Вы тут

Вялікі патэнцыял малых гарадоў


Беларусь па праве можна лічыць краінай малых гарадоў. Амаль у 80 % населеных пунктаў нашай краіны пражываюць да 20 тысяч чалавек. Гарадоў, якія прылічаны да сярэдніх — з насельніцтвам ад 20 да 100 тысяч жыхароў, — прыкладна два дзясяткі. Але менавіта гэткія населеныя пункты прадстаўляюць асаблівую значнасць для эканомікі краіны па мностве прычын.


Па-першае, яны з'яўляюцца цэнтрамі абслугоўвання для шматлікіх вёсак краіны, па-другое — у іх традыцыйна размешчана мясцовая аграрная і аграрна-прамысловая вытворчасць. Акрамя таго, малыя гарады — гэта свайго роду «буферныя» зоны паміж буйнымі ўрбанізаванымі цэнтрамі і прыроднымі комплексамі (запаведнікамі, заказнікамі). Усё гэта пацвярджае, што гарманічнае развіццё краіны магчыма толькі з паступовым ростам патэнцыялу не толькі цэнтраў, але і невялікіх гарадоў.

Формула паспяховага развіцця малых і сярэдніх рэгіёнаў ужо атрымала азначэнне для ўсіх сваіх складнікаў. Адзін з іх — асаблівыя падатковыя ўмовы для вытворчасці, размешчанай у малых населеных пунктах. Эканоміка невялікіх гарадоў менш грунтуецца на сферы паслуг, таму асноўнай галіной з'яўляецца развіццё прамысловасці.

З прыходам бізнесу ў рэгіёны супольна вырашаецца самая важная праблема — рабочыя месцы. «Вось гэта той шлях, калі мы на месцах у невялікіх населеных пунктах, раённых цэнтрах будзем ствараць сучасныя перапрацоўчыя, прамысловыя прадпрыемствы, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі падчас рабочай паездкі ў Слуцк на пачатку гэтага года. — Сама абстаноўка і магчымасць атрымаць добрую работу будуць садзейнічаць прызямленню людзей на месцы».

Пра тое, што развіццё сярэдніх гарадоў — адно з ключавых пытанняў парадку дня ўрада, сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА.

«Была праведзена вялікая работа па развіцці аграгарадкоў, абласных цэнтраў, цяпер ставіцца задача заняцца сярэднімі гарадамі, дзе пражывае больш за 50—80 тысяч чалавек. Трэба паглядзець, як яны развіваюцца, жывуць і працуюць, таму што пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў вельмі важнае ў нашай краіне, — заўважыла Наталля Качанава, прадстаўляючы новае кіраўніцтва ўрада ў жніўні. — Трэба выканаць пастаўленыя Прэзідэнтам задачы, каб развіваліся ўсе рэгіёны. Нельга думаць пра тое, што толькі ў Мінск людзі прыедуць і будуць працаваць. Павінны быць высокаэфектыўныя прадпрыемствы ў кожным горадзе і раёне, каб людзі разумелі, што ў іх ёсць работа».

Яшчэ адзін «х» у формуле — гэта інвестыцыі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці падрыхтавана спецыяльная праграма, якая прадугледжвае рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у кожным раёне на агульную суму каля 6,5 мільярда рублёў. «У вобласці каля 21 тысячы чалавек, не занятых у эканоміцы. Прыкладна палову — 10 тысяч — мы зможам працаўладкаваць пры рэалізацыі гэтых праектаў. Мы вызначылі для сябе цэнтры эканамічнага росту», — расказаў губернатар Віцебскай вобласці Мікалай ШАРСНЁЎ падчас візіту Прэзідэнта ў Оршу. Патэнцыял мае сфера турызму, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, развіццё перапрацоўкі мясцовых відаў сыравіны, а таксама галіна лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, будаўніцтва транспартна-лагістычных цэнтраў.

Па даных Міністэрства эканомікі, за першае паўгоддзе 2018-га прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) склалі 1,3 мільярда долараў. Але па-ранейшаму асноўны іх прыток выпадае на Мінск — 0,7 мільярда.

Немалаважным для эканамічнага росту з'яўляецца і развіццё інавацыйнага патэнцыялу рэгіёнаў. А гэта цягне за сабой і фарміраванне адукацыйнай супольнасці, транспартнай інфраструктуры і дыверсіфікацыю рынку працы.

Для вырашэння эканамічных праблем спецыялісты прапаноўваюць рэгіёнам прынцып «разумнай спецыялізацыі». Ён прадугледжвае адмаўленне ад дублявання аднастайных прынцыпаў развіцця суседнімі населенымі пунктамі.

Але не ўсё залежыць толькі ад эканомікі. Вялікая роля і ў сацыяльных праектаў. Доступ да медыцынскіх паслуг (колькасць дактароў, забяспечанасць лекамі) у сталіцы і абласных цэнтрах значна вышэйшы, чым у рэгіёнах. Ды і адукацыйныя магчымасці не спрыяюць прывабнасці малых і сярэдніх гарадоў: амаль палова ўсіх ВНУ краіны размешчана ў сталіцы. Наяўнасцю вышэйшых навучальных устаноў сярод рэгіянальных цэнтраў могуць ганарыцца толькі Баранавічы, Полацк, Горкі, Мазыр і Пінск. Таму і атрымліваецца, што большасць маладых кваліфікаваных спецыялістаў застаецца ў працяглых пошуках працы ў Мінску, не жадаючы вяртацца ў родныя рэгіёны, дзе адчуваецца недахоп прафесійных кадраў.

Асабліва надзённа ў Год малой радзімы гучыць пытанне аб рэальным удзеле ў грамадскім жыцці органаў самакіравання. Хто як не мясцовыя дэпутаты ведае ўсе балючыя пункты ў рэгіёне? Удзел шырокай грамадзянскай супольнасці, зацікаўленай у паляпшэнні сітуацыі, павялічыў бы колькасць стратэгій для развіцця і надаў бы штуршок для ініцыятывы мясцовым Саветам.

Падрабязней аб перспектыве малых і сярэдніх гарадоў Беларусі чытайце ў матэрыялах нашых карэспандэнтаў.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.