Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію


Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. Вырашыць іх можна з дапамогай замяшчальнай гарманальнай тэрапіі (ЗГТ). Яна аднаўляе дэфіцыт палавых гармонаў, якія з узростам перастае выпрацоўваць арганізм, і захоўвае прыгажосць і здароўе. Праўда, у нас да яе ставяцца часам з вялікай бояззю, у той час як у Еўропе глядзяць як на панацэю, якая лечыць абсалютна ўсё. Які падыход правільны, мы разбіраліся з акушэрам-гінеколагам 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска Аляксандрай БУРГУТАЙ.


— Аляксандра Дзмітрыеўна, як на здароўе жанчыны ўплывае наступленне перыяду менапаўзы? Магчыма, яго негатыўных праяў можна пазбегнуць і без таблетак, калі займацца спортам, наведваць басейн?

— У кожнай жанчыны гэты перыяд працякае вельмі індывідуальна і спрагназаваць яго складана. Вялікую ролю адыгрывае генетычны фактар — як адчувала сябе бабуля, маці, старэйшая сястра. Мае значэнне таксама наяўнасць у жанчыны пэўных захворванняў, не звязаных з мочапалавой сістэмай. Адназначна ўзмацняе цячэнне клімаксу артэрыяльная гіпертэнзія, атлусценне, парушэнне работы шчытападобнай залозы, у прыватнасці гіпатэрыёз, цукровы дыябет. На жаль, шмат жанчын ужо маюць такія хваробы падчас наступлення менапаўзы. Але здараецца, што і здаровая жанчына, якая займаецца спортам, мае ідэальную вагу, таксама моцна пакутуе ад праяў клімаксу.

— Што адчувае ў гэты час жанчына?

— Сімптомы клімаксу прынята падзяляць на дзве групы: раннія і аддаленыя. Раннія — гэта найперш гарачыя прылівы, калі жанчына раптам адчувае, што ўнутры адбываецца быццам бы выбух, у яе чырванеюць твар і шыя, павышаецца тэмпература цела, але на працягу хвіліны ўсё праходзіць. Па колькасці прыліваў і вызначаюцца ступені цяжкасці: менш за 10 разоў у суткі — лёгкая ступень, а калі больш за 25 — гэта цяжкая ступень працякання клімактэрычнага сіндрому. Дадаткова з ранніх сімптомаў можна вылучыць нервознасць, парушэнні памяці, сну, перапады настрою. Што датычыцца аддаленых сімптомаў, то не ўсе жанчыны пра іх ведаюць. Адным з іх з'яўляюцца урагенітальныя расстройствы — жанчыны пакутуюць ад праяў сухасці ў похве, дыскамфорту і балючасці падчас палавога акту, адсутнасці лібіда і жадання палавых зносін. Таксама можа з'явіцца праблема з мочаспусканнем і мочааддзяленнем — напрыклад, падцяканне мачы, міжвольнае мочаспусканне, што жанчыны часам звязваюць з узростам, аднак гэта памылковы погляд, бо так сябе праяўляе дэфіцыт эстрагенаў. Другім значным аддаленым сімптомам з'яўляецца астэапароз — разрэджванне коснай тканкі, асабліва ў тых жанчын, у якіх такія парушэнні былі раней, — пацыенткі назіраліся з астэапеніяй, меліся парушэнні абмену кальцыю і іншыя. Гэты сімптом праяўляецца даволі ярка, і, акрамя боляў у пазваночніку, касцях, здараюцца паталагічныя пераломы ў выніку нязначнага траўміравання — кампрэсійны пералом пазваночніка і шыйкі сцягна. З гэтым пацыенткі сутыкаюцца пасля 70, а часам нават і раней.

Таксама лічыцца, што ў жанчыны, якая мае пэўныя праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай, у перыяд менапаўзы, як асноўны, так і аддалены, можа назірацца пагаршэнне: адбываецца павышэнне артэрыяльнага ціску, некантралюемыя гіпертанічныя крызы, узмацненне ішэмічнай хваробы сэрца. Гэта, бадай, асноўныя дастаткова значныя групы захворванняў, якія так ці інакш маюць сувязь з наступленнем менапаўзы.

— У гэты перыяд жанчына з-за недахопу гармонаў набывае лішнюю вагу, скура страчвае пругкасць, павышаецца раздражнёнасць і плаксівасць — многіх такія змены палохаюць. Замяшчальная гарманальная тэрапія выглядае як выратаванне...

— На самай справе ЗГТ можа аблегчыць і зняць шэраг сімптомаў пералічаных мной хвароб. Істотна ж, што далёка не ўсім яна паказана. Калі клімакс наступае своечасова — у прамежак ад 50 да 55 гадоў, калі жанчына не мае на гэты момант цяжкага астэапарозу, сур'ёзных сардэчна-сасудзістых захворванняў, нармальна сябе адчувае, то лячэнне не паказана. Калі ж мы маем справу з цяжкім клімаксам — 25—30 прыліваў у суткі, пацыентка не можа нармальна ні працаваць, ні кантактаваць у сям'і, калі па выніках дэнсітаметрыі назіраецца значнае пагаршэнне астэапарозу, то адназначна пры адсутнасці супрацьпаказанняў неабходна ЗГТ.

— Самастойна жанчына можа прымаць гарманальныя прэпараты? Ці гэтага ўсё ж лепш не рабіць?

