Вы тут

Узышло зярнятка, закаласілася...


Маё знаёмства з Вячаславам Адамчыкам адбылося завочна ў 1962 годзе. Тады я, дзевяцікласнік, няштатны карэспандэнт стаўбцоўскага «Праменя», па парадзе настаўніка беларускай літаратуры (выкладаў нам па сваіх студэнцкіх канспектах і знаёміў з творчасцю тых пісьменнікаў, каго не было ў школьных праграмах) стаў чытачом часопіса «Маладосць». Адпаведна, у той год прачытаў Адамчыкавы «Песню» і «Міг бліскавіцы». Асабліва ўразіла першае апавяданне. Незвычайнай прастатой, любасцю да маці, выявай жаночай нялёгкай долі і мовай. Усё было, як і ў нас. Але ж трэба ўмець вось так напісаць. Сказаў пра гэта настаўніку. Ён усміхнуўся: «Гэта, дарагі, проза. Густая, натхнёная».


1984 год. У гасцях у Васіля Быкава

Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы прадоўжыў завочнае знаёмства з пісьменнікам: зборнік прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), а ў кнігарні набыў «Міг бліскавіцы» (1965). Студэнтам паспрабаваў свае магчымасці ў прозе, але першыя набыткі поспеху не мелі. Загадчык аддзела прозы аднаго часопіса казаў: «Вось нечага крыху не хапае. І трэба найперш знайсці сябе і сваё».

У 1968-м на кафедры беларускай літаратуры філфака БДУ каля стэнда з тэмамі дыпломных работ мяне заспеў наш выкладчык, ужо вядомы празаік Іван Навуменка. «Будзеш, — сказаў непахісна, — пісаць дыпломную пра творчасць маладых празаікаў: І. Пташнікава, В. Адамчыка, І. Чыгрынава, Б. Сачанку, М. Стральцова». Радасці гэта не надало: тыя мелі па дзве-тры кнігі ды пра іх яшчэ не было грунтоўных артыкулаў, не кажучы пра манаграфіі. Адпаведна, на каго абаперціся? Іван Якаўлевіч зразумеў маю занепакоенасць. «Можаш, — дадаў, — адразу двух зайцоў застрэліць: прасочыш, зразумееш, як і з чым яны пачалі ісці ў літаратуру, што стане і для цябе, пачаткоўца, пэўным вопытам. Па-другое, калі пастараешся як след, то можаш дыпломную пераўвасобіць у кандыдацкую. Кіраўніком буду я».

Што ж, згадзіўся. Напісаў дыпломную на прапанаваную тэму, яе ўхвалілі на абароне, кіраўнік сам занёс асобнік (ксераксаў не было, спецыяльна перапісаў ад рукі копію) у аддзел крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя». Ды... Армія, праца вясковым настаўнікам і, галоўнае, шанцаванне ў публікацыях апавяданняў, першай аповесці, падрыхтоўка першай кнігі перапынілі мой уваход у літаратуразнаўчую эліту. Кандыдацкія, мабыць, і доктарскія па творчасці таго пакалення нашых празаікаў абаранялі ўжо іншыя.

Гэтае пакаленне адметнае. Яно нарадзілася ў 1930-я гады, дзецьмі зведала ўзнёслы і трагічны час, падлеткамі — вайну, акупацыю, з цяжарам жудаснага права вінтоўкі. Выжыўшы, пераадольваючы пасляваенную нястачу, узмоцнены сталінскі рэжым, учэпіста ўхапілася за жыццё. Усе пяцёра падаліся на аддзяленне журналістыкі БДУ, галадалі (Адамчык мусіў сысці і ўладкавацца ў «Знамя юности») і з хрушчоўскай адлігай падалі свой гучны грамадзянскі голас артыкуламі, апавяданнямі.

