Вы тут

Жаночы погляд на пачатак ХХ стагоддзя


Сёлета адзначаецца юбілей не толькі Максіма Гарэцкага, але і Леанілы Чарняўскай (Гарэцкай), якая была равесніцай свайго мужа і нарадзілася 16 лістапада 1893 года. Менавіта яна была прататыпам настаўніцы Ірыны Сакавічанкі з аповесці «Дзве душы», вобраз якой створаны пісьменнікам з вялікай чуласцю і замілаваннем.


Леаніла Чарняўская-Гарэцкая з дзецьмі. Масква. 1924 г.

Леаніла Чарняўская скончыла Марыінскае вышэйшае вучылішча ў Вільні, у 18 гадоў ужо працавала настаўніцай пачатковай школы ў сяле Залессе на Дзісеншчыне. У 1919 годзе — у 26 гадоў — Леаніла Чарняўская пабралася шлюбам з Максімам Гарэцкім.

У 1919—1921-х гадах пабачылі свет тры чытанкі для дзяцей, падрыхтаваныя Леанілай Чарняўскай. Другая палова 1920-х — пачатак 1930-х гадоў — час плённай літаратурнай дзейнасці. Леаніла Чарняўская шмат перакладае (бо працуе перакладчыцай у Белдзяржвыдавецтве), піша апавяданні для дзяцей (бо ў 1929—1932 гг. супрацоўнічае з часопісам «Іскры Ільіча») і, галоўнае, стварае ўнікальную прозу, дзе адлюстраваны жаночы досвед сялянкі-беларускі пачатку ХХ стагоддзя.

Першае апавяданне Л. Чарняўскай «Бяздзетуха» датуецца 1926 годам. На час напісання аўтарка мела 33 гады і на працягу найбліжэйшых сямі гадоў у друку з’явілася 16 яе апавяданняў.

Творы Леанілы Чарняўскай былі напісаны ў той час, калі асноўнай тэндэнцыяй савецкай культуры быў аптымістычны погляд у будучыню і адначасова крытычнае стаўленне да традыцыйнага сялянскага ладу жыцця. Калі справа датычылася выяўлення звыклага вясковага свету, пісьменніца магла быць нашмат больш шчырая, чым, напрыклад, Максім Гарэцкі, які пісаў пра рэвалюцыйныя падзеі ў Вільні. Дзякуючы смеламу падыходу пісьменніцы да выяўлення думак і пачуццяў сваіх гераінь, мы можам уявіць тагачасную дзяўчыну-сялянку, зразумець яе праблемы, страхі, мары і спадзяванні.

У творах Леанілы Чарняўскай жаночае жыццё ў патрыярхальным грамадстве, як правіла, праблематызуецца: гераіня адчувае сябе няўтульна, яна вымушана слухацца старэйшых, яе патрэбы і жаданні ігнаруюцца, вельмі часта яна паўстае стомленай, разгубленай, засмучанай, бездапаможнай. Нярэдка абмалёўваюцца сітуацыі, некамфортныя для дзяўчыны: калі яна вымушана падпарадкавацца волі мужчын або старэйшых сваякоў (прымусовая выпіўка з непрыемнымі наступствамі, абдымкі непрывабнага мужчыны, згода на непажаданы шлюб).

Акцэнтаванне залежнасці, несамастойнасці жанчыны ў патрыярхальным грамадстве было ўвогуле характэрным для беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. Але паміж гераінямі пісьменнікаў-мужчын і Л. Чарняўскай ёсць вялікая розніца. Калі мужчына піша пра жанчыну як пра Іншага (звяртаецца да міфаў, гендарных стэрэатыпаў, літаратурных мадэляў), то жанчына нашмат часцей піша пра жанчыну як пра сябе: адлюстроўвае ўласны досвед, шырэй — досвед прадстаўніц канкрэтнай сацыяльнай ці нацыянальнай групы, што ёсць істотнай асаблівасцю, бо жаночыя вобразы ў жаночай прозе, як правіла, нашмат больш рэалістычныя і інфарматыўныя ў параўнанні з вобразамі, створанымі мужчынамі.

Найбольш адметна ў творчасці Леанілы Чарняўскай раскрыта тэма «Жанчына і дзіця». Тут аўтарка была шчырая, непасрэдная і не баялася абвергнуць стэрэатыпы жаноцкасці, якія на працягу стагоддзяў трансляваліся і замацоўваліся праз мастацкія тэксты.

Леаніла Гарэцкая з дачкой Галінай.

Так, Леаніла Чарняўская зусім не ідэалізавала дзяўчынку-няньку. У яе творах абавязак даглядаць малодшых дзяцей — не нагода для радасці, а адна з першых непрыемнасцяў у жыцці дзяўчынкі, як правіла, не вядомая хлапчукам. У апавяданні «Нянька» абавязак забаўляць малодшага брата — «пакута для Параскі такі і немалая. На дварэ вясна. Хоць яшчэ толькі пачатак вясны, але сонейка вясёлае, неба сіняе, ветрык ласкавы. Не бачыш, не чуеш ласкі веснавога сонейка, павеву ветрыка, седзячы ў хаце. А з малым — куды пацягнешся? Доўга з ім не выстаіш, а ў гразь не пасадзіш».

Дзяўчынка хутка пачынае разумець, што дзеці — гэта адказнасць і вялікі клопат. Адсюль — усведамленне таго, што дзеці могуць быць праблемай. У апавяданні «Бяздзетуха» аўтар паказвае, як ставяцца да гэтага «клопату» вясковыя жанчыны.

