Вы тут

Лукашэнка: Трэба варушыцца самім, а не спадзявацца толькі на дзяржаву


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы гарадскі пасёлак Балбасава ў Аршанскім раёне.


Фота: БЕЛТА

Цішыня ды спакой

Візіт кіраўніка дзяржавы ў Балбасава – доўгачаканая падзея для жыхароў. Прэзідэнт адразу па прыездзе адправіўся размаўляць з людзьмі, якія выйшлі яго сустракаць. Ён адзначыў, што да добраўпарадкавання невялікіх пасёлкаў тыпу Балбасава прыйшлі паступова: пачыналі з Мінска, пазней прыйшлі да аграгарадкоў. Цяпер прыйшоў час і пасёлкаў, аднак падтрымліваць добрыя ўмовы трэба будзе самім людзям.

Беларускі лідар заклікаў засадзіць Балбасава дрэвамі, развіваць паркавыя тэрыторыі. На яго погляд, пасёлкі, як Балбасава ці Копысь, – гэта ўзор, па якім у бліжэйшыя некалькі гадоў прывядуць у парадак падобныя населеныя пункты па ўсёй краіне.

Ён звярнуўся да мясцовых жыхароў:

«Трэба варушыцца. Не трэба спадзявацца толькі на дзяржаву. Яно сваю ролю сыграе. Там, дзе дзяржава павінна зрабіць, дзе вы не можаце, -- там з дзяржавы трэба патрабаваць».

Далей Аляксандр Лукашэнка прайшоў па вуліцы Сяргея Грыцаўца, наведаў некалькі мясцовых крам і адзначыў, што трэба берагчы невялікія гандлёвыя кропкі. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даручыў мясцовым уладам, каб да наступнага 7 лістапада ў пасёлку з'явілася крама прамтавараў – напрыклад, у адным з невыкарыстоўваемых памяшканняў. Таксама кіраўнік дзяржавы падняў пытанне стварэння спартыўнай школы для дзяцей, каб яны займаліся футболам, міні-футболам, лёгкай атлетыкай.

Далей беларускі лідар накіраваўся ў мясцовы Дом культуры, які таксама адрамантавалі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праведзеных работах, а таксама развіцці Аршанскага раёна і вобласці ў цэлым. Пасля яму паказалі адрамантаваныя памяшканні, у якіх мясцовыя жыхары ўжо займаюцца спортам, харэаграфіяй, а ў актавай зале для Прэзідэнта выканалі некалькі народных кампазіцый.

Зварот да народа

Перад дзвярыма мясцовага Дома культуры сабралася нямала людзей – усе чакалі Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы прывітаў тых, хто прыйшоў і нагадаў, што зараз ідзе тыдзень перад святам – Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. «Гэта наша гісторыя, яе не перакрэсліш, яе не перапішаш. Той, хто спрабаваў, перапісваючы, кінуць камень у мінулае, атрымліваў гэты камень ў сучаснасць», - сказаў ён.

Паводле слоў беларускага лідара, з цягам часу трэба было гэтае свята напоўніць новым сэнсам. У мінулым да гэтай даты падавалі падарункі савецкаму народу, завяршалі важныя будоўлі – гэтую традыцыю захавалі і ў сучаснай Беларусі. Прэзідэнт анансаваў паездку «з поўначы на ​​поўдзень» на наступным тыдні – побач з Жыткавічамі аднавілі аварыйны мост праз Прыпяць. Сапраўды важная будоўля, якая была вельмі неабходная – з-за таго, што праз мост прайшла трэшчына, людзям прыйшлося аб'язджаць яго і пераадольваць каля 300 кіламетраў. «Гэта таксама своеасаблівы падарунак тым людзям», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Адна з такіх сацыяльных будоўляў была разгорнута і ў Балбасава. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што маштабная праца ў свой час да «Дажынак» была праведзена ў Оршы, затым звярнулі ўвагу на Барань. Паводле яго слоў, па выніках зроблена нямала, але ўсё астатняе – за людзьмі. Догляд за тэрыторыяй павінны арганізаваць мясцовыя ўлады, трэба саджаць дрэвы, вырошчваць кветкі.

Таксама кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добраўпарадкаванне – гэта важна, але працоўныя месцы – гэта галоўнае. У Балбасава разгарнулі сур’ёзнае будаўніцтва, будзе адноўлены аэрапорт, які будзе выкарыстаны ў прамысловых мэтах. Ён стане адным з лепшых у краіне, будзе прымаць самыя цяжкія самалёты, прымаць тавары і адпраўляць іх за мяжу. Акрамя таго, будуецца лагістычны комплекс. Прэзідэнт адзначыў, што тут будуць з'яўляцца ўсё новыя і новыя працоўныя месцы.

Яшчэ беларускі лідар звярнуў увагу мясцовага кіраўніцтва: спяшацца са зносам старых памяшканняў авіязавода не варта. У асобных карпусах можна размясціць нейкую вытворчасць, паслугі. Ён заклікаў мясцовых жыхароў берагчы створанае.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: тое, што павінна зрабіць дзяржава, будзе зроблена, але тое, што павінны зрабіць людзі, зрабіце самі.

