Вы тут

Працоўныя канікулы? Місія выканальная!


— Ой, а што гэта тут праляцела ?!

— Гэта лета, яно часта тут пралятае...

(Жарт з сеціва.)

Што і казаць, яно ў нашых шыротах сапраўды кароткае. Асабліва — у абітурыентаў і студэнтаў... Тым не менш многія маладыя людзі скіравалі сваю энергію падчас канікул не толькі на адпачынак, але і ў іншае рэчышча — працавалі летам. Я распытала сваіх сяброў пра гэты іх сёлетні досвед.


Аляксандра Мяцельская, студэнтка ІІ курса прыборабудаўнічага факультэта БНТУ:

— Гэтым летам у Смалявічах, дзе жыву, якраз адкрываўся маладзёжны цэнтр, куды патрабаваўся персанал. Знаёмы прапанаваў вакансію афіцыянта, і я пайшла. Графік быў зменны. Часцей за ўсё шчыравала ў ноч на выхадныя, таму і адпачываць паспявала. Ды і на рабочым месцы было весела: калектыў цэнтра — малады, складаўся з творчых і цікавых людзей. Больш за тое, палова супрацоўнікаў — мае добрыя сябры ці знаёмыя, бо горад маленькі. Атмасфера была вельмі прыязнай і ўтульнай.

Праца афіцыянта прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з кліентамі. А яны — розныя. Хтосьці разумеў, што цэнтр адкрыўся зусім нядаўна і яшчэ не ўсё ідэальна адладжана. А нехта патрабаваў усяго і адразу. Маёй задачай у такім выпадку было без лішніх канфліктаў выканаць просьбы кліентаў, калі гэта было магчыма.

Дзякуючы гэтай працы я змагла аплаціць частку свайго адпачынку на моры.

Анастасія Кулеўская, студэнтка V курса факультэта замежных моў БрДУ імя А. С. Пушкіна:

— Я шукала месца не толькі на лета, але і, у перспектыве, на будучыню.
З такой умовай студэнту, на жаль, не проста ўладкавацца. Галоўная прычына, па якой адмаўляюць усе работадаўцы — адсутнасць вопыту. А таксама тая акалічнасць, што часцей за ўсё студэнтам неабходны гнуткі індывідуальны графік. Але я знайшла працу сакратара ў адной з прыватных кампаній Брэста, дзе ўсё супала: офіс каля ўніверсітэта, зручны графік, добры калектыў і, вядома, дастойная заработная плата. Гэта вялікая ўдача!

Магчымасць зарабляць і самастойна забяспечваць сябе для мяне ў прыярытэце, а адпачынак ужо на другім месцы.

Марыя Шановіч, навучэнка ІV курса аддзялення англійскай мовы Лінгвагуманітарнага каледжа (Мінск):

— Па накіраванні ад каледжа трапіла на практыку на месца важатай у летнік. Была ў ім адну змену, 21 дзень. Праца прыносіла задавальненне, склаліся цёплыя адносіны з калегамі, я выдатна ладзіла з іншымі важатымі. Мне, пачаткоўцу, яны часта дапамагалі парадай. А вось знайсці агульную мову з дзецьмі часам бывала складана. Асабліва калі тыя ўвогуле цяжка ўжываюцца ў калектыве. Але хапала і станоўчых момантаў, бо мне па душы арганізацыя дзіцячага (і не толькі) адпачынку, раскрыццё творчых здольнасцяў. Мы з хлопцамі і дзяўчатамі шмат спявалі, танцавалі, смяяліся. Нягледзячы на цяжкасці, я адчувала аддачу. А на заробленыя грошы змагла ненадоўга з'ездзіць да мора.

Дар'я Юхнік, студэнтка ІІІ курса лячэбнага факультэта БДМУ:

— Ужо не першы год на канікулах я падпрацоўваю ў сферы сваёй будучай дзейнасці. У гэтым годзе працавала ў рэгістратуры Смалявіцкай раённай паліклінікі.

Калегі да мяне ставіліся добра. Спачатку было цяжка арыентавацца сярод стэлажоў з вялікай колькасцю картак пацыентаў, але ўжо пасля першага тыдня я стала амаль на роўных працаваць з пастаяннымі работнікамі.

У працы рэгістратара ёсць свае цяжкасці. Напрыклад, пацыенты часта патрабавалі адказы на пытанні, якія не ўваходзяць у маю кампетэнцыю. З іншага боку, імкнучыся дапамагчы кожнаму, я не раз чула шчырыя словы падзякі і бачыла непадробленае здзіўленне майму імкненню якасна выконваць сваю працу.

Прызнаюся: стамлялася нават менш, чым падчас вучобы! Бо пасля працы не даводзілася нешта вучыць і рыхтавацца да заўтрашняга дня. І ў мяне заўсёды знаходзіўся час для прагулак і сустрэч з сябрамі.

Мікіта Лапкоўскі, студэнт ІІІ курса факультэта інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ:

— Ва ўніверсітэце я атрымліваю спецыяльнасць інжынера-меліяратара. Канешне, мне хацелася знайсці на лета працу менавіта па ёй. Але ж, зразумела, што ніхто не возьме на гэтую пасаду студэнта з няпоўнай адукацыяй. Таму я працаваў хоць і ў профільнай арганізацыі Брэста, але ж падсобным рабочым: пафарбаваць што-небудзь, перанесці, пакасіць траву... Для хлопца праца не цяжкая, складанасцяў не ўзнікала. А калі што-небудзь было незразумела, я заўсёды мог звярнуцца з пытаннямі да кіраўніцтва. Зазначу, што адносіліся да мяне добра. Увогуле, да студэнтаў ставяцца так, як тыя сябе пакажуць, па якасці іх працы. Намагаюцца нават «выпрабаваць» маладога чалавека, каб выявіць самыя лепшыя якасці і надалей даваць яму работу, з якой ён будзе спраўляцца найлепш.

Так у самы першы дзень «пратэсціравалі» і мяне, а я нават гэтага і не зразумеў спачатку. Прапанавалі напісаць сваё прозвішча, а почырк у мяне добры. Таму і далі запаўняць журналы і дарожныя лісты. Таксама рабіў на камп'ютары некаторыя дакументы.

Нават і не думаў спачатку, што так буду сумаваць па адпачынку: працаваць даводзілася з васьмі раніцы (а калі-нікалі і з сямі) і да сямнаццаці. І нават пасядзець-адпачыць не было калі. Але ж зарплата, вялікая для студэнта, мяне вельмі ўзрадавала.

...Што ж датычыцца асабіста мяне, то гэтае лета было вельмі насычаным і даволі цяжкім. Папрацаваць я нідзе не паспела, паколькі была не толькі выпускніцай каледжа, але і абітурыенткай. А ў выніку я магу радавацца таму, што стала студэнткай! Месяц, што застаўся пасля шматлікіх экзаменаў, я з задавальненнем і, што немалаважна, з чыстым сумленнем выкарыстала на адпачынак.

Віншую ўсіх студэнтаў першых курсаў з пачаткам новага найцікавейшага перыяду ў іх жыцці. І жадаю ім, і не толькі, цікавага і плённага навучальнага года.

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.