Паводле гэтага твора, нежаданне мець дзяцей тлумачыцца шэрагам прычын: — няўпэўненасць жанчыны ў дабрабыце сям’і. «Падумаю, падумаю: што, калі і я ў матку сваю ўдалася, — пачну па двое дзяцей штогод вадзіць — згнію ў беднасці. Што баюся дзяцей дык і сказаць не магу», — прызнаецца бяздзетная сялянка Арына і расказвае замову, якая дапамагае пазбавіцца дзяцей. — страх перад цяжкасцямі, якія чакаюць маладую маці:

«Тры гады толькі маладушка замужам, а ўжо двое дзяцей мае і трэцім ходзіць. Памятае Аўгінька яе вяселле. Як ягада чырвоная тая была тады. А цяпер схудзела, счарнела, састарэла без пары. Гняўлівая стала, як кабыла наравістая, што зубамі так і хапае». — непрыязнае стаўленне да мужа. Менавіта ў такую сітуацыю трапляе Аўгінька, галоўная гераіня апавядання. Яна не хоча нараджаць дзіця ад нялюбага і «чаруе», каб не мець дзяцей.

Калі ў мужчынскай прозе нелюбоў да дзяцей, як правіла, з’яўляецца адной з характарыстык адмоўнай гераіні, то Леаніла Чарняўская паказвае, што далёка не ў кожнай жыццёвай сітуацыі мацярынства — радасць для жанчыны.

«Вясновыя хмаркі» — яшчэ адно апавяданне, у якім пісьменніца, па сутнасці, дэканструявала адзін са стэрэатыпных жаночых вобразаў — трагічны вобраз матулі над калыскай хворага дзіцяці. Леаніла Чарняўская апісала супярэчлівасць стаўлення маладой жанчыны да хворага немаўляці, падкрэсліла, наколькі складана ў плане псіхалагічным і эмацыянальным даглядаць дзіця падчас доўгай хваробы.

У апавяданнях «Нянька», «Варка», «Петручок» жанчына, якая ўжо рэалізавалася як маці, паўстае ўважлівай і клапатлівай. У творах падкрэсліваюцца выхаваўчыя моманты: як маці рэагуе на няправільныя ўчынкі, як вучыць дзяцей быць абачлівымі, асцярожнымі, чулымі. Маці нярэдка адчувае сябе вінаватай: яна заўсёды мае багата спраў, таму не можа прысвячаць дзецям шмат увагі, часта вымушана пакідаць іх адных. Безумоўна, вялікай палёгкай для маці-працаўніцы робіцца адкрыццё дзіцячага садка, што акцэнтуецца ў апавяданні «Нянька».

Вырашэнне многіх жаночых праблем пісьменніца звязвала з сацыяльнымі пераўтварэннямі: з’яўленнем дзіцячых садкоў, магчымасцю атрымліваць вышэйшую адукацыю, павелічэннем працоўных месцаў для жанчын і г. д.

Найбольш адметна голас Леанілы Чарняўскай гучаў у другой палове 20-х гадоў. У пачатку 1930-х яна пісала пераважна для маленькіх чытачоў, адкрываючы простыя жыццёвыя і савецкія ісціны, і ў адрозненне ад многіх тагачасных творцаў была аўтарам надзвычай гуманістычным.

Пасля ад’езду ў Вятку ў 1932 годзе — следам за мужам, які быў высланы з Беларусі пасля арышту па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі — імя Леанілы Чарняўскай дастаткова рэдка згадвалася ў друку, яна адышла ад літаратурнай дзейнасці і напісала ўсяго некалькі празаічных твораў. Грамадская атмасфера была неспрыяльная для творчасці; высылка мужа і яго смерць, безумоўна, прымусілі Леанілу Чарняўскую па-іншаму паглядзець на савецкую рэчаіснасць. Разам з тым у 1960 і 1979 гг. пабачылі свет зборнікі апавяданняў Леанілы Чарняўскай, адрасаваныя дзецям, а кніга «Апавяданні», выдадзеная ў 1983 г., была адзначана ў друку рэцэнзіямі Міхася Кенькі і Святланы Хорсун.

Гэта невялікая кніжка можа стаць сапраўдным адкрыццём для аматараў айчыннай класікі і ў прыватнасці творчасці Максім Гарэцкага. Многія творы Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай варта чытаць разам — каб супаставіць мужчынскі і жаночы погляд на вельмі падобныя жыццёвыя сітуацыі: «Чарнічка» і «Папова батрачка», «На этапе» і «Бяздзетуха», «Ціхая плынь» і «Юльчыны ўспаміны»…

 Дачка пісьменнікаў Галіна Гарэцкая, на жаль, не пакінула згадак пра тое, як Максім Гарэцкі ставіўся да творчасці сваёй жонкі, якім быў іх супольны ўдзел у літаратурным жыцці другой паловы 1920-х гадоў, што было агульнага ў «творчай кухні». Літаратурныя размовы, парады, падказкі, вядома, мелі месца ў жыцці гэтай сямейнай пары. Нельга не згадаць і той факт, што сярод шматлікіх перакладаў Л. Чарняўскай ёсць аповесці і апавяданні безумоўных класікаў — Р. Кіплінга, Э. Сэтан-Томпсана, Ш. Костэра. Гэтыя творы дакладна абмяркоўваліся ў сям’і Гарэцкіх: на скрыжаванні тэкстаў чуюцца далёкія галасы, і можна здагадвацца, удакладняць, дадумваць…

Творы Леанілы Чарняўскай — нагода для разваг і адкрыццяў, магчымасць у новым ракурсе ўбачыць традыцыйнае сялянскае жыццё і вылучыць новыя тэндэнцыі ў тагачаснай беларускай літаратуры.

Алеся ЧАРНАВОКАЯ

Загаловак у газеце: Праз вясновыя хмаркі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.