Падзяка за ўвагу

Да Прэзідэнта звярнулася карэнная жыхарка Балбасава і распавяла, што тут яго вельмі чакалі. Акрамя таго, яна падзякавала беларускаму лідару за тое, што пасёлак змяніўся ў лепшы бок, за тое, што Прэзідэнт звярнуў сваю ўвагу і прыняў неабходныя рашэнні. Жанчына звярнулася да мясцовых жыхароў і заклікала іх берагчы Балбасава. Ад сябе асабіста яна падзякавала Прэзідэнта за верны палітычны вектар.

Прэзідэнт адзначыў, што Балбасава – гэта яго дзяцінства. Ён прыязджаў сюды на ровары, імчаўся ўздоўж чыгункі і на 5 рублёў, якія мама давала яму за дойку кароў, купляў сабе марожанае і з'ядаў па 10-12 порцый за раз, пасля чаго вяртаўся дадому. З-за таго, што гэта яго, роднае, кіраўнік дзяржавы не мог сабе дазволіць пачынаць адсюль будоўлю. Тое, што зараз ёсць у Балбасава – ёсць ва ўсіх кутках Беларусі, аднак тут усё самае новае. Перш за ўсё звярнулі ўвагу на Мінск – па словах кіраўніка дзяржавы, гэта лепшы горад у свеце, ціхі, спакойны, утульны.

Потым заняліся абласнымі гарадамі, затым – раённымі, больш за палову з іх ў Віцебскай вобласці ўжо ў парадку. Стварылі і аграгарадкі – каб моладзь засталася ў сельскай гаспадарцы, патрэбныя былі ўсе ўмовы.

Пазней высветлілася, што ў Віцебскай вобласці каля 15 пасёлкаў гарадскога тыпу, якім трэба дапамагчы, заняліся і імі. Але давесці да ладу – гэта нескладана, бо «прыгажосць будзе запатрабаваная толькі тады, калі ёсць, дзе працаваць».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пасля распаду СССР у Беларусі не было нічога. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цяжкія часы ён заўсёды казаў: не ведаеш, што рабіць, ідзі да людзей, яны падкажуць.

«Улада павінна рабіць тое, што трэба людзям. І, вядома, напружваць людзей, яны павінны варушыцца», – сказаў ён.

Беларускі лідар дадаў, што перш, чым каго-небудзь крытыкаваць, трэба звярнуцца да сябе, паглядзець у люстэрка і спытаць: а што зрабіў ты для таго, каб краіна развівалася?

Што тычыцца знешняга палітычнага вектару, то, на думку Прэзідэнта, ён ад жыцця. Зразумела, што з суседзямі трэба жыць добра, сварыцца Беларусь ні з кім не збіраецца. Аляксандр Лукашэнка зноў паўтарыў: лепш сотні гадоў перамоў, чым адзін дзень вайны.

Даведка

  • Згодна з планам мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні Балбасава на 2018 год запланавана рэалізацыя 40 мерапрыемстваў на суму больш за 60 мільёнаў рублёў, з іх па 21 аб'екту работы завершаны, па 19 – вядуцца згодна з графікам.
  • У прыватнасці, праводзіцца капітальны рамонт 5 дамоў і бягучы рамонт жыллёвага фонду, у тым ліку рамонт і афарбоўка (10 дамоў) фасадаў, афарбоўка цокаляў (12 дамоў) і шыфернага даху (2 дома), рамонту адмосткі (6 дамоў) і крылец, зашыўка балконаў (20 дамоў).
  • Выканана асфальтаванне 5,6 тысяч квадратных метраў праезнай часткі, заасфальтавана 15,3 тысячы квадратных метраў праездаў, 1,9 тысяч квадратных метраў тратуараў, 0,6 тысяч квадратных метраў парковак на дваровых тэрыторыях, выраблены рамонт тратуараў, уладкаваны веладарожкі, арганізаваны дзве дзіцячыя пляцоўкі, высаджана больш за 900 дрэў і 80 кустоў, адноўлены газоны, уладкованыя кантэйнерныя пляцоўкі з устаноўкай кантэйнераў.
  • Уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс станцыі па абезжалезванні, рыхтуецца да ўводу другой.
  • Адрамантаваны яслі-сад №5 і сярэдняю школу №22.
  • Праведзены капітальны рамонт даху, фасада, запаўнення аконных і дзвярных праёмаў будынка Дома культуры. У цяперашні час выкананы работы па рамонце ўнутраных памяшканняў будынка, сантэхнічныя і электрамантажныя работы, набыты тэатральныя крэслы, абсталяваны трэнажорная і фітнес-зала.
  • У гэтым годзе праведзены рамонт мясцовай участковай бальніцы, набылі новае абсталяванне, мэблю і вырабы медыцынскага прызначэння.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Балбасава

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.