Вы тут

Шэраг сацыяльных аб'ектаў адкрылі ў Беларусі да 7 лістапада


Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і непасрэдна ў святочны дзень у краіне прайшоў своеасаблівы марафон адкрыццяў сацыяльных аб'ектаў

У Беларусі ўжо стала добрай традыцыяй адкрываць у гэты перыяд сацыяльна значныя аб'екты і вытворчыя прадпрыемствы. Сёлета, напрыклад, у Мінску быў адкрыты ўчастак пад пуцеправодам на МКАД у Лошыцы, у Брэсце —два аддзяленні абласной дзіцячай бальніцы, у Гродне — «Тэхнапарк» і цэнтр рэабілітацыі для дзяцей, у Віцебску — дзіцячы садок, а яшчэ ў некалькіх населеных пунктах шматдзетныя сем'і атрымалі ключы ад новага жылля. Падрабязней аб гэтым вы даведаецеся з рэпартажаў нашых карэспандэнтаў.

 


Гродзеншчына: «Версаль» у цэнтры і трэнажоры для немаўлят

У Гродне адкрылі тэхнапарк у адноўленым будынку. На рэалізацыю праекта было выдаткавана больш за 4 мільёны рублёў.

Фота Мікалая Лапіна.

— Гэта чарговы крок у развіцці інавацыйных тэхналогій. Спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні мы будзем сведкамі таго, як парк пашыраецца, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ. — Мы падтрымліваем гэты кірунак і фінансава, бо ў асноўным ён ажыццяўляецца за кошт сродкаў абласнога інавацыйнага фонду.

Кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Шэйман, які прыняў удзел у адкрыцці новага аб'екта, бачыць яго ролю ў адпрацоўцы ланцужка ад ідэі да яе ўкаранення ў вытворчасць, а таксама ў падрыхтоўцы сучасных высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Па сутнасці, тут будзе стварацца ўнікальная навукаёмістая прадукцыя, здольная канкурыраваць як па якасці, так і за кошт павышэння прадукцыйнасці працы. У навукова-вытворчых лабараторыях будуць праводзіцца даследаванні, працаваць студэнцкія лабараторыі і канструктарскія бюро. Студэнты змогуць праходзіць практыку ў кампаніях-рэзідэнтах, а самыя паспяховыя і крэатыўныя — самі станавіцца рэзідэнтамі. На наступны год запланавана рэканструкцыя яшчэ аднаго будынка плошчай больш за 6 тысяч квадратных метраў.

Падчас адкрыцця тэхнапарка быў падпісаны дагавор з дзвюма новымі ІТ-кампаніямі, якія займаюцца камукацыйнымі паслугамі новага пакалення. Яны дапамогаць бізнесу ў перадачы інфармацыі і інтэграванні розных сэрвісаў для яе аналізу.

Цэнтр рэабілітацыі для самых маленькіх пацыентаў пачне дзейнічаць на базе дзіцячай паліклінікі № 1. Своечасовую медыцынскую дапамогу атрымаюць дзеткі ад нараджэння да трох гадоў. З імі будуць працаваць неўролаг, рэабілітолаг, псіхолаг і дэфектолаг. Для кожнага пацыента будзе складзена індывідуальная праграма рэабілітацыі, па якой бацькі змогуць самі займацца з дзіцем. Сэнс такіх заняткаў у тым, каб скарэктаваць псіхаматорныя парушэнні ў дзетак у раннім узросце. У пакоі кінезітэрапіі ўсталяваны сухі басейн з шарамі, маленькія трэнажоры, цацкі для развіцця. Праект рэалізаваны пры падтрымцы ЮНІСЕФ.

Пасля рэканструкцыі адчыніў свае дзверы гасцінічны комплекс у цэнтры Гродна. Акрамя гасцініцы на 50 месцаў тут размесцяцца рэстаран і турыстычная фірма. Адноўлены будынак узвялі яшчэ ў 1885 годзе, і ён быў на той час адным з самых вялікіх у горадзе. Тут знаходзіліся розныя навучальныя ўстановы, у савецкі час быў інтэрнат, апошні час будынак стаяў пусты. У 2016 годзе яго набыў з аўкцыёна гродзенскі прадпрымальнік Станіслаў Сямашка. Рэканструкцыя доўжылася тры гады, затое зараз гэты аб'ект — сапраўднае ўпрыгажэнне гістарычнага цэнтра. Усё аформлена ў беласнежным антычным стылі. Гродзенскі «версаль» стаў новай фотазонай для гараджан і турыстаў.

