Вы тут

Як працавалі лясныя друкарні


У Ільянскую камендатуру трапіў адзін з нумароў партызанскага выдання.

— Адкуль гэта? — здзівіўся камендант. — З-за фронту?

— Не, — растлумачылі яму. — Гэта партызанская прадукцыя.

Камендант паціснуў плячыма.

— Не разумею! Для друкарні ж патрэбны вялікі будынак, машыны. Адкуль яны маглі знайсціся ў лесе?

Сапраўды, выхад ці не кожнага выдання на акупаванай тэрыторыі — як маленькае дзіва. Многія газеты друкаваліся ў зямлянках ці наогул пад адкрытым небам. Абсталяванне для лясных друкарняў часта адваёўвалі ў ворага ці патаемна выносілі з нямецкіх друкарняў. Карыснымі ваеннымі трафеямі былі фарбы і папера.


Пар­та­тыў­ная пі­шу­чая ма­шын­ка пар­ты­зан­ска­га атра­да  імя Кі­ра­ва, які дзей­ні­чаў на тэ­ры­то­рыі По­ра­заў­ска­га  і Ваў­ка­выс­ка­га ра­ё­наў.

Так, для друкарні газеты «Красное знамя» былі вынесены з нямецка-фашысцкага гарнізона Барысава дзесяць пудоў паперы і восем кілаграмаў фарбы. Доўга партызаны шукалі спосаб, як пранікнуць у будынак лагойскай друкарні, дзе размясцілася адна з фашысцкіх устаноў і куды ўваход быў строга забаронены. Нарэшце дзякуючы камсамолцы Н. Рудак, якая ўладкавалася «на службу» да акупантаў, удалося вынесці каля двух пудоў шрыфту. У жніўні 1941 года партызаны занялі друкарню ў раённым цэнтры Любань і на базе здабытага абсталявання і паліграфічных матэрыялаў стварылі друкарню падпольную. У студзені 1943 года яна папоўнілася шрыфтамі і іншымі матэрыяламі з нямецкай друкарні, захопленай пасля разгрому гарнізона ў Краснаслабодскім раёне.

Партызаны атрада «Іскра» вывезлі шрыфты і іншае друкарскае абсталяванне з Ліды. Сёння можна толькі дзівіцца іх смеласці і дзёрзкасці. Напрыклад, сярод белага дня яны пад носам у фашыстаў везлі ў лес фарбу, здабытую з лідскай тыпаграфіі — вядро з ёй проста падвязалі пад возам і выдавалі за «каламазь».

Часта лясныя журналісты вярсталі нумары паблізу месцаў, дзе ішлі баі партызан з нямецкімі карнымі атрадамі. У прыватнасці, пра гэта пасля вайны ўспамінаў рэдактар газеты «Сталинец», друкарня якой знаходзілася ў размяшчэнні партызан Грэскага раёна (ля Слуцка). Газета набіралася ў шалашы: «Зона размяшчэння атрадаў, у тым ліку рэдакцыі і друкарні, неаднаразова падвяргалася абстрэлам з фашысцкіх самалётаў. У канцы верасня 1943 года ў час стаянкі ў лесе, у раёне Шантароўшчыны, у моманты налёту варожых самалётаў друкаванне газеты і лістовак не было затрымана ні на мінуту. Калі гітлераўцы наступалі на лес, работнікі друкарні і рэдакцыі трымаліся разам і захавалі ўсе друкарскія і рэдакцыйныя матэрыялы. У час набору святочнага нумара газеты за 7 лістапада 1943 года № 23 (723) партызанскай разведкай было даложана аб з'яўленні буйных сіл праціўніка. Рэдакцыя пераехала ўглыб лесу, і ўначы пры святле вогнішча быў закончаны набор і надрукаваны святочны нумар газеты. У гэтую ж ноч па радыё было прынята паведамленне аб узяцці нашымі войскамі Кіева і змешчана ў святочным нумары газеты. Пасля пераезду на зімовую стаянку ў канцы лістапада 1943 года ўзнікла многа цяжкасцей з-за холаду, але газета выпускалася рэгулярна. У канцы снежня 1943 года буйная карная экспедыцыя фашыстаў зладзіла паход супраць партызанаў. Баі вяліся недалёка ад размяшчэння падпольнай рэдакцыі і друкарні. У гэты ж час друкаваўся зварот Грэскага падпольнага РК КП(б)Б да партызан, партызанак і працоўны кодэкс Грэскага раёна, у якім яны заклікаліся да яшчэ больш актыўнай барацьбы супраць нямецкіх акупантаў. Да канца бою ўлёткі былі надрукаваны і разасланы па атрадах, проста на пазіцыі».

