Вы тут

Прызы ад янотаў


За найлепшыя кліпы аб раздзельным зборы смецця

Спяваць на ўроку, фатаграфавацца з сябрамі і запісваць усё гэта на відэакамеру... Такое крэатыўнае заданне ад настаўнікаў атрымалі ўвосень школьнікі Беларусі. Падчас інтэрактыўных заняткаў вучні могуць не толькі даведацца пра карысць і неабходнасць раздзельнага збору смецця, але і паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе «Героям спяваць лёгка», які арганізуе ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» (Аператар ДМР).


Яшчэ па вясне аператар пачаў рассылаць па школах дыскі з відэаўрокам «Школа юных экаменаў». Гэты матэрыял стаў наглядным дапаможнікам настаўнікам, якія, карыстаючыся відэаматэрыялам, правялі ў школах інфармацыйную гадзіну, каб навучыць дзяцей правільнаму абыходжанню з адходамі. Некалькі такіх заняткаў у школах Гродна, Мінска і Гомеля спецыялісты прадпрыемства разам з казачным Экаменам арганізавалі сумесна з педагогамі, а ўсе юныя ўдзельнікі ўрокаў таксама сталі героямі-экаменамі.

Цяпер, пэўна, ужо цяжка знайсці школьніка, які б не ведаў гімн маленькага экамена, дзе заклікаюць ратаваць планету ад смецця. Пасля правядзення інтэрактыўнага ўрока аператар раіць школам зняць відэакліп, дзе не менш як шэсць вучняў любых класаў будуць спяваць песню экаменаў «Каб планету нам ратаваць» і паказваць, як важна збіраць адходы раздзельна.

— Раздзельны збор смецця дазваляе накіроўваць яго на далейшую перапрацоўку. А другасная сыравіна эканоміць прыродныя рэсурсы і памяншае колькасць смеццевых палігонаў. У Германіі, напрыклад, доля звароту смецця ў карысны абарот перавышае 60 %, у Францыі — 40 %, а ў Беларусі — пакуль толькі 17 %, — падзялілася Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Гэты паказчык трэба павышаць, таму наша галоўная задача — праз гульнявыя і навучальныя мерапрыемствы запэўніць дзяцей, а праз іх — і бацькоў, як важна збіраць адходы раздзельна.

Крэатыўны матэрыял да 31 кастрычніка можна даслаць на электронны адрас tаrgеt99bу@gmаіl.соm разам з заяўкай на ўдзел у конкурсе. Яе можа спампаваць на сайце httр://tаrgеt99.bу. Яшчэ адзін варыянт: запампаваць відэаролік на любы файлаабменнік і даслаць спасылку для пампавання на тую ж электронную скрыню. Відэаролік на дыску можна адправіць таксама звычайнай поштай на адрас: 220073, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 25, пакой 200. ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» з паметкай на канверце «Мэта 99». Ад адной школы на конкурс прымаецца не больш як два кліпы.

Найлепшыя відэаролікі ўдзельнікаў размесцяць на YоuTubе-канале tаrgеt99Bеlаrus. Пераможцаў конкурсу з 1 па 26 лістапада вызначыць журы, якое будзе ацэньваць якасць спеваў, арыгінальнасць падачы ідэі пра карысць раздзельнага збору смецця, а таксама пераканаўчасць выканання задумкі.

Чатыры школы, якія зробяць самыя цікавыя кліпы, з 27 лістапада да 17 снежня атрымаюць падарункі: камплекты музычнага мультымедыйнага абсталявання і экалагічныя наборы для ўсіх вучняў ад персанажаў вядомых ролікаў «Наш клопат, а не янота». Галоўнаму пераможцу прыз уручыць сам супергерой Экамен.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.