Вы тут

Якія віды ультрагукавога даследавання трэба рабіць рэгулярна


Ультрагукавое даследаванне, бадай, самы папулярны сёння дыягнастычны метад. Бяспечны, бязбольны і вельмі інфарматыўны. Сучасныя магчымасці ўльтрагуку непараўнальна вышэйшыя, чым раней. Калі яшчэ два дзесяцігоддзі таму УГД «умела» выяўляць камяні ў нырках, то зараз практычна не засталося хвароб, здольных схавацца ад чуйных хваль.

Дзякуючы сучаснай УГД-апаратуры паступова адыходзяць у мінулае некаторыя траўматычныя метады даследавання. Напрыклад, каб праверыць стан печані і нырак, сёння не трэба ўводзіць у артэрыі кантраснае рэчыва, цалкам дастаткова аднаго ўльтрагуку. Тым жа бяскроўным спосабам можна абследаваць лімфатычную сістэму, сэрца і сасуды. Якія віды УГД мы павінны рабіць рэгулярна і чаму яго ўсё роўна павінен прызначаць урач, а таксама рак якіх лакалізацый можна выявіць з дапамогай ультрагуку, расказаў загадчык кабінета ультрагукавой дыягностыкі 11-й гарадской паліклінікі горада Мінска Міхаіл Маёраў.


— З дапамогай УГД сёння можна абследаваць амаль увесь арганізм. Захворванні падстраўнікавай і шчытападобнай залоз, жоўцевага і мачавога пузыра, жоўцевых пратокаў, малочных залоз — ультрагук выяўляе практычна любыя парушэнні, замяняючы сабой многія віды рэнтгену і такім чынам дапамагаючы пазбегнуть промневай нагрузкі. Ёсць методыкі, якія дазваляюць абследаваць нават полыя органы — той жа страўнік, яго агляд выконваецца з напаўненнем, хоць у дадзеным выпадку больш інфарматыўная фібрагастрадуадэнаскапія, або страўнікавы зонд. Абследаваць ультрагукам можна і мяккія тканкі, і сасуды, і косную сістэму.

— Якія віды УГД патрабуюць спецыфічнай падрыхтоўкі?

— Найперш абследаванне органаў брушной поласці. За восем гадзін да працэдуры нельга ўжываць ежу, дзень-два трэба прытрымлівацца спецыяльнай дыеты, якая змяншае газаўтварэнне ў кішэчніку. Акрамя гэтага, могуць прымяняцца такія прэпараты, як эспумізан, фортранс, якія разбураюць газавыя пузыркі ў страўніку і кішэчніку, што спрыяе паляпшэнню бачнасці. Падрыхтоўка патрабуецца і перад УГД мачавога пузыра — за 30 хвілін да працэдуры трэба выпіць 1-1,5 літра вадкасці, бо пузыр павінен быць напоўнены, як і падчас абследавання нырак па пэўных методыках. Астатнія віды УГД не прадугледжваюць ніякай спецыфічнай падрыхтоўкі.

— УГД якіх органаў варта рабіць рэгулярна?

— Жанчынам — малочных залоз. Мужчынам — прастаты, але гэта ў дадатак да аналізаў, у прыватнасці крыві на ПСА. Таксама ўрач прызначае даследаванне для ўдакладнення дыягназу ці назірання за захворваннем. У прыватнасці, назірання патрабуюць хваробы печані — гепатыт ці цыроз, хранічны панкрэатыт, жоўцекамянёвая хвароба, хранічны піеланефрыт, пэўныя захворванні жаночай моча-палавой сістэмы, шчытападобнай залозы, атэрасклероз сасудаў ніжніх канечнасцяў, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, у прыватнасці кардыяміяпатыя. Калі хворы перанёс інфаркт, таксама з пэўнай перыядычнасцю прызначаецца УГД. Анколагі ў залежнасці ад стадыі захворвання накіроўваюць на абследаванне раз на тры, шэсць або дванаццаць месяцаў.

— Якія захворванні, у тым ліку рак якіх лакалізацый часцей за ўсё вызначаюць па УГД?

— Камяні ў нырках і жоўцевым пузыры, атэрасклерозы, трамбозы, востры панкрэатыт, некроз падстраўнікавай залозы, пэўныя вострыя паталогіі, нават запаленне апендыкса, новаўтварэнні жаночай палавой сферы. Што датычыцца анкалагічных хвароб, то выяўляюцца рак ныркі, яечнікаў, мачавога пузыра, мачаточніка, падстраўнікавай залозы, малочнай залозы, шчытападобнай залозы, праўда, для яго ўдакладнення варта рабіць біяпсію.

— Некаторыя лакалізацыі раку з названых вамі, у прыватнасці рак падстраўнікавай залозы самі анколагі называюць адным з тых, якія складана дыягнаставаць...

— Вопытны спецыяліст заўважыць гіпарэхагеннае ўтварэнне, што дае падставу западозрыць новаўтварэнне і накіраваць на камп'ютарную тамаграфію. Там дыягназ пацвярджаецца або не. У любым выпадку для ўдакладнення дыягназу пры падазрэнні на анкалогію мы накіроўваем пацыента на экспертнае УГД у сталічны кансультацыйна-дыягнастычны цэнтр, там больш дасканалае абсталяванне.

— УГД варта рабіць па прызначэнні ўрача або пры жаданні можна абследавацца самастойна?

— Канешне, пажадана, каб вас накіроўваў урач. Калі вырашылі абследавацца, спачатку трэба здаць лабараторныя аналізы, зрабіць электракардыяграму. Калі пацыент сябе добра адчувае, кардыяграма ў норме, навошта яму рабіць УГД сэрца? Тое ж датычыцца сасудаў канечнасцяў — калі няма болевых адчуванняў і варыкозу, няма патрэбы рабіць УГД вен.

— Тую ж шчытападобную залозу, якая не выклікае болевых адчуванняў, ці варта абследаваць?

— Таксама гэта вызначае лечачы ўрач, які падчас візуальнага абследавання робіць высновы. Праўда, тут можна памыліцца з-за асаблівасцяў шыі. Падчас пальпацыі здаецца, што шчытападобная залоза павялічана, УГД ж паказвае, што яна ў норме.

— Якія памылкі мы робім, прыходзячы на УГД?

— Ёсць пацыенты, якія праходзяць адно і тое ж абследаванне да чатырох разоў за год, абсалютна не маючы на тое патрэбы. Гэта надумлівыя людзі, якія пойдуць нават у іншую паліклініку, платны цэнтр, затым параўнаюць вынікі, знойдуць нейкую дробязь і будуць зацыклівацца на ёй. Тут лечачы ўрач павінен растлумачыць, што няма неабходнасці ў частым абследаванні без падстаў. Гэтаксама як і не трэба абследаваць, скажам, сасуды брахіяцэфальнай зоны (шыі), калі няма адпаведных скаргаў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дыягназ з хуткасцю гуку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».

Грамадства

Як працуюць сапёры?

Як працуюць сапёры?

Больш за ўсё «сюрпрызаў» з часоў Вялікай Айчыннай вайны было знойдзена ў Докшыцкім, Талачынскім, Асіповіцкім і Лагойскім раёнах.