Вы тут

Што стваралі камсамольцы ў пасляваенны час?


— А не спалохаешся цяжкасцяў? Усё зробіш, што будуць патрабаваць ад цябе камсамол, бальшавіцкая партыя? Ты ж ведаеш, Алёша, мы ныцікаў не любім...

Гэтыя словы пачуў работнік калгаса «Іскра Леніна» Віцебскага раёна, калі яго прымалі ў камсамол. Пра яго ўражанні расказвала «Чырвонка» ў 1948 годзе. Наогул, калі гартаеш старыя падшыўкі, атрымліваеш уяўленне не толькі пра справы маладзёжнай арганізацыі, але і пра стаўленне да яе хлопцаў і дзяўчат. «Буду з чэсцю насіць імя члена ВЛКСМ», «абяцаю быць дастойным» — усё гэта не было ў той час проста фармальнымі, прыгожымі словамі. Многія верылі, што званне камсамольца яшчэ трэба заслужыць, маўляў, пакуль нечым не вызначыліся, не сталі стаханаўцам, у арганізацыю ўступаць рана.


«Калі хочаш хутчэй асвоіць сваю прафесію, прыглядайся, як працуюць комсамольцы», — гаварылі ў той час маладым. На кожным прадпрыемстве ладзіліся спаборніцтвы паміж брыгадамі, і менавіта работнікі з камсамольскімі білетамі датэрмінова выконвалі планы пяцігодак, давалі двайныя нормы, змагаліся за прадукцыйнасць працы.

«Камсамольцы ідуць у першых радах змагароў за хутчэйшае аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі. Тысячы камсамольцаў сталі на рыштаванні пасля ваеннай сталінскай пяцігодкі. Звыш 30 тысяч юнакоў і дзяўчат самааддана працуюць на новабудоўлях, удзельнічаюць у аднаўленні гарадоў. З іх пяць тысяч чалавек па пуцёўках камсамола будуюць у Мінску трактарны і аўтамабільны заводы. Пры актыўным удзеле камсамольцаў з руін і папялішчаў уздымаецца сталіца нашай рэспублікі», — рапартавала «Чырвонка» напярэдадні 30-годдзя ВЛКСМ. Адно з абавязацельстваў, якія ў гэты час бяруць на сябе маладыя актывісты, — завяршыць будаўніцтва дамоў для сем'яў, што жывуць у зямлянках і на падсяленні. Камсамольскія арганізацыі прадпрыемстваў накіроўваюць у калгасы свае маладзёжныя рабочыя брыгады. У многіх вёсках хлопцы і дзяўчаты задзейнічаны на будаўніцтве электрастанцый. Камсамольцы будуюць клубы, дамы культуры, закладваюць сады.

* * *

Прадукцыя звыш планаў, праца ў пазаўрочны час, барацьба за ўраджай кукурузы — гэта ўсё пра камсамол Беларусі ў 50—70-я гады. «126 дзён існуе наша будоўля. 7 чэрвеня пад Полацкам на крутым беразе Заходняй Дзвіны забіты першыя калочкі будучага горада беларускіх нафтабудавікоў. І вось за гэты невялікі тэрмін вырас першы піянерны квартал жылых дамоў-інтэрнатаў», — чытаю ў нумары «ЧЗ» за 12 кастрычніка 1958 года. Так, камсамольцы ўзводзілі не толькі прамысловыя аб'екты «Нафтабуда», яны стваралі інфраструктуру, дзякуючы ім у чыстым полі вырасталі жылыя кварталы, школы, сады, бальніцы.

Горад шахцёраў таксама ствараўся маладымі, прычым на будоўлю і Салігорска, і Наваполацка прыязджалі камсамольцы з усяго Саюза. У сваю чаргу беларускія хлопцы і дзяўчаты выбіраліся на будоўлю Маскоўскага метрапалітэна, Камсамольска-на-Амуры, Байкала-амурскай магістралі, пакаралі цаліну ў Казахстане, праводзілі меліярацыю ў Пскоўскай вобласці.

