Вы тут

Другі дом для калектыву*


Або Чаму з ЛЭМТа не бягуць людзі, а трапляюць сюды на работу найлепшыя з найлепшых

Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА» створаны ў 1992 годзе шляхам рэарганізацыі аднаго з падраздзяленняў БелОМА — Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання. Сёння гэта перадавое прадпрыемства, якое валодае прафесійным кадравым патэнцыялам, некалькімі канструктарскімі падраздзяленнямі, серыйнай і доследнай вытворчасцямі. НТЦ «ЛЭМТ» (лазеры ў экалогіі, медыцыне, тэхналогіі) спецыялізуецца на выпуску навукаёмістых высокатэхналагічных лазерна-аптычных, оптыка-механічных, оптыка-электронных прыбораў, вырабаў, вузлоў і лазерных сістэм для прамысловасці, медыцыны, будаўніцтва і ваеннай галіны. З дня заснавання прадпрыемства ў 1992 годзе ім кіруе доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Шкадарэвіч. На чале з таленавітым вучоным, здольным кіраўніком з кожным годам ЛЭМТ набірае абароты, укараняе ў вытворчасць новыя распрацоўкі і тэхналогіі.


Валодаць інфармацыяй — валодаць светам

На прадпрыемстве створана новая структура — падраздзяленне інфармацыйных тэхналогій. Гэта своеасаблівы мазгавы цэнтр, дзе сабраны таленавітыя распрацоўшчыкі. Тут нараджаюцца ідэі, якія ператвараюцца ў новыя віды прадукцыі. Гэта складаная разумовая праца, якой займаюцца прафесіяналы высокага класа.

— Мая работа пачыналася з шэрагу праектаў і пэўных праблем. На прадпрыемстве не ведалі, як іх вырашыць. Яны былі звязаныя з айці-тэхналогіямі. Ставілася задача аб'яднаць тую школу, што ёсць у оптыцы і электроніцы, з сучаснымі дасягненнямі ў гэтых сферах. Усё гэта дазволіла зрабіць прадукцыю, што выпускаем, канкурэнтаздольнай, — кажа намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях Станіслаў Рудзікаў.

Дырэктар «НТЦ «ЛЭМТ» БелОМА» Аляксей Шкадарэвіч.

Першы праект, які пачынала падраздзяленне, — распрацоўка прыцэльнай сістэмы для мабільнага комплексу спецыяльнага прызначэння. Комплекс устаноўлены на спецыяльнае рухомае шасі, навядзенне ажыццяўляецца з дапамогай дыстанцыйна-кіруючага блока, які можа быць аддалены на 300 метраў ад пускавой устаноўкі.

— Вельмі важная тэма, звязаная са зборам інфармацыі. Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам, — упэўнены Станіслаў Ігаравіч. — Уласна кажучы, усе прыборы, што мы распрацоўваем, — гэта сістэмы збору інфармацыі. Напрыклад, для нашых ваенных распрацавалі камбінаваны прыбор назірання разведчыка з шырокім спектрам функцый. Гэтая разумная тэхніка можа вызначаць каардынаты цэлі, захоўваць і перадаваць звесткі на камандныя цэнтры і партатыўныя камп'ютары. Мы стараемся быць на вастрыі навукі, карыстацца ўсім, што сёння даюць сучасныя тэхналогіі. Аб'ядноўваем тэхніку і навуковыя веды ў адно цэлае, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. Але сёння недастаткова валодаць тэхналогіямі. Для іх прымянення неабходныя пэўная філасофія мыслення ў людзей, новае мысленне. Растлумачу. Прыходзім на работу з дакладным разуменнем: што ты робіш і для чаго гэта трэба. Акрамя таго, грошы не заўсёды з'яўляюцца стымулам для творчага пошуку. Маладым спецыялістам цікава ўжо тое, што яны ўдзельнічаюць у праектах, якія нейкім чынам мяняюць свет. Такога прыбора раней не існавала, пакуль ты не сеў за сваё рабочае месца, не аб'яднаў групу людзей і не растлумачыў, што трэба рабіць. Мы стараемся так уладкоўваць рабочыя месцы, каб было прыемна працаваць. Мы не прымушаем чалавека працаваць, яму гэта самому цікава. Уласна кажучы, у гэтым заключаецца наша філасофія.

Намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях Станіслаў Рудзікаў дэманструе прыцэльную сістэму для мабільнага комплексу спецыяльнага прызначэння.

— А больш канкрэтна аб інфармацыйных тэхналогіях? — звяртаюся да свайго суразмоўніка.

— Інфармацыйныя тэхналогіі — гэта тое, што мы выкарыстоўваем. Напрыклад, ёсць сучасныя працэсары, якія маюць шэраг пераваг па сваіх характарыстыках: нязначнае электрасілкаванне дазваляе працаваць больш працяглы час. Перавага іх у малых габарытах, высокай прадукцыйнасці, — канстатуе Станіслаў Рудзікаў. — Шмат новых тэхналогій, для якіх патрэбны спецыфічныя веды, навыкі, вопыт, неабходна ведаць матэматыку, тонкасці праграмавання, устройства электронікі, працэсараў. Уласна, гэта тое, чым займаемся.

У першую чаргу задача распрацоўшчыкаў — укараняць на прадпрыемстве новае, тое, чаго раней не было. Бачаць, што ў сучасным свеце з'явілася нейкая новая тэхналогія, бяруцца за яе ў прымяненні да оптыкі. Напрыклад, займаюцца цеплавізарамі — прыборамі, якія могуць бачыць ноччу. Ёсць цеплавізары ахаладжальныя, дзе ўстройства падтрымлівае пэўную тэмпературу сэнсара для таго, каб ён мог працаваць. Гэты прыбор валодае вялізнай адчувальнасцю, можа «бачыць» далёка і ў начны час.

Ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, ёсць праблема выяўлення беспілотных лятальных апаратаў. Квадракоптары танныя, і набыць іх могуць многія. І дзе гарантыя, што хтосьці не здзейсніць супрацьпраўнае дзеянне? Распрацоўшчыкі ЛЭМТа паставілі за мэту і зрабілі комплекс па выяўленні і суправаджэнні беспілотнікаў «Зоркі». Ён здольны візуальна вызначыць у небе нават самы маленькі дрон на вялікай адлегласці. Комплекс прызначаны і для адсочвання наземных аб'ектаў: ваеннай тэхнікі і людзей.

Вядучы інжынер-даследчык Аляксей Шынкевіч правярае на аптычнай лаве прыцэл.

— Гэта наша ноу-хау, такія комплексы выпускае толькі некалькі краін свету. Сучасныя тэхналогіі ўплываюць на выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, даюць людзям работу і магчымасць зарабіць. Інакш кажучы, наша праграма забеспячэння інфармацыйных тэхналогій загружае вытворчасць, — кажа намеснік дырэктара.

— Адсочваеце сучасныя тэхналогіі па ўсім свеце і яшчэ нешта сваё прыўносіце?

— Так, адаптуем іх пад нейкія новыя задачы або ўносім нешта сваё.

— Гэта цяжка?

— Работа распрацоўшчыка адна з самых цікавых і, мабыць, самых цяжкіх, — прызнаўся Станіслаў Рудзікаў. — Ён ідзе па нязведаных сцежках. Перад ім стаіць задача, якую яшчэ ніхто не рашаў. Трэба, па-першае, спланаваць сваю работу па тэрмінах, у якія ён укладзецца. Таксама неабходна яшчэ гарантаваць, што гэта запрацуе, будзе вынік, таму што ў гэта ўкладваюць грошы і ён за ўсё нясе адказнасць. Бывае, што нешта пойдзе па іншым шляху. Таму кожны дзень адчуваеш пэўны стрэс.

Як адпачнеш, так і папрацуеш

Слесары механазборачных работ шостага разраду Валерый Алефірэнка і Аляксандр Раманоўскі правяраюць цеплавізійны аптычны выраб.