У варожым тыле журналісты мусілі заўсёды быць гатовыя да раптоўнага нападу ворага. Пры буйных карных аперацыях, калі па сілах партызаны саступалі, рыштунак рэдакцый, які цаніўся не менш, чым зброя, выносіўся з сабою. Калі ж гэта было немагчыма, друкарні даводзілася хаваць. Так, калі фашысты вымусілі партызан злучэння Грэскага раёна да адступлення, журналістам друкарні газеты «Сталинец» давялося на некаторы час закапаць друкарню ў зямлю. Блакада цягнулася дзесяць дзён, і толькі пасля таго як яна была знята, рэдакцыя зноў аднавіла работу.

Часта рэдакцыі не мелі пастаянных адрасоў, перамяшчаліся па лясах і балотах разам з атрадамі, але пры гэтым пісьмы карэспандэнтаў (імі маглі быць і партызаны, і сяляне) заўсёды даходзілі, куды трэба...

Ка­са са шрыф­там дру­кар­ні скі­дзель­скай пад­поль­най га­зе­ты «Крас­ное зна­мя».

Партызанская кемлівасць

Калі не хапала абсталявання, супрацоўнікі лясных друкарняў спрабавалі рабіць усё неабходнае з матэрыялаў, якія траплялі пад руку. З дрэў выразалі літары, з кары і лінолеума рабілі клішэ для карыкатур, картаў, малюнкаў. У 1970 годзе часопіс «Маладосць» надрукаваў успаміны Барыса Сасноўскага, былога адказнага сакратара падпольнай газеты Лагойскага РК КП(б)Б «За Совецкую Беларусь»: «Зрабіць наборную касу папрасілі сталяра Рыгора Бохана, які жыў у вёсцы Зарэчча. У якасці талера выкарыстоўвалі пліту з узарванага фашыстамі дота. Для націскнога прэса ўзялі барабан ад звычайнай малатарні, паадкручвалі з яго зубы, абцягнулі некалькі разоў сукном. Вось і ўся друкарская тэхніка».

Дапамогу партызанам аказаў ЦК кампартыі Беларусі. У тыл ворага была заслана вялікая колькасць паліграфічнай тэхнікі. Натуральна, што ранейшыя грувасткія машыны не падыходзілі для лясных друкарняў. Неабходна было стварыць новае абсталяванне. Па спецыяльным даручэнні механік «Палесдруку» Фёдар Пільцыенка ў снежні 1942 года сканструяваў партатыўную друкарскую машынку, якая падыходзіла для ўмоў падполля. Яна была больш лёгкай (каля 12—15 кілаграмаў), яе можна было хутка схаваць. Начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка прыняў меры для таго, каб як мага хутчэй даставіць навінку падпольным беларускім друкарням. На працягу 1943 года ў тыл ворага было накіравана звыш 160 такіх машын.

За два гады на акупаваную тэрыторыю Беларусі было перапраўлена таксама каля 150 тон паперы і каля 100 наборшчыкаў і друкароў.

Адначасова над партатыўнай друкарскай машынай працаваў і інжынер маскоўскага рамеснага вучылішча Новікаў, які сканструяваў другі варыянт.

Часам і ў саміх атрадах знаходзіліся ўмельцы, якія чаравалі над абсталяваннем для друкарняў. Напрыклад, друкарам многа турбот дастаўлялі валікі для накату фарбы — часта плавіліся. У адным з атрадаў партызанскі паліграфіст Барыс Перальман з дапамогай спецыялістаў па зброі вырабіў спецыяльную форму і сам рабіў зручныя валікі, якімі забяспечваў рэдакцыі некалькіх газет.

Да таго ж журналісты часта дапамагалі сваім калегам. У адной і той жа друкарні магло выдавацца некалькі газет. У 1963 годзе былы супрацоўнік падпольнай газеты К. Хруцкі на старонках «Сельскай газеты» прыгадаў, як аднойчы, вяртаючыся з задання, партызаны прынеслі ў штаб знойдзены ў вёсцы даваенны нумар талачынскай газеты «Чырвоны хлебароб» за чэрвень 1941 года. І камандаванне брыгады, і кіраўнікі падпольнага райкама вырашылі арганізаваць выпуск партызанскай газеты з такой жа назвай. Камісару атрада імя Аляксандра Неўскага, былому рэдактару «Чырвонага хлебароба» Аляксею Пахамовічу было вядома, што ў Талачыне ў двары рэдакцыі закапаны шрыфт, друкарская машынка і сёе-тое з абсталявання друкарні. Вось толькі ў памяшканні рэдакцыі з прыходам немцаў размясцілася жандармерыя. Прабрацца туды было складана. Але сувязныя адкапалі ўначы тайнік і прынеслі частку шрыфту. Праўда, для выпуску газеты гэтага аказалася недастаткова. Па дапамогу журналісты звярнуліся да партызан брыгады «Дзядзі Колі», якая мела сваю друкарню. Там і быў надрукаваны першы нумар «Чырвонага хлебароба».

