Вы тут

Ксенія Даніловіч: Дзеля Алімпіяды стала дзюдаісткай


Сапраўды, дзеля гэтай мэты дзяўчына, якая двойчы станавілася чэмпіёнкай Еўропы і прызёрам маладзёжнага чэмпіянату свету па самба, перакваліфікавалася ў дзюдаісткі. Усё таму, што пакуль менавіта гэты від барацьбы ўваходзіць у алімпійскую праграму. Настолькі гучных поспехаў, як у самба, Ксенія ў дзюдо яшчэ не дасягнула, але, здаецца, яна ўжо на шляху да іх. На тэставым турніры да Еўрапейскіх гульняў 2019 года European Judo Open Даніловіч заваявала залатую ўзнагароду і перамагла саперніцу з Фінляндыі, якой раней заўсёды прайгравала. У сваім інтэрв'ю спартсменка расказала пра тое, ці даводзілася ёй прымяняць свае навыкі барацьбы па-за межамі трэніровачнай залы і на якія хітрасці ідуць саперніцы дзеля перамогі.


— Ксенія, раскажыце, як рыхтаваліся да шчаслівага для сябе турніру?

— Разам з трэнерам ставіліся да яго сур'ёзна, мы правялі добрыя падрыхтоўчыя зборы. Я не думала пра перамогу, хацела проста пазмагацца для сябе і выступіць як мага лепш. У фінале сустрэлася з фінкай (якую ўпершыню ўдалося перамагчы). З іншымі саперніцамі нават не была знаёмая, так што не ведала, на што яны здольныя.

— Гэта быў тэставы турнір перад Еўрапейскімі гульнямі, значыць, экзамен не толькі для спартсменаў, але і арганізатараў. Як усё прайшло?

— Арганізацыя была на высокім узроўні, я як спартсменка звярнула ўвагу на тыя моманты, якія важныя для нас. Зала была камфортная, паміж сустрэчамі, фіналамі і ўзнагароджаннем не даводзілася доўга чакаць, усё адбывалася вельмі дынамічна, гэта значыць, зручна для спартсменаў. Раней гэты турнір у Мінску заўсёды праходзіў у Палацы спорту, зараз ён адбыўся ў «Чыжоўка-Арэне», мне тут спадабалася больш. Акрамя таго, беларусы любяць дзюдо, таму ў нас заўсёды добрая падтрымка, шмат балельшчыкаў. Дарэчы, можа быць, і гэта дапамагло мне выйграць.

Наогул, выдатна, што Беларусь будзе прымаць Еўрапейскія гульні, праўда, гэта падвойная адказнасць для спартсменаў, бо трэба выступіць настолькі добра, каб парадаваць і гледачоў, і сябе, і трэнераў. У сваёй краіне выйграваць нашмат прыемней.

— Кажуць, што дзюдо — гэта спорт і філасофія ў адным...

— Для мяне ў першую чаргу гэта спорт, але любы яго від заўсёды выхоўвае ў чалавеку важныя і патрэбныя па жыцці якасці. У дзюдо, напэўна, гэта перш за ўсё воля. Калі ты змагаешся з апошніх сіл і нават прайграеш, трэба мець жалезны характар, каб прадоўжыць паядынак і не здацца.

— Дзюдо — спорт для дзяўчат? Як маладыя людзі рэагуюць на тое, што вы займаецеся барацьбой?

— У асноўным са мной знаёмяцца спартсмены, а калі не, то, канешне, пытаюцца, чым я займаюся. Калі даведваюцца, што дзюдо, здзіўляюцца, кажуць, што гэта выключна мужчынскі від спорту. Але я сама так не лічу.

— Бацькі не супраць вашага захаплення?

— Не, нават наадварот. Калі ў шостым класе я вырашыла, што больш не хачу займацца спортам, мама выганяла мяне з дому на трэніроўку. Бацькі мае абсалютна спакойныя ў гэтым плане. Наогул, яны расказваюць, што я была баявая ў дзяцінстве, прыйшла ў секцыю ў трэцім класе, туды мяне прывёў аднакласнік. Ішлі на заняткі па рукапашным баі, а на спаборніцтвах аказалася, што гэта дзюдо. Наогул не адрознівала гэтыя віды спорту ў дзяцінстве (усміхаецца). А калі б не яно, то ўсё роўна выбрала б што-небудзь, звязанае з барацьбой або спарынгамі. Гэта ў мяне, напэўна, з дзяцінства: я расла з двума старэйшымі братамі, з імі гулялі ў футбол і, вядома, біліся.

