Слонім


Маляўнічыя мясціны. Аглядаеш горад, і ў розныя яго часткі міжволі хочацца ўпісаць муры замкаў. Можа, таму, што яны тут калісьці былі?.. І засталіся не толькі згадкі пра драўляны замак часоў сярэднявечча, які стаяў на беразе Шчары, там дзе цяпер цэнтр горада ці замак на левым беразе, які называлі Верхнім, а потым узнік яшчэ і Новы — варта прыглядзецца да ландшафту, і ўяўленне напоўніць яго вобразамі мінуўшчыны. Але не толькі ў прасторы жыве дух мінуўшчыны, у летапісах таксама захоўваецца тая частка жыцця, калі горад здабыў сабе славу заслоны ад ворагаў. Гісторыя захавала звесткі пра яго жыхароў, што бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Але тут усё ж больш любілі мірнае жыццё пад светлым небам, дзе лунаюць анёлы. Здаўна тут знаходзілася месца для ўсіх людзей, для прадстаўнікоў розных народаў, розных веравызнанняў: вернікі-хрысціяне ўсіх канфесій суіснавалі побач з мусульманамі і іўдзеямі. У Слоніме была справа для ўсіх: магдэбургскае права стварыла шырокія магчымасці для гандлю і зносін з іншымі гарадамі Еўропы.


Дбалі пра развіццё Слоніма гаспадары горада і кіраўнікі краіны. Напрыканцы XVI стагоддзя слонімскім старастам стаў Леў Сапега. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага не часта бываў у горадзе, але дбаў пра яго, ператварыўшы ў адзін са значных палітычных цэнтраў дзяржавы. Традыцыі гарадскіх добраўпарадкаванняў, відаць, ідуць з тых часоў: пашырана плошча памяшканняў архіва і бібліятэкі, быў перабудаваны гарадскі замак ды з’явіўся новы палац Сапегі, дзе некаторы час нават адбываліся генеральныя сеймікі ВКЛ з удзелам паслоў і сенатараў ваяводстваў ды вырашаліся іншыя дзяржаўныя пытанні. Для прыёму важных гасцей у горадзе будаваліся адмысловыя дамы, масціліся вуліцы, узводзіліся масты, з’яўляліся маляўнічыя сады. Сапега заснаваў у Слоніме першы ткацкі цэх. Гаспадарнік, ён сачыў за павевамі часу і разумеў, што дабрабыт — гэта найперш вялікая праца. Напэўна, нездарма па магдэбургскім праве пры Жыгімонце ІІІ Вазе Слонім атрымаў герб «Ліс»?.. У глыбінях часоў схаваны тыя падзеі, але памяць пра іх жыве, таму справядліва, каб у горадзе з’явіўся помнік Льву Сапегу.

Вось як уславілі тут яшчэ аднаго свайго знакамітага земляка і слонімскага старасту — Міхала Казіміра Агінскага. Мемарыяльная дошка на будынку па вуліцы Опернай нагадвае пра чалавека, які падтрымліваў высокі культурны і мастацкі дух. Нездарма слава пра яго сядзібу ў XVIII стагоддзі ішла па Еўропе. Чалавек з адкрытым розумам і наватарскім мысленнем у сваёй рэзідэнцыі заснаваў друкарню, стварыў музычную капэлу і шыкоўны тэатр, напоўнены рознымі тэхнічнымі вынаходствамі таго часу — плавучы тэатр і для нашага часу не вельмі простая для арганізацыі з’ява. А сцэна дома оперы дазваляла рэалізаваць самыя смелыя рэжысёрскія задумы. У Слоніме ў той час віравала высокаінтэлектуальнае жыццё: ставіліся оперы і балеты, шмат якія замежныя артысты лічылі за гонар тут выступаць. А яшчэ гучала музыка выдатных кампазітараў таго часу, у тым ліку і самога гаспадара Міхала Казіміра Агінскага. Дзядзька натхніў на заняткі прыгожым мастацтвам і Міхала Клеафаса — тут ён пачынаў вучыцца музыцы, у цудоўных Палескіх Афінах, так называлі Слонім пры старасце Агінскім. Ён вядомы і літаратурнымі творамі, што выдаваліся ў слонімскай друкарні. Быў аўтарам кнігі «Байкі і не байкі». Ад часоў Агінскага захаваўся ў горадзе хіба што будынак аўстэрыі, што звяртае да вытанчанай эпохі барока. Але захавалася і яго запаветная мара — звязаць Чорнае мора з Балтыйскім праз канал. Канал Агінскага — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім: можна любіць прыгожае, жыць мастацтвам і пры гэтым маштабна мысліць у інтарэсах дзяржавы.

Слонім — горад, якому цягам гісторыі ўдавалася гарманічна існаваць у розных кірунках: эканамічным, прамысловым, інтэлектуальным, мастацкім. І духоўным. Касцёлы і цэрквы, што захаваліся з былых часоў (як касцёл Святога Андрэя) ці былі пабудаваны параўнальна нядаўна, сведчаць пра тое, што асвечаная зямля напоўнена жыццёвай сілай. Ці, можа, Маці Божая, што ступала на Слонімшчыне, у мястэчку Жыровічы, апякуецца ёю дагэтуль?..

Праз год сюды прывядзе «Дарога да святыняў», натхніўшы новы Дзень беларускага пісьменства.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.