрацоўніцтва адноўлена. Прыемна адзначыць, што ў Беларусі зацікаўлены ў перакладзе аповесці «Не пакідай мяне, мама!», аўтарам якой з’яўляецца малады, вельмі таленавіты башкірскі пісьменнік Айгіз Баймухаметаў. Я бязмерна ўдзячна выдатнай Марыі Кобец. Дзякуючы яе самаадданай працы, на беларускай мове загучалі не толькі мае вершы, але нават паэма «Ачаг». А дзякуючы Валерыі Радунь, перакладзены на беларускую мову вершы для дзяцей. І гэта толькі пачатак нашага супрацоўніцтва. У нас і ў вас вельмі шмат таленавітых аўтараў, цікавых твораў. Думаю, наперадзе нас чакае шмат цудоўных падборак, літаратурных сустрэч.

Святлана Ананьева, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчыца аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязей Інстытута літаратуры і мастацтва імя М.А. Аўэзава:

— Як заўсёды, я з нецярпеннем чакаю выступленні ўдзельнікаў Міжнароднага круглага стала з сімвалічнай назвай «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго» і дыскусію, якая можа разгарнуцца пасля, бо менавіта нацыянальныя культуры і літаратуры захоўваюць культурны код народа, нацыянальную ідэнтычнасць. Як падкрэслівае Прэзідэнт Казахстана Н.А. Назарбаеў у праграмным артыкуле «Погляд у будучыню: мадэрнізацыя грамадскай свядомасці», «аснова культурна-генетычнага кода, які любую нацыю робіць нацыяй, — асаблівае стаўленне да роднай зямлі, яе культуры, звычаяў, традыцый». Праграму «Туган жер» лідар нацыі Н.А. Назарбаеў вызначае як адну «з сапраўдных падстаў для нашага агульнанацыянальнага патрыятызму. Ад малой радзімы пачынаецца любоў да вялікай радзімы — сваёй краіны (да Казахстана)». Канцэпт «Радзіма для кожнага чалавека» — спосаб праяўлення яго нацыянальнай ідэнтычнасці.

У Беларусі 2018 год — Год малой радзімы. Наш Інстытут літаратуры і мастацтва імя М.А. Аўэзава прыступае да складання хрэстаматыі «Казахстан у маім лёсе». Перачытвала сучасных казахстанскіх аўтараў і звярнула ўвагу на верш Алеся Чаркасава «Мне снится Беларусь», дзе рэфрэнам гучаць радкі: «И все ж мне часто снится Беларусь, ее леса и солнечные дали»; «И все ж мне часто снится Сож-река...»; «И все ж мне ночью снится Беларусь, и этим снам не суждено прерваться»...

Падчас круглага стала я планую распавесці аб працы над хрэстаматыяй, якая прадставіць паэтаў і празаікаў з многіх этнасаў Казахстана, у тым ліку і прадстаўнікоў беларускай літаратуры.

Мы выдалі ў Мінску кнігу «Беларусь в творчестве и судьбе: литературный диалог в пространстве и времени» («Выдавецкі дом “Звязда”», 2018 год). У першай частцы кнігі абагульняюцца вынікі сумесных Казахстанска-Беларускіх форумаў культуролагаў і пісьменнікаў, міжнародных круглых сталоў у рамках Дня беларускага пісьменства, у якіх узялі ўдзел многія вядомыя дзеячы культуры і літаратуры Казахстана. Як вынік плённых літаратурных кантактаў, якія з цягам часу пашыраюцца і паглыбляюцца, — пастаянныя публікацыі навуковых артыкулаў беларускіх аўтараў, беларускай прозы і паэзіі на старонках часопісаў «Простор», «Керуен». Нядаўна выйшла ў свет падборка паэтычных і празаічных твораў Юліі Алейчанкі, Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Таццяны Сівец і Алеся Бадака на старонках альманаха «Literra NOVA». Рубрыку «Літаратурныя сувязі» адкрывае артыкул «Сучасны літаратурны працэс Беларусі».