— Дзюдо моцна адрозніваецца ад іншых відаў барацьбы?

— Так, гэта заўважна і візуальна, таму што спартсмены выступаюць у кімано. Ёсць розніца і па стылі, прыёмах і ацэнках суддзяў.

— Як павінна выглядаць дзяўчына-дзюдаістка падчас паядынку?

— На ёй не павінна быць упрыгожанняў: завушніц, ланцужкоў і гэтак далей. Валасы павінны быць высока заплеценыя, манікюр няяркага колеру, пад кімано надзета белая майка. Некаторыя дзяўчаты выходзяць на паядынак з мейкапам, нарошчанымі вейкамі, але я гэтага не разумею: ты ж выходзіш змагацца, а не перад кімсьці красавацца.

— У звычайным жыцці таксама не любіце дзявочыя штучкі?

— Фарбуюся вельмі рэдка, але лічу, што кожная дзяўчына ўсё роўна павінна быць дагледжанай. Што датычыцца адзення, аддаю перавагу спартыўнаму стылю, бо з трэніроўкі часта даводзіцца ехаць на вучобу, потым назад, гэта проста больш зручна і практычна. Сукенкі надзяваю, але даволі рэдка.

— Чула, што жаночая барацьба часам нашмат больш жорсткая за мужчынскую...

— Гэта праўда, раней я баролася больш мякка, а потым паглядзела, як робяць гэта на дарослым узроўні і зрабілася больш жорсткай і агрэсіўнай. Жаночая барацьба хутчэй нават больш брудная, чым мужчынская. Часта дзяўчаты выкарыстоўваюць забароненыя прыёмы, дзесьці могуць пацягнуць за валасы або нават укусіць.

— Вам даводзілася калі-небудзь прымяняць свае навыкі не толькі ў спартыўнай зале?

— Толькі ў дзяцінстве. Цяпер спрабую вырашаць усе канфлікты словамі. Але калі раптам трэба будзе абараніць сябе, то зраблю гэта лёгка.

— На якія ахвяры даводзіцца ісці дзеля спорту?

— Многія спартсмены скардзяцца, што ім не хапае часу, а я перакананая, што калі захацець, то яго можна знайсці на ўсё. Так, часам бывае, што не ўдаецца сустрэцца з сябрамі або роднымі, але ты потым атрымліваеш ад гэтага бонусы ў выглядзе перамог. Самым важным мінусам у спорце, напэўна, з'яўляюцца траўмы. У мяне было вельмі шмат пераломаў, звычайна ў барцоў яны звязаны з локцямі і каленямі. Аднак боль ніколі не спыняў, а наадварот, стымуляваў на далейшую працу.

— Вы згадалі пра вучобу...

— Сёлета я скончыла ўніверсітэт у Гродне, атрымала спецыяльнасць «трэнер», зараз вырашыла працягнуць навучанне ў магістратуры. Акрамя адукацыі, гэта дае мне магчымасць выступаць за родны ўніверсітэт. У далейшым, магчыма, захачу служыць у войску ці працаваць у міліцыі. Мяне з дзяцінства прыцягваюць гэтыя сферы дзейнасці.

— Што для вас Алімпійскія гульні?

— Я мару трапіць туды. Перабудавацца было нялёгка, таму што барацьба ў самба і дзюдо праходзіць па-рознаму, але дзеля Алімпіяды я пайшла на гэта. Літаральна на днях буду выступаць на дарослым чэмпіянаце свету, потым трэба будзе адабрацца на Еўрапейскія гульні ў Мінску, толькі потым буду думаць пра Алімпіяду.

— Ёсць прыклады спартсменаў, якія вас натхняюць?

— Так, гэта Ігар Макараў — адзіны ў Беларусі алімпійскі чэмпіён па дзюдо. Падабаецца, як выступае Марына Слуцкая. Яна стала чэмпіёнкай Еўропы, а каб дасягнуць гэтага, патрабуюцца характар і сіла волі. Яшчэ Дар'я Скрыпнік — прызёр чэмпіянату свету. На такіх спартсменаў хочацца раўняцца.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.