Вы тут

Моцнае прыцягненне Мазыра


Праз 60 гадоў выпускнікі мясцовай школы №9 з палескага горада прыязджалі на сваю малую радзіму амаль з усіх канцоў свету


Выпускнікі 1958 года на сустрэчы ў Мазыры. Лета 2018.

Школьныя сябры часам — як родныя нам людзі. А ўявіце сабе, хто заканчваў разам са мною школу ў 1958?м… Практычна ўсе мы былі з аднолькавымі, надзвычай складанымі лёсамі. Кажуць: мы перажылі жудасную вайну. А я б дадаў, што ўсе мы былі, з дзяцінства, на ёй цяжка параненыя. Толькі раны тыя — глыбокія, не ўсім бачныя. І былі ж яшчэ галодныя пасляваенныя гады…

Мы амаль з усіх канцоў свету летам з’ехаліся ў наш Мазыр, на малую радзіму: каб удыхнуць паветра той зямлі, на якой нарадзіліся. Каб праз 60 год пасля заканчэння школы ўспомніць нашых настаўнікаў, незабыўныя школьныя гады. Цяпер нас усіх называюць па імені ды імені па бацьку, а мы засталіся адзін для другога Светачкамі, Лёнчыкамі, Аркашамі, Людачкамі… Смяемся, жартуем. Як быццам і не было тых — 60! — гадоў жыцця пасля школы. З 32 чалавек, што ў 1958?м закончылі мазырскую СШ № 9, сустрэча сабрала толькі 8 чалавек. Жыццё ёсць жыццё… Нехта сышоў туды, адкуль ніхто не варочаецца. Адрасы некаторых яшчэ жывых аднакласнікаў мы не змаглі знайсці. Ды ўсё ж васьмёра сустрэліся! Згадваюцца з гэтай нагоды радкі з верша Станіслава Валодзькі “Званок”: “Аднакласнікаў твары мне ўбачацца зноў/ І маіх педагогаў прасветлыя лікі”. Кожнаму цікава было даведацца: як склаліся жыцці школьных сяброў. Патрохі высвятляем, дзе, хто ды як.

У нашага Яфіма Літвака, які жыве цяпер у Расіі, у горадзе Новамаскоўску Тульскай вобласці, яшчэ ў дзяцінстве праявіліся здольнасці маляваць. Пасля школы ён закончыў мастацкае вучылішча, затым — інстытут па спецыяльнасці “Манументальны жывапіс”. Ён і сёння — у мастацкай творчасці: прадаўжае займацца скульптурай, жывапісам, мазаікай.

Барыс Галубіцкі закончыў Беларускі палітэхнічны інстытут, прайшоў шлях ад нарміроўшчыка да галоўнага тэхнолага аб’яднання “Дармаш” (сёння вядомы ў свеце “Амкадор”). Цяпер з сям’ёй жыве ў Ізраілі. Любіць вандраваць, наведаў многія краіны. Але больш за ўсё, прызнаўся на сустрэчы, яго прыцягвае наш родны Мазыр, які ён часта бачыць і ў сне.

Леанід Фрэнклах (злева) і Аркадзь Ліўшыц успамінаюць мазырскае дзяцінства і юнацтва

Цікавыя звесткі пра жыццё беларускай дыяспары ў Ізраілі мне паведаміў Аркадзь Ліўшыц, таксама жыхар гэтай краіны. Штогод у апошні дзень яўрэйскай Пасхі, у суботу, у Тэль-Авіў з’язджаюцца беларускія эмігранты з усяго Ізраіля. На сустрэчы землякоў Аркадзь бачыць дэпутатаў ізраільскага ўрада, прадстаўнікоў Амбасады Беларусі ў гэтай краіне. Там грае духавы аркестр, ладзяцца канцэрты: гэта сапраўднае свята. Яшчэ ў маі ладзіцца сустрэча, праўда, менш маштабная: пікнік на ўлонні прыроды, у лесе. Збіраюцца ўсе эмігранты з горада Мазыра. Самадзейныя артысты ладзяць канцэрты, гучаць песні на беларускай, рускай ды яўрэйскай мовах. У свой час Аркадзь, як і Барыс, закончыў Палітэхнічны інстытут, працаваў механікам на Мінскім аўтазаводзе. У яго дзве дачкі, чатыры ўнукі ды прыгожая, клапатлівая жоначка Раіса. Нягледзячы на свой “элегантны ўзрост”, Аркадзь працягвае працаваць. А ў Мазыры ў дні нашай сустрэчы я наведаў разам з ім тыя могілкі, дзе пахаваныя маці, бацька ды іншыя родныя яго людзі.