Беларуская літаратура выклікае вялікую цікавасць у Казахстане. Так, калектыўная манаграфія нашага Інстытута «Мировой литературный процесс ХХI века» (Алматы, 2016) пачынаецца раздзелам «Беларуская літаратура» ад Алеся Карлюкевіча і аўтара гэтых радкоў.

Нагайскі паэт Анварбек Култаеў працуе над падрыхтоўкай кнігі перакладаў беларускай класічнай паэзіі. Нагайцы — старажытны цюркскі народ. Некалі ў Залатой Ардзе нагайцаў называлі «старэйшым братам». Зараз прадстаўнікі гэтай нацыі раскіданы па розных каўказскіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Найбольш нагайцаў — больш за 40 тысяч чалавек — пражывае ў Рэспубліцы Дагестан. Ёсць і асобны Нагайскі раён. На нагайскай мове выходзяць кнігі, часопісы, газеты. На старажытнай мове, пісьменнасць якой, праўда, распрацавалі толькі ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя, пішуць раманы, аповесці, апавяданні, вершы і паэмы. Сярод кагорты тых, хто і сёння ўрабляе мастацкую ніву гэтага народа, — Анварбек Култаеў. Сакратар Саюза пісьменнікаў Дагестана, старшыня секцыі нагайскай літаратуры творчага саюза. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Дагестан. Паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык.

— У мяне даўняя цікавасць да беларускай літаратуры, — дзеліцца сваімі развагамі нагайскі пісьменнік. — Таму і выспела задумка падрыхтаваць калектыўны зборнік, які б прадставіў шырокую панараму развіцця беларускай паэзіі. Яшчэ ў савецкі час я перакладаў вершы паэтаў многіх народаў Савецкага Саюза і пасля чытаў гэтыя пераўвасабленні па нагайскай праграме рэспубліканскага радыё. Вёў нават перадачу «Дружба народаў — дружба літаратур». Памятаю, што ў тыя гады пераклаў вершы Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова і іншых беларускіх мастакоў слова.

А вось у нас «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла чарговым выданнем зборнік Янкі Купалы «“А хто там ідзе?” на мовах свету». Сярод 100 перакладаў, на жаль, няма перакладу на нагайскую мову. Хаця прадстаўлены, лічы, усе іншыя мовы народаў Дагестана — аварская, агульская, ахвахская, даргінская, лакская, лезгінская, рутульская, табасаранская, цахурская...

Так, яшчэ не надрукаваны яго пераклад на нагайскую. Але я пераклаў ўжо легендарны верш «А хто там ідзе?». І ведаеце, такі пачын натхняе мяне і далей працаваць над падрыхтоўкай перакладаў беларускай паэзіі: шукаю тэксты, пераглядаю ранейшыя выданні беларускай паэтычнай класікі. Зараз напісаў верш, які прысвяціў народным паэтам Беларусі Янку Купалу і Петрусю Броўку, «Сябрам». «Няма нічога, / Сяброў даражэй — / Я гэтай дружбай / Ганаруся. / Бо наша дружба / Так падобная / На асляпляльны / Эльбрус! / Калі мне цяжка / Несупынна, / Шукаю сцяжыну / Да сэрцаў сяброў — / Вылечаць мне/ Ранейшыя раны / Удзелам сваім / У лёсе маім».

Анварбек Култаеў чытае падрадкоўнік верша, прысвечанага беларускім паэтам-класікам, расказвае, што некалі адкрыў Беларусь праз знаёмства з Хатынню. «Пасля паездкі ў Беларусь, сустрэчы з Хатынню, — расказвае нагайскі паэт, — я напісаў некалькі вершаў. Хачу, каб пачулі іх і ў Беларусі. А самае галоўнае — мару пра вартае прадстаўленне беларускай паэзіі, беларускага мастацкага свету нагайскаму чытачу на роднай мове. І веру, што адолею гэты клопат, спраўджу гэтую мару».

Застаецца дадаць, што пераклады паэтычных твораў нагайскага паэта пабачылі свет сёлета ў восьмым нумары часопіса «Маладосць», які цалкам прысвечаны мастацкаму перакладу.