Добрая навіна для 30 тысяч жыхароў мікрараёна Альшанка абласнога цэнтра. Тут адкрыты сучасны міні-рынак з развітой інфраструктурай, зручнымі пад'ездамі і вялікай паркоўкай. На рынку будзе працаваць ветэрынарна-санітарная лабараторыя, што дазволіць праверыць якасць прадуктаў на месцы. Тут можна будзе набыць агародніну і садавіну, мясныя і іншыя вырабы. Устаноўлены 104 стацыянарныя павільёны і некалькі акуратных і зручных гандлёвых навесаў для продажу прадукцыі са сваіх прысядзібных участкаў.

Ужо заявілі аб сваім прыходзе на рынак птушкафабрыкі, прадпрымальнікі, фермеры, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Таксама будзе прадстаўлены і шырокі асартымент прамысловых тавараў.

Важныя аб'екты ўвайшлі ў строй у сёлетняй сталіцы абласных "Дажынак" — Іўі. Былы інтэрнат пераабсталяваны пад жылы дом, ключы ад кватэр атрымалі маладыя спецыялісты. У выніку перапланіроўкі атрымалася 17 добраўпарадкаваных кватэр — двух- і аднапакаёвых. На рэканструкцыю аб'екта з абласнога бюджэту выдаткавана каля 1 мільён рублёў.

"Другое" жыццё атрымаў і мост цераз рэчку Іўянку. Больш чым паўстагоддзя тут не праводзіўся рамонт. Зараз ён поўнасцю адноўлены, у тым ліку і апорныя канструкцыі. Змяніліся і габарыты: мост пашырыўся з 6 да 8 метраў, пашырыліся і тратуары. Устаноўлены новыя бар'еры і парэнчы.

Таксама пасля завяршэння капітальнага рамонту ў Іўі ўрачыста адакрыты два значныя сацыяльныя аб'екты — яслі-сад № 2 і цэнтр развіцця дашкольнікаў.


Гомельшчына: тэхналогіі для павышэння якасці жыцця

Цалкам рэканструяваная аперацыйная эндаваскулярнай хірургіі, дзе ўсталяваны ангіяграфічны комплекс новага пакалення Іnnova ІGS 530, адкрылася ў Гомельскім абласным кардыялагічным дыспансеры.

За­гад­чык рэнт­ге­на­пе­ра­цый­най Го­мель­ска­га  аб­лас­но­га кар­дыя­ла­гіч­на­га дыс­пан­се­ра  Сяр­гей ГА­РА­ХОЎ­СКІ.

— Папярэдні комплекс адпрацаваў 14 гадоў і вычарпаў свой рэсурс, — гаворыць загадчык рэнтгенаперацыйнай Сяргей ГАРАХОЎСКІ. — У гэтым абсталяванні экспертнага класа сабраны самыя новыя тэхналогіі візуалізацыі, праграмныя сродкі, якія аб'ядноўваюць розныя метады атрымання малюнка — ангіяграфію, камп'ютарную тамаграфію, МРТ, што дазволіць выконваць яшчэ больш дакладныя і складаныя аперацыйныя ўмяшанні. Важна таксама, што паменшыцца прамянёвая нагрузка на пацыентаў, персанал і аб'ёмы кантрасных прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца.

Галоўны ўрач установы Вольга ЛЯХ адзначае, што асноўная задача мадэрнізаванага аддзялення — удасканальванне медыцынскіх тэхналогій дыягностыкі і лячэння пацыентаў з захворваннямі сістэмы кровазвароту з выкарыстаннем шырокіх тэхналагічных магчымасцяў новага абсталявання:

— Выкарыстанне магчымасцяў новага абсталявання дазволіць павялічыць колькасць умяшанняў пры анеўрызмах аорты, а ў перспектыве і эндаваскулярных клапанных карэкцый, умяшанняў не толькі на артэрыях, але і пры структурнай паталогіі сэрца.

— Дзяржава ўкладае вялізныя сродкі ў медыцыну, — гаворыць на адкрыцці старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК. — Мы імкнёмся на нашай тэрыторыі ўкараніць самае сучаснае абсталяванне. З кожным годам павялічваецца працягласць жыцця людзей і паляпшаецца яго якасць. Сёння стаіць задача — каб новае абсталяванне выкарыстоўвалася круглыя суткі ў прафілактычных мэтах. Мы павінны ўкараніць сістэму начнога абслугоўвання, каб укладзеныя сродкі прынеслі аддачу.

Між тым абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і асваенне новага высокатэхналагічнага абсталявання — неабходная ўмова развіцця ўстановы аховы здароўя. Гомельскі кардыядыспансер сёння адпавядае высокім еўрапейскім стандартам. Штогод тут выконваецца каля 2000 каранарных ангіяграфій, больш за 1000 інтэрвенцыйных умяшанняў, больш за 400 аперацый пры парушэннях рытму і праводнасці ды іншыя маніпуляцыі.

У Гомель для атрымання складанай медыцынскай дапамогі прыязджаюць пацыенты не толькі з вобласці, але і з суседніх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. У якасці пацыента мы тут сустрэлі жыхара Браншчыны Леаніда Гранкіна:

— У вас усё праводзіцца куды больш тэхналагічна. У маім выпадку абследаванне, здалося, заняло ўсяго 10—15 хвілін. Я быў у прытомнасці і нават краем вока бачыў сваё сэрца. Ваш вопыт плюс тэхналогіі, якія забяспечвае новая апаратура, сапраўды прыцягваюць людзей з суседніх абласцей Расіі.


Брэстчына: На варце здароўя

У Брэсце напярэдадні свята адбылася знакавая падзея: у дзіцячай абласной бальніцы пасля рэканструкцыі адкрыліся два аддзяленні — прыёмнае і траўматолага-артапедычнае, а яшчэ харчаблок. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту было выдаткавана каля двух мільёнаў рублёў.

— Магчыма, гэты аб'ект і не такі маштабны, але яго значнасць нельга прымяншаць. Тое, што зрабілі сёння, — у першую чаргу для здароўя дзяцей. Гэта важная падзея ў жыцці вобласці і магчымых маленькіх пацыентаў, якія, на жаль, сюды трапляюць, — адзначыў падчас адкрыцця намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег ВЯЛІЧКА.

Штогод пацыентамі абласной бальніцы становяцца 24 тысячы дзяцей. Рамонт зрабілі літаральна за год, і сёння гэтая ўстанова — аб'ект высокіх тэхналогій з каштоўным і эфектыўным абсталяваннем.

Між іншым, гэта яшчэ не ўсе падарункі рэгіёну: днямі ў Пінску пасля капрамонту адкрыўся гарадскі зал лёгкай атлетыкі. Работы доўжыліся каля аднаго з паловай года: на новыя замянілі дзверы, вокны, сантэхніку, адрамантавалі душавыя. З мясцовага бюджэту на рэканструкцыю будынка было накіравана каля 290 тысяч рублёў.

На Століншчыне ўрачыста адкрылі пасля рамонту аўтамабільную дарогу Мачуль — Цераблічы, а ў аграгарадку Каленкавічы Камянецкага раёна адбыўся запуск прыроднага газу. Дарэчы, Каленкавічы сталі 15-м газіфікаваным аграгарадком з 17 у Камянецкім раёне.


Магілёўшчына: сярод навасёлаў — 92 дзіцяці

Дом, дзе паселяцца 28 шматдзетных сем'яў, здалі ў суботу ў Бялынічах. Навасёлы атрымалі ключы ад кватэр у новым 40-кватэрным жылым доме. Ва ўрачыстай цырымоніі ўводу яго ў эксплуатацыю прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады на чале са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам ДАМАНЕЎСКІМ. Уразіла тое, колькі малых прысутнічала на мерапрыемстве. Дарэчы, у гэтым доме будуць жыць 92 дзіцяці!

— Будаўніцтва жылля з'яўляецца прыярытэтным складнікам дзяржаўнай палітыкі. Рашэнне праблемы нарошчвання тэмпаў жыллёвага будаўніцтва мае шматмэтавы вынік: задавальненне патрэб грамадства ў жыллі, стварэнне нармальных і бяспечных умоў жыццядзейнасці, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, — адзначыў у сваёй прамове Уладзімір Даманеўскі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця адбылося святочнае мерапрыемства з чаяваннем, конкурсамі і спевамі. Увядзенне дома ў Бялынічах — гэта адзін з сацыяльна значных падарункаў, прымеркаваных да святкавання ў краіне 7 лістапада. Кватэры для шматдзетных будаваліся на ўмовах ільготнага крэдытавання. Яшчэ 12 кватэр маюць статус арэнднага жылля і будуць прапаноўвацца маладым спецыялістам.

