Імклівае развіццё тэхналогій сказваецца і на адным з самых тэхналагічных відаў мастацтва – кіно. Працэс стварэння фільма таннее і спрашчаецца, таму патэнцыйныя аўтары могуць зрабіць свае першыя крокі ў кінаіндустрыі дзякуючы звычайнаму тэлефону. Міжнародны фестываль мабільнага кіно velcom Smartfilm бярэ гэты прынцып на ўзбраенне і абвяшчае свой восьмы сезон: з 20 лістапада кандыдаты могуць прапаноўваць свае фільмы да ўдзелу. Галоўныя патрабаванні: работы павінны быць знятыя на тэлефон, а іх хронаметраж не можа перавышаць дзесяці хвілін.
Тэма гэтага году дае ўдзельнікам пэўную свабоду: “Заснавана на рэальных падзеях”, здаецца, аўтараў амаль не абмяжоўвае. Заяўкі будзе разглядаць прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі добра вядомыя ў кінаіндустрыі праграмны дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў, каардынатар Нацыянальнага конкурса на “Лістападзе” Мікалай Лаўрэнюк, кінакрытыкі Ганна Яфрэменка і Антон Сідарэнка, кінажурналіст Тарас Тарналіцкі, прадзюсар Леанід Каліценя.
Свайго пераможцу будзе выбіраць і так званае народнае журы пад кіраўніцтвам рэжысёра Улады Сяньковай, у склад якога тэарэтычна можа трапіць кожны жадаючы – дастаткова толькі прайсці спецыяльны тэст на афіцыйным сайце фестывалю smartfilm.by.
Удзельнікі будуць змагацца за Гран-пры, першую, другую і трэцюю прэміі фестывалю, а таксама за званне “Найлепшы баёпік” і “Найлепшы сцэнарый, заснаваны на рэальных падзеях”. Пераможцам будуць уручаны грашовыя прызы і падарункі, у тым ліку смартфоны, ад генеральнага партнёра Smartfilm’а кампаніі Huawei.
Падаваць свае заяўкі на ўдезл – то бок знятыя на камеру мабільнай прылады фільмы – можна да 29 снежня, а вынікі будуць падведзены 31 студзеня ўжо новага года. Пераможцы і работы з шорт-ліста фестывалю будуць даступныя для прагляду на сайце праекта VOKA.
Апроч конкурсу Smartfilm прадугледжвае таксама шэраг мерапрыемстваў, напрыклад, спецыяльны паказ карціны “Халодны фронт” і вечарыну з удзелам актрысы, што ў ім сыграла, Дар’і Чарнушы. На івэнты фестывалю можна трапіць бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі.
Фестываль арганізуе кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства культуры.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?