 Балдадаш Ганбараў, намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення КАГА «Габустан» у Рэспубліцы Беларусь, кандыдат гістарычных навук:

— Міжнародны круглы стол падчас святкавання Дня беларускага пісьменства — гэта сустрэчы, якія вядуць да новых знаёмстваў і новых ідэй, што пашырае міжнародныя літаратурна-мастацкія магчымасці і нашу аўдыторыю. Беларускі і азербайджанскі народы — далёкія сваякі. Мабыць, таму ў нас закладзена імкненне адно да аднаго. За апошняе дзесяцігоддзе на беларускую і азербайджанскую мовы перакладзены больш за 30 літаратурна-мастацкіх кніг як для дарослых чытачоў, так і для дзяцей і падлеткаў.

Азербайджанцы па-сваяцку ставяцца да беларускага народа. На гэта паўздзейнічала не толькі гістарычная блізкасць, набытая за час, праведзены ў складзе адной дзяржавы — СССР, але і генетычная блізкасць у духоўным і культурным плане, а таксама па старажытных звычаях і абрадах. Чытачы нашай краіны шукаюць беларускія творы ў перакладзе на азербайджанскую мову, бо лічаць іх узорам літаратуры высокай якасці ад добрасумленных і працавітых людзей.

 Давіна Пасас, паэтэса, Эквадор:

— Відавочна, падобныя сустрэчы садзейнічаюць дыялогу культур. Але гэтага недастаткова. Патрабуецца большае далучэнне як для таго, каб пазнаёміць з літаратурай прымаючай краіны, так і для таго, каб даведацца пра літаратуру запрошаных краін. На такіх мерапрыемствах асаблівую ролю маюць літаратурныя перакладчыкі. Нягледзячы на развіццё тэхналогій ці глабалізацыю, яны заўсёды былі і будуць важнымі. Адважуся сказаць больш. Менавіта па прычыне глабалізацыі яны сталі важнымі, як ніколі. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі літаратуры з адной краіны ў іншую, з адной кропкі планеты ў другую. Дзякуючы ім, мы даведваемся, што пішацца ў Кітаі. Напрыклад, дзякуючы працы перакладчыкаў, у Эквадор дабярэцца беларуская літаратура, а ў Беларусь — эквадорская. Іншы раз круглыя сталы не маюць чаканага значэння і не атрымліваюць развіцця. Тым не менш неабходна адзначыць самы важны момант — сустрэча некалькіх культур, абмен уражаннямі, досведам, ідэямі, кнігамі. Гэта значыць, самым важным з’яўляюцца кантакты, абмеркаванні «да» і «пасля» круглага стала, успаміны пра сустрэчу, якія кожны ўдзельнік павязе ў сваю краіну і пра якія раскажа, напіша ці інтэгруе ў свае творы. Гэтага выніку трэба чакаць ад такіх сустрэч. Гэта важней за тое, што можа быць сказана падчас некалькіх хвілін афіцыйнага мерапрыемства: тое, што гаворыцца, застаецца словам, у лепшым выпадку будзе адлюстравана ў якім-небудзь відэа ці анталогіі. Але гэта не ў стане нешта змяніць. Поспех залежыць ад дзвюх істотных рэчаў: літаратурны ўзровень запрошаных гасцей (у меншай ступені) і здольнасць арганізацыі рэалізаваць прапановы, якія будуць зроблены падчас дыялогу.

Цікавасць заключаецца ў тым, каб падзяліцца ідэямі, адкрыць новыя культуры і новыя панарамы, легенды, народныя казкі, якія з’яўляюцца крыніцай для ўяўлення іншага аўтара. Не дарэмна вымысел — гэта неабходнасць ствараць выдуманы свет, заснаваны не на рэальнасці, але заўсёды створаны на асалодзе чытача. Кожная краіна — гэта другі свет. Калі мы гаворым пра кантыненты, літаратура значна відазмяняецца, але не перастае быць прывабнай (гаворка ідзе пра добрую літаратуру). Народнае ўяўленне вельмі багатае ва ўсіх краінах, але гэта больш за ўсё прыкмячаюць замежныя пісьменнікі, якія ўпершыню знаёмяцца з гэтым новым светам. Часам яны здзіўляюцца, іншы раз пужаюцца, але заўсёды дзівяцца, таму што дзеяч мастацтва — гэта той чалавек, які ўспрымае ўсё навакольнае і адлюстроўвае гэта ў сваім мастацтве. Падобны супольны вопыт, у ходзе набывання якога ёсць магчымасць падзяліцца ідэямі і пазнаёміцца з іншымі культурамі, бясспрэчна, узбагачае нас. З самага моманту сустрэчы, дзякуючы тэхналогіям і сацыяльным сеткам, прымаючая краіна аблятае ўвесь свет.