«А ў адну з чэрвеньскіх начэй над месцам размяшчэння брыгады закружыўся самалёт. На світанку партызаны падабралі ў кустах каля рэчкі два вялікія цюкі. У іх мы знайшлі камплект шрыфтоў, партатыўную друкарскую машынку, лінейкі, верстакі, фарбы. Радасці нашай не было межаў. З гэтага дня ў нас была створана свая «лясная» друкарня», — расказваў Хруцкі.

Дарэчы, газета і лістоўкі з гэтай друкарні траплялі ў 180 населенных пунктаў, у тым ліку і такія, дзе знаходзіліся буйныя варожыя гарнізоны.

Ка­са-ка­шу­ля са шрыф­там. Та­кія ка­шу­лі атрым­лі­ва­лі пад­поль­ныя дру­кар­ні Гро­дзен­шчы­ны з са­вец­ка­га ты­лу.

Зводачку нам...

Рэдакцыі газет, як правіла, размяшчаліся там, дзе працавалі падпольныя райкамы партыі. Натуральна, у журналістаў была магчымасць аднымі з першых атрымліваць важныя навіны. У госці да карэспандэнтаў заходзілі кіраўнікі партыйных і камсамольскіх арганізацый, камандзіры атрадаў.

Каб не расчараваць чытача і даць яму аператыўную інфармацыю, журналістам даводзілася працаваць і ўначы пры святле газоўкі. Напрыклад, для «Молодого мстителя» мясцовыя матэрыялы набіраліся днём, а матэрыялы, атрыманыя з савецкага тылу, зводкі саўінфармбюро — уначы. «Памятаю, як усю ноч з 6 на 7 лістапада 1943 года я прымаў па радыё матэрыял аб 26-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Дапамагаў мне Фёдар Анісімавіч Сурганаў. Ён тачыў алоўкі, вычытваў запісаны матэрыял, перадаваў яго ў друкарню і падтрымліваў агонь у свяцёлцы. Прыём перадачы быў скончаны толькі к шасці гадзінам раніцы. Хутка быў набраны нумар. А калі ўзяўся світанак і партызаны, якія знаходзіліся ў лагеры, пачалі збірацца на святочны лясны мітынг, газета ўжо была надрукаваная», — успамінаў былы супрацоўнік партызанскай газеты Г. Гужавін.

Свежыя нумары імгненна разыходзіліся.

Клі­шэ на дрэ­ве.  Зроб­ле­нае для пад­поль­ных га­зет  пар­ты­за­нам Лід­ска­га злу­чэн­ня Е. В. Ра­за­на­вым.

«Рэдакцыя размяшчалася на лясной паляне пад павеццю, накрытай яловай карой. Пад ёй — адна наборная каса і станок для адбіткаў, — успамінаў М. Вайцянкоў, былы літсупрацоўнік газеты «Большевистская правда», якая выходзіла ў брыгадзе «Дзядзі Колі». — Газеты яшчэ друкаваліся, а да друкарні і рэдакцыі адзін за адным на конях пад'язджалі сувязныя, распаўсюджвальнікі друку.

— Зводачку нам хутчэй, зводачку, — прасілі яны. І прагна, па некалькі разоў, каб добра запомніць, прачытвалі зводку, матэрыялы, змешчаныя ў газеце...

Вызваліўшыся ад рэдакцыйнай работы, рэдактар, літсупрацоўнікі, наборшчыкі і друкары бралі газеты і лістоўкі, зводкі, звароты і неслі іх у вёскі, пасёлкі, гарады».

Для распаўсюджвання лясной прэсы спецыяльна падбіралі людзей, якія расклейвалі газеты не толькі на слупах і сценах дамоў, але і пранікалі ў фашысцкія адміністрацыі. Неабходны былі выданні агітатарам, якія збіралі па вёсках сялян і арганізоўвалі гучныя чыткі. Уласна і самі партызаны дастаўлялі такую пошту людзям.

 

«Разведчыкі, падрыўнікі, баявыя падраздзяленні не хацелі ісці на баявыя аперацыі без газеты. Кожны стараўся захапіць з сабой як мага болей экзэмпляраў «Молодого мстителя». Але паколькі яе тыраж быў абмежаваны з-за недахопу паперы, партызаны лічылі сваім абавязкам, вяртаючыся з баявога задання, прыносіць хоць крыху паперы», — чытаю ў кнізе «Партызанскія былі».

Паперу не толькі захоплівалі ў ворага, але і збіралі ў насельніцтва. Калі будзеце працаваць з партызанскімі газетамі, якія закажаце ў Нацыянальнай бібліятэцы, альбо праглядаць іх дзякуючы электроннаму выданню, заўважыце, што асобныя нумары надрукаваныя на разлінеенай паперы. У той час у справу ішлі вучнёўскія сшыткі, шпалеры, абгортачная папера. З-за недахопу сыравіны тыраж падпольных газет быў невялікім. Ды і фармат лясной прэсы быў у палову, чвэрць, а то і на 1/8 звычайнага газетнага артыкула.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Навошта журналістам шпалеры?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.