Вядома, што ў работнікаў і спецыялістаў такога сур'ёзнага прадпрыемства напружаныя будні, якія патрабуюць разумовых і фізічных высілкаў, нестандартнага мыслення. Таму тут добра разумеюць, што людзі павінны адпачываць, каб набрацца сіл для новых праектаў, стварэння новых відаў прадукцыі. Вялікую ўвагу ўдзяляюць спартыўнаму, культурнаму адпачынку, ладзяць шмат цікавых мерапрыемстваў з выездам на прыроду, розных забаўляльных конкурсаў. І, вядома, найлепшы адпачынак — гэта спорт, які падымае настрой, стварае азарт, пачуццё сяброўскага локця і мацуе камандны дух, узаемавыручку.

— У нас спартыўнаму жыццю — асаблівая ўвага. Ладзіцца шмат гульняў, спаборніцтваў, — расказвае старшыня прафсаюзнага камітэта Жанна Аксёнчык. — Круглы год яны праходзяць як ў межах БелОМА, так і ў межах нашага прадпрыемства па розных відах спорту і на даволі высокім прафесійным узроўні. З задавальненнем нашы работнікі ўдзельнічаюць у летніх спартакіядах і турыстычным злёце. Ахвотных шмат, з кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца, канкурэнцыя ўзрастае, каманды растуць. У нас з'яўляюцца новыя маладыя арганізатары па фізкультуры. У іх свой свежы, прафесійны погляд на арганізацыю масавай фізкультурнай і спартыўнай работы. Яны ўносяць свае прапановы па яе паляпшэнні, прыцягненні найбольшай колькасці ўдзельнікаў. Ужо некалькі гадоў наша каманда трымае першае месца сярод камандаў холдынга па валейболе.

Міхаіл Туравец, рэгуліроўшчык пятага разраду:

— У свой час я прайшоў завод «Інтэграл», розныя фірмы. І мне ёсць з чым параўноўваць наша прадпрыемства. Яго ўзровень дастаткова высокі, вышэйшы за сярэднія заходнія ўзоры. На маю думку, не так і многа ў нас прадпрыемстваў, якія маюць добрых кіраўнікоў. І дастойных людзей, якія стараюцца нешта рабіць, нават калі ёсць нейкае супрацьдзеянне. Гэта дарагога каштуе.

Чалавеку здаўна ўласцівы цяга да падарожжаў, жаданне спазнаваць новае, нязведанае, адкрываць для сябе новыя мясціны. У ЛЭМТ арганізуецца шмат паездак, экскурсій па лініі адміністрацыі, за прафсаюзныя сродкі. Работнікі прадпрыемства аб'ездзілі практычна ўсе гарады і славутыя мясціны Беларусі, мала месцаў засталося, дзе б яны не пабывалі. Адна справа паглядзець славутасці самім, зусім іншая — калі пра ўсё раскажа прафесіянал. Таму без экскурсавода не абыходзіцца ні адна паездка. Такія вандроўкі па родным краі дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй таго ці іншага населенага пункта, яго асаблівасцямі, архітэктурай, знакамітымі ўраджэнцамі. А гэта ў сваю чаргу выклікае пачуццё патрыятызму і гонару за сваю Радзіму. Апошнім часам на прадпрыемстве ладзяцца і замежныя паездкі ў краіны Еўропы, СНД. Такія сумесныя вандроўкі аб'ядноўваюць калектыў, даюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца, пасябраваць. А значыць, і па рабоце, калі неабходная парада, дапамога, можна звярнуцца да новых знаёмых.

Работнікі прадпрыемства ўдзельнічаюць у конкурсе будаўніцтва моста.

— Мы бяром у паездкі ўсіх, хто хоча, не было выпадку, каб камусьці адмовілі. Неабходны большы аўтобус — будзе, трэба вагон — заказваем, — кажа Жанна Мікалаеўна. — Хто жадае — бярэ сваякоў, сяброў, адпаведна, для іх кошт паездкі большы. Для сваіх жа работнікаў вельмі выгадная цана.