«Заклік партыі: «Сёння працаваць лепш, чым учора, заўтра лепш, чым сёння» — вызначае цяпер сутнасць дзейнасці кожнай камсамольскай арганізацыі», — пісала «Чырвоная змена». І сапраўды, камсамол натхняў на працоўныя подзвігі. Нярэдкія былі выпадкі, калі на прадпрыемствах асобныя брыгады, якія раней не спраўляліся з планамі, перакідвалі на ўчасткі, дзе працуюць перадавікі-камсамольцы. І «адстаючыя», каб уцерці нос «стаханаўцам», уключаліся ў спаборніцтвы і паказвалі годныя вынікі.

* * *

Моладзь адгукаецца на ўсе буйныя падзеі і мерапрыемствы, што адбываюцца ў краіне, ладзіць камсамольскія суботнікі, удзяляе ўвагу навукова-тэхнічнай рабоце, прычым укараненні рацыяналізатарскіх прапаноў камсамольцаў даюць добры эканамічны эфект.

1978 год. Паспяхова завершаны самы працяглы на той час пілатаваны палёт, у якім удзельнічаў беларус Уладзімір Кавалёнак. Каб падтрымаць гэтую перамогу ў космасе, моладзь вёскі Белае Крупскага раёна, што на радзіме славутага земляка, стварае «Клуб юных касманаўтаў».

Ужо ў канцы 60-х адсяляюцца хутары і ідзе ўзбуйненне вёсак, а ў 70-я многія з іх наогул набываюць новае аблічча. Моладзь задзейнічана ў гэтых працэсах.
«У Беларусі пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва ўзбуйненых сельскіх населеных пунктаў, якія па характару працы іх жыхароў і сацыяльных выгодах для іх не ўступяць гораду», — расказвае «ЧЗ» у лістападзе 1978 года пра будоўлю ў палескім саўгасе «Малеч». Усе работы вядуцца па эксперыментальным праекце. Тут з'явіліся механізаваная малочнатаварная ферма, свінагадоўчы комплекс, тэхнічныя майстэрні. Вуліца забудаваная двух- і трохпавярховымі катэджамі з кватэрамі з усімі выгодамі.
Запрацавалі новая школа, дом культуры, сталовая, гасцініца, камбінат бытавога абслугоўвання, у які, акрамя ўсяго іншага, уваходзяць швейнае атэлье і пункт пракату бытавой тэхнікі.

* * *

У 80-я гады пад эгідай камсамола ствараюцца кааператывы і арганізацыя спрабуе кіраваць моладдзю, якая вучыцца «рабіць грошы». Напрыклад, у Гродне арганізаваны спецыяльны культурны цэнтр, які займаецца стварэннем гаспадарча-разліковых маладзёжных аб'яднанняў, якімі часта кіруюць выхадцы з камсамола. Ужо ў 1988 годзе ў горадзе працуе тры дзясяткі маладзёжных кавярняў, у мясцовым відэаклубе пачынаюць паказваць замежныя фільмы. Праўда напачатку, баючыся негатыўнага ўплыву «заморскай» прадукцыі, «рэпертуар зацвярджаецца кампетэнтнай камісіяй».

Але ў гады перабудовы стаўленне да камсамола мяняецца. «Сёння мы гаворым пра крызіс у камсамоле, пра дэфіцыт даверу моладзі, — заяўляе праз старонкі газеты першы сакратар Магілёўскага абкама камсамола В. Чаканаў. — Цяпер нікога не выведзеш на працу пад лозунгам. Кожная ідэя, прапанаваная намі, патрабуе расшыфроўкі: у імя чаго яна. Галоўнае для камсамольскіх работнікаў цяпер не слова, а сацыяльна значымая справа». Саюз моладзі спрабуе шукаць новыя шляхі работы, да яго далучаюцца воіны-інтэрнацыяналісты, па тэрыторыі ўсяго СССР ствараюцца палітычныя клубы, у тым ліку і ў Беларусі. Але нараджаюцца новыя арганізацыі і паўстае пытанне аб далейшай ролі камсамола, яго манаполіі ў кіраванні маладзёжным рухам...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце.