Вы тут

Каго шукаюць у Гродне?


Сітуацыя на рынку працы стабілізуецца, лічаць спецыялісты, і ў якасці доказаў прыводзяць такія вызначальныя фактары, як устойлівая дэмаграфічная сітуацыя, павелічэнне колькасці працаздольных грамадзян, замаруджванне працэсу аптымізацыі персаналу арганізацыямі горада, павелічэнне попыту на рабочую сілу ў абласным цэнтры ды іншыя. «МС» пацікавілася падрабязнасцямі.


Хто дзе працуе?

У пачатку 2018 года колькасць гараджан складала 370,9 тысячы чалавек. Па выніках трэцяга квартала, у эканоміцы былі занятыя 168,9 тысячы гродзенцаў. У прамысловасці працуюць 33,7 тысячы, амаль столькі ж занята ў сферах адукацыі і аховы здароўя — 32,2 тысячы чалавек. У сферах будоўлі і гандлю задзейнічана больш за 10 работнікаў у кожнай.

Як паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама Лілія САНЮКЕВІЧ падчас сессіі гарсавета дэпутатаў, сітуацыя на рэгіструемым рынку працы ў Гродне сёлета характарызуецца зніжэннем у параўнанні з мінулым годам рэгістрацыі беспрацоўных гараджан, а таксама высокім попытам на працоўную сілу.

Колькасць беспрацоўных зніжаецца

Так, за дзевяць месяцаў бягучага года па садзейнічанне ў працаўладкаванні ва ўпраўленне звярнулася 6225 грамадзян, зарэгістраваны беспрацоўнымі 3813 чалавек. А цяпер параўнаем лічбы таго ж перыяду, але ў мінулым годзе: 7303 (больш на 1078) і 4908 (больш на 1095) чалавек адпаведна. З улікам тых, хто ўжо стаяў на ўліку раней, на пачатак года ў працаўладкаванні мелі патрэбу 7337 гродзенцаў, што менш на 2137 чалавек, чым летась. А гэта мінус 22,6 % ад леташняй лічбы.

— У рабоце па садзейнічанні занятасці насельніцтва асаблівая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню занятасці сацыяльна ўразлівых грамадзян — інвалідаў, бацькоў у няпоўных і шматдзетных сем'ях, моладзі ва ўзросце да 21 года, што ўпершыню шукае сабе месца працы, гараджане перадпенсійнага ўзросту ды іншыя, — адзначыла Лілія Санюкевіч. — У структуры рэгіструемых беспрацоўных яны складаюць 20 %.

Узровень працаўладкавання такой катэгорыі грамадзян за гэты час склаў больш за 53 %, што зноў такі значна вышэй за леташні паказчык.

Попыт на рабочую сілу расце

А цяпер аб самым галоўным. Узровень рэгіструемага беспрацоўя па звестках на 1 верасня складаў 0,4 % да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Параўноўваючы гэты паказчык з мінулагоднім, адзначым, што тады ён складаў 0,7 %. Каэфіцыент напружанасці знізіўся да 0,2 беспрацоўнага на вакансію, а раней было — 0,6.

Дарэчы, летась з'явілася тэндэнцыя, якая і сёлета працягвае ўкараняцца, — павелічэнне попыту на рабочую сілу на рынку працы ў горадзе. Заяўленная патрэба гарадскіх арганізацый у кадрах на 1 верасня складала 2752 вакансіі, калі на пачатак 2017 года іх было 1330.

— Адначасова з ростам попыту на рабочую сілу і змяншэннем колькасці саіскальнікаў працы назіраецца абвастрэнне пытання забеспячэння кадрамі прадпрыемстваў па асобных прафесіях, — звярнула ўвагу выступоўца.

Дык якія ж спецыялісты ў дэфіцыте? Сёння вельмі патрэбны кіроўцы аўтамабіляў, швачкі, кухары, прадаўцы, слесары па рамонце і абслугоўванні абсталявання, электрыкі, кваліфікаваныя рабочыя-будаўнікі, сярэдні медперсанал, выхавальнікі дзіцячых садкоў, інжынеры. Прагляд вакансій у Гродне, змешчаных у адкрытым доступе, паказаў, што самую прывабную зарплату з гэтага спіса прапануюць кіроўцам-міжнароднікам — ад тысячы рублёў і болей. Але вакансіі ўсё роўна не запаўняюцца... Чаму?

— Адным з фактараў дэфіцыту кадраў на рынку працы горада з'яўляецца адток кадраў у суседнія Польшчу і Літву, — растлумачыла Лілія Санюкевіч.

Дзеля інфармавання гараджан аб магчымасцях працаўладкавання ў сваім горадзе прымаюцца розныя захады: упраўленне, напрыклад, шырока практыкуе правядзенне «Кірмашоў вакансій», «Дзён прадпрыемстваў», «Тыдняў перасялення» і мерапрыемстваў «Пачні сваю справу». Свой эфект гэта прыносіць, але як той казаў, няма межаў для дасканаласці...

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.