Вядома, пасля такіх падарожжаў у людзей павышаецца эмацыянальны настрой, яны дзеляцца новымі ўражаннямі, звесткамі з роднымі, блізкімі. І вядома, уплываюць на добры працоўны настрой.

Уладзімір Сафонаў, інжынер-даследчык другой катэгорыі:

— Можна сказаць, прадпрыемства для мяне, думаю, і для ўсіх маіх калег, — гэта другі дом, дзе праводзім дастаткова шмат часу. Трымаюць мяне тут цудоўны калектыў, цікавая работа, дастойная зарплата.

Аператар станкоў ПУ трэцяга разраду Уладзімір Першын.

— У нас калектыў — адна вялікая дружная сям'я. Мы імкнёмся ўнікаць у жыццё кожнага работніка. Жыццё ёсць жыццё, і ў ім здараюцца непрадбачаныя сітуацыі ў сям'і, быце. Мы нікому не адмовілі ні ў маральнай, ні ў матэрыяльнай падтрымцы. Калі прафсаюз не спраўляецца сам, на дапамогу прыходзіць адміністрацыя, — адзначае Жанна Аксёнчык. — Сацыяльны пакет адпаведна калектыўнаму дагавору таксама даволі значны. — У прыватнасці, дапамагаем усім без выключэння работнікам сабраць у школу першакласнікаў. Гэтых грошай хапае, каб напоўніць самым неабходным школьны партфель. Шматдзетным і няпоўным сем'ям штогод выдзяляем для падрыхтоўкі да школы дапамогу на кожнае дзіця. Мы таксама віншуем нашых юбіляраў, уручаем прыгожы букет, падарунак. Здавалася б, дробязь, а чалавеку прыемна. Ладзім навагоднія ранішнікі для дзяцей, з Дзедам Марозам і Снягуркай, уручаем ім салодкія падарункі.

Не забываюць на прадпрыемстве і тых, хто аддаў яму найлепшыя гады, а цяпер на пенсіі. Іх віншуюць на Дзень пажылых людзей, аказваюць матэрыяльную дапамогу. Яны застаюцца «прыпісанымі» да заводскай медсанчасці, куды могуць звярнуцца ў любы час для медыцынскага абследавання, скарыстацца любымі медыцынскімі паслугамі. Установа аховы здароўя аснашчана ўсім неабходным сучасным абсталяваннем, тут працуюць кваліфікаваныя спецыялісты. Ды і ў цяперашніх работнікаў не баліць галава, дзе можна хутка атрымаць якасную медыцынскую дапамогу, прайсці камісію, — усё тут, побач, на месцы.

Галіна Радзько, вядучы канструктар:

— Працую на прадпрыемстве з 1995 года. Ніколі не задумвалася аб тым, каб пайсці адсюль: трымае мяне тут цікавая работа, дружны калектыў. З моманту заснавання ЛЭМТ стаў адным з найлепшых, перадавым, вядучым у краіне. Шмат чаго тут змаглі стварыць новага. Не ўсюды так клапоцяцца аб сваіх работніках, не ўсюды такія сацыяльная абарона, актыўная прафсаюзная арганізацыя, арганізацыя БРСМ.

У нас вельмі таленавіты дырэктар, граматны кіраўнік. Такога трэба пашукаць! Аляксей Пятровіч вельмі добра адносіцца да людзей, заўсёды ўваходзіць у іх становішча. Усё, што звязана з ЛЭМТам, — гэта цалкам заслуга нашага кіраўніцтва. Усе задаволеныя зарплатай. Адсюль людзі не бягуць, а, наадварот, ахвотных трапіць на наша прадпрыемства шмат.