З далёкай Аўстраліі, з горада Мельбурна “вярнуўся дадому” Леанід Фрэнклах. “З якімі пачуццямі вы прыехалі на Радзіму?” — запытала ў яго журналістка райгазеты “Жыццё Палесся”. І ён не стрымаў сваіх эмоцый: “О, я пацалаваў гэтую святую для мяне зямлю!”. Так, повязі з месцам, дзе мы пабачылі свет — на ўсё жыццё. Нездарма ж і мудрая беларуская прыказка даводзіць: “Дзе маці нарадзіла — там і радзіма”. Абодва сыны Леаніда закончылі Мельбурнскі ўніверсітэт, сам ён 27 год працуе бухгалтарам па падатках, да таго ж — віцэ-прэзідэнтам аб’яднання эмігрантаў з былога Савецкага Саюза, у якім 400 сяброў. Дарэчы, з іх — каля 20 сем’яў з Мазыра! Вось бы і газеце “Голас Радзімы” з імі адладзіць сувязь! (Толькі “за”! Адгукніцеся, беларусы з Аўстраліі! — Рэд.). Іншыя людзі ў суполцы, казаў мне Леанід, — з Адэсы, Масквы, Харкава… У вольны час Леанід Фрэнклах любіць вандраваць па розных краінах. І свой родны Мазыр, нягледзячы на вялікую адлегласць ад Аўстраліі, наведаў чацвёрты раз.

А нехта з нашых, як кажуць, дзе нарадзіўся — там і згадзіўся. Ужо 60 год пасля заканчэння школы ў медыцыне Іна Цяленчанка (дзявочае прозвішча Абрам). Яна закончыла Мінскі медінстытут, яшчэ й цяпер працуе ўрачом-рэнтгенолагам у Мазырскім супрацьтуберкулёзным дыспансеры. “Мы маладзеем, калі бачым адзін аднаго, і нашыя вочы — ззяюць!” — казала на сустрэчы наша Іна. І гэта так!

Людміла Малеева таксама жыве ў Мазыры: закончыла Мінскі педінстытут, больш за 30 год адпрацавала настаўніцай рускай мовы. Цяпер — на заслужаным адпачынку, у вольны час, казала, разгадвае мае крыжаванкі, якія друкуе мазырская райгазета. Любіць чытаць, найбольш кнігі аўтараў мінулых гадоў, вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча… “Я вельмі рада бачыць сваіх аднакласнікаў, гэта вялікае шчасце!” — казала Людміла на сустрэчы.

Сталая жыхарка Мазыра Святлана Доберштэйн закончыла Мазырскае медвучылішча ды ўсё жыццё медыцыне й прысвяціла.

Пыталі ў мяне сябры: як ты, Лёня? І я расказваў, як пасля заканчэння школы тры гады адслужыў у Савецкай арміі. Затым закончыў Беларускі дзяржуніверсітэт, геаграфічны факультэт. Працаваў глебазнаўцам, затым — геолагам, таму наведаў бадай што кожны куток нашай цудоўнай Беларусі. Часта бываю ў Мазыры: цягне на малую радзіму, па святой зямлі якой ступалі мае босыя ногі. Там пахаваныя мае маці, сёстры (а бацька, Сцяпан, з вайны дадому не вярнуўся). На адпачынку пацягнула мяне заняцца журналістыкай, і сёння супрацоўнічаю з некаторымі газетамі, часопісамі, у тым ліку з газетай “Голас Радзімы”. Найбольшае маё хобі — складанне крыжаванак на беларускай мове. Калі б не любоў да геаграфіі, прызнаўся шчыра сябрам, то стаў бы журналістам. Ці можа й гісторыкам, бо апошнім часам наведваю з мастаком, падарожнікам, этнографам, фатографам Уладзімірам Цвіркам шматлікія куточкі Беларусі, дзе зберагліся помнікі архітэктуры: цэрквы, касцёлы, маёнткі вядомых людзей.

Кажуць: нельга вярнуцца ў той час, дзе ты быў шчаслівым. Аднак дакрануцца да мінулага, паднавіць дарагія табе ўспаміны ў размове з людзьмі, што былі там разам з табою — магчыма. І яшчэ я шчыра ўдзячны галоўнаму рэдактару Мазырскай райгазеты “Жыццё Палесся” Ларысе Чорнай: дзякуючы ёй на старонках выдання выйшаў аповед пра нашу сустрэчу. На вялікі жаль, не ўдалося нам зрабіць фотаздымкі на ўлонні прыроды: у Мазыры ў той дзень увесь час ішоў дождж. То мы спадзяемся, што ў наступны раз, як збярэмся разам, будзе сонечна.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Фота Алены Мельчанка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.