У 1950-я заявіць пра сябе, сваё ў прозе было нялёгка. Наша проза вельмі пацярпела ў 1930-я: шмат маладых, але ўжо сталых пісьменнікаў было фізічна вырвана з жыцця, а ў 1944-м не стала і волата, акалечанага ў сталінскіх падвалах, Кузьмы Чорнага. Ён у свае 44 гады здолеў не толькі далучыцца да Коласа-празаіка, але і, пераадольваючы лютую крытыку, што штурхала яго да схематызацыі і ідэалізацыі, развіць многія тэндэнцыі, тэмы, глыбока спасцігнуць свет сялян, розных слаёў местачкоўцаў, гараджан, беларускую душу і пры гэтым (нароўні тады з забароненым, малавядомым Максімам Гарэцкім) даць яркія ўзоры беларускай народнай мовы, мастацкасці. У многіх творах ён падняўся да ўзроўню любімых Бальзака, Заля, Гамсуна. І калі б не засілле вульгарнай крытыкі, не яго ранняя смерць... Ды, на шчасце, пачулі яго боль: «Божа, напішы за мяне мае раманы!».

1981 год. У сваім полі, каля камянёў...

Як і калегі па творчасці, Адамчык уважліва асвойваў чорнаўскія традыцыі (адзін са сваіх артыкулаў пра класіка назваў паважліва «Ён чуў душу народа»). Найперш у спасціжэнні самага блізкага, радаснага і журботнага, а то і трагічнага, што адбывалася ў родных мясцінах, у сям’і, у душы самога. Гэтае спасціжэнне зусім не вяло да замкнёнасці, правінцыяльнасці. Яно было поглядам са свайго акна ў свет вялікі, як гэта на рускіх рэаліях умелі выдатна рабіць Талстой і Дастаеўскі, адкрыты ў 1950-я Іван Бунін, а ў нас у 1960-я — Максім Гарэцкі. Іхняе асабістае стала ў літаратуры ўсеагульным дасягненнем.

Амерыканскі пісьменнік У. Фолкнер гаварыў: «Мая радзіма — маленькая марка на вялікай карце краіны, але мне мо і жыцця не хопіць, каб грунтоўна даследаваць яе, гэтую марку». Для Адамчыка «маркай» сталі Варакомшчына цяперашняга Дзятлаўскага раёна. «Дзікаватае, незвычайнае слова, — зазначыў ён. — Але яно для мяне хрумсціць як нарэзаная скрылікамі і падсмажаная з алеем бульба... Па мацярынскай нітцы — ці не татары... Бацькаў род — прымачы... Не мелі права на спадчыну...»

Апошняе ва ўмовах Заходняй Беларусі мела асаблівае значэнне. «Як помню сябе, помню бітву і калатэчу за зямлю...» Дзяцінства ўспамінаю як нейкую далёкую радасць, тую ціхую радасць, як пісаў Талстой, у якой «немного чего-то недостаёт».

Набраўшы творчую сілу, літаратурнае майстэрства, Адамчык асабліва вылучыўся сярод равеснікаў і ва ўсёй нашай літаратуры ў 1960-я. Гэта яго варакомскія апавяданні «Прыгаршчы жывое вады», «Урок арыфметыкі», «Дзень ранняе восені», «Там, на хутары», «Кароль нябожа». Гэта цудоўная кніга «Дзікі голуб» (1972). Не ўсім упадабалася яго варакомская тэматыка, праўда пра сялянскае жыццё, свае цяжкасці (існаванне ў падпаветцы, ледзь не загінуў ад нямецкай бомбы, навучанне пасля «нямецкай» школы ў савецкай вячэрняй, работа грузчыкам). Некаторыя не бачылі ў гэтым важнага грамадскага, сацыяльнага. Нават яго надзвычай каларытную мову, што абагаціла ўсю беларускую літаратурную, прымалі ледзь не за дыялектную. Не суцішыла нават тое, што Адамчыкавы творы надрукаваў сам «Новый мир». Тут сваё вялікае слова сказаў наш знакаміты празаік Іван Мележ, які цвёрда заявіў: «Адамчыкава проза — гэта выдатная проза, гонар наш, Адамчык — адзін з найлепшых нашых навелістаў усіх часоў».

А 1974 год стаўся шчаслівы і для Адамчыка, і, выбачайце за нясціпласць, для мяне таксама. Ён выдаў сваё першае выбранае ў серыі «Бібліятэка беларускай прозы», што сведчыла пра яго прызнанне, а я стаўся аўтарам першай кнігі. З прадмовай яго, Вячыслава Уладзіміравіча. І напісаў ён так, што мне і цяпер даводзіцца рабіць нямала намаганняў, каб апраўдаць ягоныя давер і аванс. А ў 1980-м дастаў з шуфляды сваю дыпломную. Перагледзеў раздзел пра Адамчыка і прапанаваў «ЛіМу», які надрукаваў яго ў трох нумарах пад назвай «Крокі да вялікай кнігі». Публікацыя далася дорага: на мяне разлютавана напісаў тагачасны мэтр у крытыцы за некаторыя высновы самастойнасці ў літаратуры.

