Вы тут

Родныя вобразы ў Таджыкістане


У Душанбэ ў выдавецтве “Сомон граф” накладам 300 асобнікаў пабачыў свет зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Су-суи шабнам”


Беларуска- таджыкскія літаратурныя сувязі на сучасным этапе досыць трывалыя. Склалася супольнасць таджыкскіх пісьменнікаў, якія праяўляюць увагу да беларускага мастацкага слова. Нядаўна, да прыкладу, пабачыла свет у перакладзе на таджыкскую мову кніга п’ес Аляксея Дударава.

Што да кнігі Максіма Багдановіча, то па-беларуску назва яе гучыць наступным чынам: “Зіхаценне расы”. Укладальнік, адказны за выпуск зборніка — пісьменнік Ато Хамдам. Рэдактар кнігі перакладаў — Нізом Касім, старшыня Саюза пісьменнікаў Таджыкістана. Перакладчык вершаў Максіма Багдановіча — Салім Зарафшонфар. Ён працуе загадчыкам аддзела крытыкі й перакладу штотыднёвіка “Адабіят ва саньят” (“Літаратура і мастацтва”), гэта друкаваны орган Саюза пісьменнікаў Таджыкістана. Раней творца пераклаў на родную яму мову прозу Шарлоты Бронтэ, Гі дэ Мапасана, Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, Германа Гесэ, Івана Тургенева, вершы грэчаскіх, рускіх, армянскіх, беларускіх, французкіх, нямецкіх, арабскіх, турэцкіх, чачэнскіх, японскіх паэтаў. Звяртаўся Салім Зарафшонфар і да перакладу твораў беларускіх пісьменнікаў, удзельнічаў у падрыхтоўцы анталогіі сучаснай беларускай літаратуры “Вячэрняе вогнішча” (Душанбэ, 2009).

Гістарычнага празаіка, кнігавыдаўца, драматурга Ато Хамдама, які ініцыяваў таджыкскае выданне Максіма Багдановіча, добра ведаюць у Беларусі. Ён — часты госць на традыцыйным мінскім Міжнародным кніжным кірмашы- выставе, удзельнік Дзён беларускага пісьменства ў розныя гады. Дзякуючы намаганням Ато Хамдама ў Душанбэ пабачылі свет кнігі Георгія Марчука, Міколы Мятліцкага, Алеся Бадака ды іншых пісьменнікаў Беларусі. У часопісе “Полымя” ў перакладзе на беларускую мову была надрукавана п’еса Ато Хамдама. Асобным выданнем на беларускай мове ў Мінску выйшла дакументальная аповесць Ато Хамдама і Леаніда Чыгрына “Подзвіг Эмамалі Рахмона”.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.