А вось выхаванцы і выкладчыкі Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча адзначаюць наваселле 8 лістапада. Установа пераехала з плошчы Арджанікідзэ ў больш прыстасаваныя для заняткаў і пражывання будынкі па вуліцы Касманаўтаў, якія да капітальнага рамонту належалі будаўнічаму ліцэю.

У спісе іншых сацыяльна-значных падарункаў рэгіёну — адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Жамчужына» ў Асіповічах, вучэбна-лабараторнага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Акрамя гэтага, у Клімавічах адсвяткавалі адкрыццё рэканструяванай кацельнай, у Шклове на базе 4-й школы прэзентуюць футбольнае поле са штучным пакрыццём, а работнікі ўстаноў культуры Хоцімска атрымалі мікрааўтобус, вельмі патрэбны ім для работы.

Для бабруйчан жа падарункі яшчэ будуць у хуткім часе: здача ў эксплуатацыю шматкватэрнага дома і пешаходная алея ад праспекта Будаўнікоў да бульвара Прыбярэзінскі.


Міншчына: Для пажылых і інвалідаў

У Нясвіжскім раёне 7 лістапада ўрачыста адкрылася аддзяленне кругласутачнага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў. Гэты аб'ект размясціўся ў будынку былой сярэдняй школы ў вёсцы Лявонавічы. Папярэдне памяшканне было капітальна адрамантавана, заменены інжынерныя камунікацыі, уладкаваны медыцынскі кабінет, кухня, сталовая. Для абноўленай спартыўнай залы закуплены неабходны інвентар. Тут будуць займацца жыхары пансіяната. Плануецца таксама праводзіць розныя спаборніцтвы для сацыяльных работнікаў. Рэканструкцыю зрабілі за кошт сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы. Аддзяленне разлічана на 30 жыхароў, якіх будзе абслугоўваць персанал з 20 чалавек.

Кліенты змогуць тут не толькі адпачыць, падлячыцца, але і паўдзельнічаць у розных святах, мерапрыемствах, якія будуць ладзіць для іх супрацоўнікі ўстановы і валанцёры.


Мінск: Атрымалі ключы...

7 лістапада ў Заводскім раёне Мінска ключы ад кватэр атрымалі больш за сто сем'яў.

Аднасекцыйны 16-павярховы дом па вуліцы Магнітнай, 30 з вялікім добраўпарадкаваным дваром, трохузроўневай аўтастаянкай на 80 машына-месцаў і закрытай велапаркоўкай быў уведзены ААТ «МАПІД» датэрмінова.

Па рашэнні Мінгарвыканкама свае жыллёвыя ўмовы палепшылі сем'і 111 супрацоўнікаў розных падраздзяленняў ГУУС, у тым ліку 10 шматдзетных. Акрамя таго, 90 удзельнікаў долевага будаўніцтва скарысталіся дзяржпадтрымкай у выглядзе субсідый на пагашэнне працэнтаў па крэдытах, а шматдзетныя сем'і — на пагашэнне працэнтаў і асноўнага доўгу.

З нагоды наваселля ў жылой шматпавярхоўцы адбылося тэатралізаванае свята з уручэннем ключоў і розыгрышам прызоў. Дарэчы, мерапрыемства было прымеркавана адразу да дзвюх знакавых падзей: Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і 80-годдзя стварэння Заводскага раёна сталіцы.

...і адкрылі праезд

Нагадаем, пуцеправод на МКАД у Лошыцы асеў сёлета на пачатку жніўня. Прычынай паслужыла бэлька, якая не вытрымала нагрузкі ад праезду цяжкіх транспартных сродкаў.

Участак пад пуцеправодам на МКАД у Лошыцы ў напрамку Ігуменскага тракта і ў бок вуліцы Бабушкіна адкрыўся для руху транспарту 6 лістапада. Пра гэта паведаміў дырэктар ДП «Гардарбуд» Аляксандр ЯРОШЫК:

— У планах на аддаленую перспектыву — будаўніцтва на вуліцы Бабушкіна шасці палос з уладкаваннем разгонных і пашырэннем існуючых. Мяркуецца, што тут з часам можа з'явіцца дадатковае скрыжаванне.

Адкрыццё руху на знешнім боку пуцеправода адбылося 20 кастрычніка, а 3 лістапада адкрылі рух на ўнутраным. Усяго пасля прасадкі аб'екта рэканструкцыя маставога збудавання доўжылася тры месяцы.

Вольга АНУФРЫЕВА, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Сяргей КУЛАКОЎ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Маргарыта УШКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.