Вы тут

Інтэрактыўная выстава «Сусвет інтэрнэту» адкрылася ў Мінску


90 працэнтаў юных беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам, а 70 працэнтаў з іх заходзяць у сеціва штодня. Кіберпрастора стала неад’емнай часткай нашага жыцця. Але ці заўсёды  знаходжанне дзяцей у сусветным павуцінні з’яўляецца бяспечным як для іх саміх, так і для блізкіх ім людзей? Хто хаваецца па той бок экрана? Якімі інтарэсамі і мэтамі кіруецца? Інтэрактыўная выстава для школьнікаў “Сусвет інтэрнэту” прымушае падрастаючае пакаленне пра гэта задумацца…


Выстаўка адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта сумесны праект Міністэрства адукацыі, кампаніі МТС і дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ.

“Сусвет інтэрнэту” уяўляе сабой шэсць інтэрактыўных зон. Яны прысвечаны гісторыі інтэрнэту, правілам паводзін у сеціве,  бяспечнаму кантэнту і абароне асабістай інфармацыі. У гульнявой форме дзеці вандруюць ад планеты да планеты і вучацца карыстацца антывіруснымі праграмамі, генераваць надзейныя паролі, даведваюцца, як правільна кантактаваць у інтэрнэце, у тым ліку з незнаёмымі людзьмі, якую інфармацыю аб сабе можна пакідаць, а якую нельга размяшчаць у сацыяльных сетках.

  • Планета Канектыкус. Атмасфера — суперадкрытая і таварыская. Насельнікі —усе жыхары Галактыкі. Прызначэнне — устанавіць кантакт і абмяняцца інфармацыяй.
  • Планета Іксоід. Ніколі не ведаеш, што можа здарыцца. Насельнікі — монстры, якія прыкідваюцца сябрамі, і сябры, якія пераўтвараюцца ў монстраў. Мэта — адрозніць монстраў ад сяброў.
  • Планета Шыфраватар. Строга засакрэчаны аб’ект. Хто насельнікі, даведаешся, толькі калі патрапіш на яе. Мэта — падабраць і запомніць код доступу.

Напрыканцы  касмічнай вандроўкі дзяцей чакае кібертэст.

— Сёння віртуальная прастора становіцца ўсё больш “рэальнай”. Асабліва ярка гэта праяўляецца сярод дзяцей і падлеткаў, якія вольны час усё часцей праводзяць у інтэрнэце, і аддаюць перавагу не жывым стасункам, а абмену паведамленнямі ў сацыяльных сетках, — канстатуе дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі Павел ЛІС. — Ва ўмовах усёпранікальнага працэсу лічбавай трансфармацыі немагчыма і бессэнсоўна пастаянна кантраляваць паводзіны дзяцей у сеціве, але ў нашых сілах зрабіць іх знаходжанне ў інтэрнэце больш бяспечным з дапамогай ненавязлівых адукацыйных праектаў. Інтэрактыўная выстава “Сусвет інтэрнэту” дазваляе данесці да хлопцаў і дзяўчат базавыя прынцыпы бяспечных паводзінаў у інтэрнэце ў цікавай і даступнай гульнявой форме.

— МТС — кампанія, дружалюбная дзецям. Выстава “Сусвет інтэрнэту” — гэта працяг праекта “Дзеці ў інтэрнэце”, які мы рэалізуем ужо больш за пяць гадоў. Для нас тэма бяспечнага інтэрнэту для дзяцей — стратэгічна важная, — падкрэслівае генеральны дырэктар МТС Уладзімір КАРПОВІЧ. — Гэта яшчэ адно пацверджанне прыхільнасці нашым каштоўнасцям і памкненням — мы хочам, каб сучасны свет інавацый і тэхналогій быў даступным, але, самае галоўнае, бяспечным для школьнікаў і моладзі. Дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам адукацыі і ЮНІСЕФ мы будзем імкнуцца дапамагаць дзецям выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі граматна і з карысцю, умацоўваць веды маладога пакалення ў галіне кібербяспекі, працаваць з тэмай кібербулінга, вучыць сеткаваму этыкету. Упэўнены, што аб'яднаўшы нашы намаганні, мы зможам зрабіць сучасны свет больш бяспечным для нашых дзяцей.

“Як паказала апошняе даследаванне ЮНІСЕФ, у Беларусі часцей за ўсё з булінгам у інтэрнэце сутыкаюцца падлеткі 13-17 гадоў. Інтэрактыўная выстава, якую мы запускаем, дапаможа ім разабрацца ў тым, як правільна паводзіць сябе ў той ці іншай складанай сітуацыі, і будзе садзейнічаць зніжэнню ўзроўню кібергвалту. Я б хацеў падзякаваць нашым партнёрам з МТС і Міністэрства адукацыі за прадуктыўную сумесную працу, бо менавіта такое дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў інтарэсах дзяцей дапаможа ўнесці эфектыўны ўклад у дасягненне агульнасусветных Мэтаў ўстойлівага развіцця”, — падкрэсліў прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН ЮНІСЕФ у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар.

Арганізатары збіраюцца ў рамках выставы правесці апытанне дзяцей на тэму кібербулінгу. Атрыманыя дадзеныя дапамогуць ацаніць сітуацыю, а ў будучыні стануць падмуркам для розных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне бяспекі дзяцей у кіберпрасторы.

Наведаць выставу “Сусвет інтэрнэту” у Нацыянальнай бібліятэцы бясплатна змогуць усе жадаючыя: дзеці, бацькі і педагогі. Для гэтага трэба зарэгістравацца на сайце праекта. Рэгістрацыя адкрыецца 10 верасня.  Арыенціровачны час правядзення інтэрактыўнай экскурсіі складае адну гадзіну. Дакладна вядома, што выстава будзе працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы да канца кастрычніка, але час яе работы можа быць прадоўжаны.  Усё будзе залежыць ад таго, наколькі праект будзе цікавы дзецям, бацькам педагогам і грамадскасці. Затым яна адправіцца ў абласныя цэнтры Беларусі. Мяркуецца, што за 2019 год выстаўка “Сусвет інтэрнэту” наведае ўсе абласныя цэнтры краіны.

Гісторыя праекта:

Інтэрактыўная выстава “Сусвет інтэрнэту” працягвае праект “Дзеці ў інтэрнэце”, які кампанія МТС рэалізуе ў рамках пагаднення з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы ГІАЦ Мінадукацыі. За час праекта бяспечным паводзінам у Сеціве навучана больш за 8 500 школьнікаў. Урокі прайшлі ва ўсіх абласцях краіны і шматлікіх раённых цэнтрах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Касмічная вандроўка па...інтэрнэце

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.