Вы тут

Сёння прайшло развітанне з Ігарам Лучанком


Народны артыст Беларусі і СССР, выпускнік трох кансерваторый, нязменны кіраўнік Беларускага саюза кампазітараў, аўтар мноства песень, якія любяць некалькі пакаленняў слухачоў, — песні Ігара Лучанка пазнаюць з першых акордаў і нават часта лічаць народнымі. 2 лістапада кампазітар быў шпіталізаваны з інсультам, пасля якога знаходзіўся ў медыкаментознай коме. Урачы сталічнай бальніцы хуткай дапамогі рабілі ўсё магчымае, але... 12 лістапада Ігара Міхайлавіча не стала, — і гэта непапраўная страта не толькі для родных і блізкіх, кампазітараў і паэтаў, артыстаў, музыкантаў, не толькі для беларускай музыкі, але для нашай культуры наогул.


Фота: sb.by

Народны артыст Беларусі, кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка заўжды падтрымліваў сяброўскія стасункі з кампазітарам, нават запрашаў Ігара Міхайлавіча на юбілейны канцэрт 31 кастрычніка, аднак той не змог прыйсці, бо дрэнна сябе адчуваў: «Былі яго жонка і сын Андрэй, я прадставіў іх слухачам і сказаў, што песні Ігара Міхайлавіча заўжды будуць у нашым рэпертуары. І ўсяго праз некалькі дзён даведаўся пра тое, што ў яго здарыўся інсульт. На маю думку, гэта такая вялізная страта, памер якой зараз папросту цяжка ацаніць... Шчыры смутак у нашых сэрцах і вечная памяць Ігару Міхайлавічу Лучанку...»

«Калі сыходзяць такія людзі, звычайна гавораць, што сышла эпоха. Адзінае, што можа ўтрымаць яе, працягнуць яе гучанне, — гэта памяць сэрца, — напісала ў сацыяльных сетках спявачка Настасся Ціхановіч. — І вельмі хочацца зберагчы гэту памяць, каб усё тое важнае, цудоўнае, глыбокае і шмат у чым гаючае мастацтва такіх нешматлікіх не па званні, а па нашым прызнанні, сапраўды вялікіх і народных беларускіх творцаў працягвала гучаць і заўжды было актуальным, бо часта гэта — старонкі нашага жыцця, нашы пачуцці, нашы ўспаміны, асабістая гісторыя, якую суправаджаюць гукі любімых мелодый...»

Імя Ігара Лучанка шмат гадоў непарыўна звязана з творчасцю «Песняроў». Мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Раман Козыраў зазначае, што музыканты вельмі блізка да сэрца прынялі сумную навіну, якая сустрэла іх на радзіме: «Мы літаральна толькі вярнуліся з гастроляў па Расійскай Федэрацыі, выступалі ў тым ліку на Поўначы, і ўсе гэтыя канцэрты пачыналі з тэмы сёлетняга юбілею Ігара Міхайлавіча, шмат расказвалі пра яго, спявалі яго песні. Іх, дарэчы, расійскія слухачы добра помняць і любяць — калі мы пачыналі іграць «Алесю», «Зачараваную», «Мой родны кут», іх вельмі цёпла прымалі і падпявалі. А днямі, калі «Песняры» выступалі ў тым ліку з песнямі Ігара Лучанка ў пасольстве Беларусі ў Маскве, вялікая зала была набітая бітком, і людзі нават пры высокіх чынах і званнях сядзелі на прыступках, каб паслухаць гэты канцэрт... Апошні раз мы з Ігарам Міхайлавічам бачыліся на ягоным юбілейным вечары ў філармоніі, і я тады адзначыў для сябе: яго песні добра ведае і сучасная моладзь, а значыць, яны будуць жыць і гучаць надалей — і гэта, мабыць, самае важнае для кожнага творцы, ведаць, што твая спадчына застанецца. Прынамсі, наш калектыў зробіць для гэтага ўсё магчымае».

«Звязда», таксама як і калегі па творчым цэху, выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Ігара Міхайлавіча Лучанка. Развітанне з кампазітарам пройдзе 14 лістапада ў Цэнтральным Доме афіцэраў.

* * *

Спачуванне ў сувязі са смерцю народнага артыста СССР Ігара Лучанка яго родным, блізкім і калегам накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуюць у сувязі са смерцю старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз кампазітараў» народнага артыста СССР Лучанка Ігара Міхайлавіча і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь смуткуе ў сувязі са смерцю Ігара Міхайлавіча Лучанка, беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста Беларусі і СССР, прафесара, і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім.

* * *

Ігар Лучанок: Мая палітыка — гэта мае песні

5 фактаў пра Ігара Лучанка

Песні эпохі

Ёсць такая прафесія!

Загаловак у газеце: Светлая памяць, Маэстра

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.