На ЛЭМТ прыходзіць шмат маладых спецыялістаў. Вядома, для таго каб ад работніка была аддача на рабочым месцы, яму павінны быць створаны бытавыя, жыллёвыя ўмовы. Які ж з чалавека работнік, калі ён не ведае, дзе яму пераначаваць, прытуліць галаву. На прадпрыемстве з такімі праблемамі навічкі не сустракаюцца. Халасцякам і незамужнім выдзяляюць месца ў камфартабельным інтэрнаце, а сем'і атрымліваюць цэлы пакой. Калі камусьці не хапіла месца, яму кампенсуюць аплату арэнды жылля, пакуль не вызваліцца месца ў інтэрнаце. Акрамя таго, завод Вавілава пабудаваў жылы дом, у якім атрымаюць кватэры і работнікі ЛЭМТа.

Таццяна Шарко, слесар механазборачных работ:

— Працую на заводзе амаль 38 гадоў, а ў ЛЭМТ — 22 гады. Мяне задавальняе ўсё: калектыў, стабільная зарплата. У нас апошнім часам набралі шмат маладых спецыялістаў. Нягледзячы на тое, што я старэйшая за іх, з імі лёгка і прыемна працаваць.

— Адміністрацыя клапоціцца аб тым, каб для работнікаў былі ідэальныя ўмовы працы. Закупляе сучаснае абсталяванне, пастаянна ўкараняюцца новыя тэхналогіі, прыборы, ва ўсіх памяшканнях кандыцыянеры, новая мэбля, камп'ютары, у цэхах — новыя станкі. Аптычная вымяральная лабараторыя аснашчана па апошнім слове тэхнікі. Сочым за навінкамі і ўкараняем усё перадавое. Ва ўсіх пачынаннях наш дырэктар падтрымлівае моладзь, якая прапаноўвае інавацыйныя ідэі, не баіцца даручаць маладым спецыялістам складаныя праекты, і яны спраўляюцца. Словам, сплаў вопыту, маладой энергіі, дапытлівасці дае канчатковы вынік, — кажа старшыня прафкама.

Наталля Курцэвіч, мантажніца радыёэлектроннай апаратуры:

— Я тут працую другі год, мяне ўсё задавальняе: цікавая работа, дастойныя заробкі, калектыў, дырэктар, кіраўніцтва. Я проста ў захапленні ад нашых людзей. Прафсаюз для нас шмат робіць, арганізуе паездкі па краіне, за мяжу, дапамагае шматдзетным сем'ям, ладзіць для нас святы, розныя мерапрыемствы.

Мантажніца радыёэлектроннай апаратуры Наталля Курцэвіч  робіць мантаж платы лазернага дальнамера.

На прадпрыемстве ёсць пакой для прыняцця ежы з усім неабходным: халадзільнікам, мікрахвалёўкай, кавамашынай, чайнікам, электраплітой, дзе можна разагрэць «ссабойку». Можна схадзіць у сталовую на тэрыторыі завода Вавілава, работнікам холдынга па пропуску даюць зніжку. Тут можна смачна і нядорага падсілкавацца: кошт паўнавартаснага абеду — 3-4 рублі.

Акрамя таго, работнікам па іх заявах аказваюць садзейнічанне па набыцці пуцёвак у профільныя санаторыі Беларусі па прызначэнні ўрача. Часткова кошт кампенсуе наймальнік. Для членаў прафсаюза дзейнічае зніжка. Не пакідаюць без клопату і дзяцей. Для іх імкнуцца выбраць найлепшы летні аздараўленчы лагер. Бацькі аплачваюць толькі 10 % ад кошту пуцёўкі, астатняе кампенсуе адміністрацыя і прафсаюз. Задаволеныя адпачынкам застаюцца як дарослыя, так і іх выхаванцы.

А яшчэ работнікі ЛЭМТа, можна сказаць, сапраўдныя эстэты, адданыя мастацтву. Калі ў сталічных музеях ладзіцца нешта цікавае, прафсаюз кідае кліч і ўсе дружна ідуць на выстаўку.

Вось так адпачынак дапамагае лепш працаваць, а плённая праца — змястоўна адпачываць.

Тац­ця­на ЛА­ЗОЎ­СКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК. Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва прадпрыемства. УНП 100230590.

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.