Пасля гэтага мы пазнаёміліся ўжо вочна, пасябравалі. Вельмі прыязна паставілася яго жонка, абаяльная, далікатная і высокаінтэлектуальная Ніна Уладзіміраўна Глобус, якая працавала ў бібліятэцы Саюза пісьменнікаў і пры першай нашай сустрэчы сказала нямала цёплых слоў пра мае апавяданні. У 1977-м, працуючы ў аддзеле прозы часопіса «Полымя», я меў трывогу і шчасце адным з першых прачытаць у рукапісе Адамчыкаў раман «Чужая бацькаўшчына». Хваляванне — бо няпроста раманісту-эпіку ствараць кароткае, але напоўненае апавяданне, а навелісту з лірычным складам — раман з разгалінаванымі лініямі, з мноствам розных герояў. На шчасце, Адамчык паспяхова асвоіў і новы жанр. Чытаеш і як на ўласныя вочы бачыш тыя лес, вёску ў «шэра-жоўтым колеры — колер прывялага лета, спелага жыта і нашае нішчымнае зямлі» чуеш пажылых і маладых людзей, іх клопаты, размовы. А апісанню любоўнай інтрыгі можна толькі пазайздросціць.

На пачатку 1980-х нас пасуседзіла лецішча паблізу Малой Валоўшчыны каля Заслаўя. Там мы сустракаліся амаль штотыдзень, вялі даверлівыя размовы. Мо і ў выніку іх Вячаслаў Уладзіміравіч усюды мяне «штурхаў» — у партбюро Саюза пісьменнікаў, у розныя камітэты. «Трэба, каб ты там быў». З нашых размоў я даведаўся, што ў яго задумах — новыя раманы: «Год нулявы», «І скажа той, што народзіцца», «Голас крыві брата твайго». У іх — не асобныя эпізоды з Варакомшчыны, а яе гістарычныя шляхі ў пераломныя часы розных улад, вайны. Зразумела, вельмі скаладана было асэнсаваць ваенныя перыпетыі, калі ў жыццё вёскі ўмяшалася нечаканае, страшнае, часам лёсавызначальнае і бязлітаснае: нямецкая акупацыя, акружэнне з ліку савецкіх ваеннаслужных, не толькі мясцовыя паліцаі, але і нямецкія памагатыя з Расіі і іншых краёў, польскія, савецкія партызаны, тамтэйшыя патрыёты, якія не жадалі служыць ні акупантам, ні ўладам да іх... Гэта быў такі заблытаны клубок, што, каб у ім разабрацца і, самае важнае, сказаць пра яго праўду, трэба было праявіць незвычайныя волю і смеласць.

...Аднаго дня Вячаслаў Уладзіміравіч, які ці то падоўгу бываў на лецішчы, ці, наадварот, на працяглы час знікаў з яго, паклікаў да сябе і запрасіў падняцца на другі паверх ягонага дома. Падышлі да акна. За ім — поле, высокі і разлапісты адзінокі дуб, недалёка лес. «Люблю тут часам пастаяць», — сказаў ён. Я не змог падняць вочы на яго, схуднелага, адышлівага, з паслабелым голасам. Сцялася сэрца ў трывозе: ці не развітваецца ён з любімым краявідам? Мой неспакой быў не без падставы. Праз некалькі дзён яго, спакойнага і эмацыянальнага, уважлівага і часам іранічнага ды злога на ліхадзейства, таленавітага, пацярпелага і прызнанага ў прыгожым пісьменстве, не стала...

У аўтабіяграфіі ён прызнаваўся: «Шчаслівы буду, калі на ніве беларускай літаратуры ўзыдзе і маё зярнятка». Безумоўна, яго мара спраўдзілася.

Удзячны Генрых ДАЛІДОВІЧ

Фота з сямейнага архіва Уладзіміра Адамчыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.