— У нас немагчыма самому сабе прызначыць гарманальную тэрапію, бо гэта рэцэптурныя прэпараты. Але на вялікі жаль, існуюць выпадкі, калі жанчына па парадзе сяброўкі ці калегі ў суседніх краінах нейкім чынам набывае гарманальны прэпарат. Вельмі важна, каб пацыентка, якой плануецца прызначэнне ЗГТ, была абследавана, і ўрач цалкам выключыў супрацьпаказанні. Да іх адносіцца найперш гармоназалежныя пухліны жаночых палавых органаў і малочнай залозы, як правіла, злаякасныя, якія былі пацверджаны гісталагічна. Нават калі яны пралечаны. Напрыклад, 15 гадоў таму жанчына перанесла рак малочнай залозы ці рак цела маткі. Нягледзячы на тое, што сёння яна адчувае сябе добра, усё роўна гэта супрацьпаказанне да прызначэння замяшчальнай гарманальнай тэрапіі, бо гэта гармоназалежны рак. Другая група — недаабследаваныя жанчыны. Напрыклад, у пацыенткі маецца кровацячэнне няяснага паходжання. Магчыма, гэта проста збой у цыкле, а верагодна, і перадумовы да раку эндаметрыя. Яшчэ адна група — жанчыны з захворваннямі печані (пячоначнай недастатковасцю, пухлінамі печані). Да групы рызыкі адносяцца і жанчыны, якія маюць у анамнезе трамбозы або схільныя да іх. Гэта выяўленыя генетычныя анамаліі сістэмы згусальнасці крыві, антыфасфаліпідны сіндром, эпізоды трамбозаў у анамнезе. Сюды можна адносіць і некаторыя парушэнні мазгавога кровазвароту, інсульты, звязаныя з трамбозамі галаўнога мозга. Эстрагены, якія паступаюць звонку, могуць павышаць рызыку трамбозаў.

— Як доўга можна прымаць замяшчальную гарманальную тэрапію?

— Найперш значэнне мае ўзрост жанчыны. Калі менапаўза наступіла задоўга да 50 гадоў, скажам, у 40, то такая жанчына адэкватныя дозы замяшчальнай гарманальнай тэрапіі мусіць прымаць прынамсі да ўзросту натуральнага наступлення менапаўзы — да 50. Калі жанчына пачынала прымаць гарманальныя прэпараты пасля 50, то тут падыход індывідуальны. Вельмі важна падабраць правільную, мінімальна эфектыўную дозу, і такой яна застаецца ў сярэднім 3—5 гадоў. Усе сусветныя даследаванні сведчаць, што прыём ЗГТ бяспечны і не выклікае ніякіх пабочных эфектаў, у прыватнасці рызыкі раку малочнай залозы і жаночых палавых органаў. Але размова ідзе аб прыёме не больш 10 гадоў, бо даўжэй даследаванні не праводзіліся. Магчыма, і на дзявяты, далей ЗГТ таксама бяспечная, але навукова пацверджаных даных пакуль няма. Як правіла, на перыяд у 5—8 гадоў ЗГТ і прызначаецца. Прэпаратаў на рынку зараз вялікая колькасць і карэгіраваць дозу не складана. Доза, дарэчы, паступова паніжаецца, але не рэзка, каб не ўзнікала сіндрому адмены.

У нас існуе пэўная праблема гармонафобіі. Прычым яна мае месца не толькі сярод пацыентак, але і сярод урачоў: «Вам 60 гадоў, навошта вам гармоны, іх трэба адмяняць!» А вось гінеколагі-эндакрынолагі заўсёды прыводзяць у прыклад каралеву Вялікабрытаніі Елізавету ІІ, якая, нягледзячы на паважаны ўзрост, працягвае прымаць ЗГТ, каб захоўваць прывабны знешні выгляд, памяць і яснасць розуму. Па вялікім рахунку, жанчына таксама павінна браць на сябе адказнасць за пачатак і заканчэнне прыёму ЗГТ. Калі яна, нягледзячы на ўзрост, хоча працягваць прымаць гарманальныя прэпараты, трэба абмяркоўваць гэта з лечачым урачом. Ён ацэньвае ўзровень карыснасці і рызыкі, і калі падчас абследавання не выяўлена ніякіх супрацьпаказанняў, чаму б не працягваць?

— Якія абследаванні павінна праходзіць жанчына, якая атрымлівае замяшчальную гарманальную тэрапію?

— Важна разумець, што гарманальная тэрапія — не вітаміны. Калі вы пачалі яе прымаць, рабіце гэта пастаянна, без самастойных перапынкаў, адмен ці замен. Неабходна пільна прытрымлівацца той лініі, што прызначана ўрачом. Ёсць комплекс штогадовага абследавання, якое важна праходзіць на фоне прыёму ЗГТ. Гэта абследаванне малочных залоз — агляд урача і інструментальныя метады пры неабходнасці: ультрагукавая дыягностыка (УГД) ці мамаграфія. Абследаванне малога таза: мазок на анкацыталогію і УГД, якая дазваляе ацаніць стан яечнікаў і слізістай поласці маткі, бо яны могуць рэагаваць на прыём гармонаў новаўтварэннямі. Акрамя гэтага, раз на год рэкамендуецца здаваць агульны аналіз крыві і біяхімічны аналіз з пячоначнымі паказчыкамі, а таксама аналіз крыві на згусальнасць. Калі ў жанчыны ёсць варыкознае расшырэнне вен, то пажадана паказвацца хірургу і пры неабходнасці рабіць УГД вен ніжніх канечнасцяў. Не вельмі складаныя штогадовыя абследаванні, і варта іх праходзіць абавязкова.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Гармон і Я

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.