Марат Гаджыеў, куратар дагестанскага кніжнага кірмашу «Таркі-Тау»:

— Мне здаецца, тэрмін «сусветная культура» ўзнік не выпадкова. Гэта такі банк даных, накапляльнік. Калі падымаць інфармацыю, стагоддзе за стагоддзем, то шмат цікавага паўстане перад сучасным чалавекам. Нечакана адкрываюцца неспасцігнутыя культурныя сувязі паміж самымі аддаленымі народамі. І такія, што акурат пераглядаюць самую гістарычную навуку. У гэтым сэнсе сучасныя дыялогавыя фарматы дазваляюць толькі краем судакрануцца з іншым культурным асяроддзем, традыцыямі, вобразам думкі. Доўгія дзесяцігоддзі нашы народы жылі ў адной дзяржаўнай прасторы, і магчымасцей для сустрэч, сумеснай работы было ў разы больш. Мне і маім сучаснікам даводзіцца арыентавацца не толькі на геаграфічную аддаленасць, але і на палітычны вектар суседніх краін. Але трэба шанаваць нават маленькія крокі адно да аднаго. Гэтыя крокі, культурныя ініцыятывы павінны падтрымаць дзяржаўныя інстытуты ўлады, таму што ў самых тупіковых палітычных сітуацыях менавіта яны даюць на-дзею на мірнае суіснаванне дзвюх нават самых варожых краін. Нам можна толькі радавацца, калі на постсавецкай прасторы духоўныя сувязі не губляюць сваёй моцы. Пасля кожнай жывой сустрэчы ўзнікаюць творчыя сувязі, якія вельмі часта прыносяць цудоўныя вынікі. Маё жыццё звязана з творчасцю літаратараў усяго свету. Асноўны спосаб зносін, бясспрэчна, інтэрнэт. Але апошнія дзесяць гадоў самыя трывалыя сувязі с аўтарамі і літаратуразнаўцамі ўзнікалі ў выніку сустрэч на круглых сталах, канферэнцыях, у цесных зносінах. Толькі так ты пачынаеш адчуваць у поўнай ступені пульс літаратурнага і мастацкага жыцця.

Мне цяжка адказваць за неабдымную літаратуру Расіі. Бадай за ўвесь Дагестан не стаў бы адказваць. Адно ведаю дакладна: у дагестанскай літаратуры вялікая колькасць праблем. Глабальная праблема звязана з адукаванасцю аўтараў. Сучасныя дагестанскія аўтары часта саромеюцца сваёй «дагестанскасці». Акрамя таго, літаратура ў Дагестане расце па-за полем сапраўднай крытыкі, а значыць, там, дзе павінны вырастаць таленты, пладзяцца графаманы. Але нельга апускаць рукі, у нас ёсць выдатная магчымасць арыентавацца на ўзровень суседніх краін. Хаця межы ў гэтай справе не маюць значэння. За мінулы акадэмічны год нам удалося зрабіць цудоўную работу па перакладах дагестанскіх паэтаў (розных нацыянальнасцей). Па сутнасці, мы склалі невялікую анталогію паэзіі, уключыўшы ў яе паэтаў ХХ стагоддзя і тых, што жывуць сёння. Творы былі перададзены беларускім калегам і, магчыма, у хуткім часе будуць выдадзены. «Каўказскі дом перакладаў», які я ўзначальваю, дамовіўся з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб пачатку планамернай працы па перакладах беларускіх празаікаў на мовы Дагестана.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.