Вы тут

Фільм «Удовы» паказвае, як жанчыны вырашаюць свае праблемы


Вы думалі, што тут павінна разыграцца чарговая відовішчная гісторыя пра спланаванае і зладжанае абрабаванне, але ў фільме «Удовы» без трукаў і гламуру паказана вельмі мудрагеліста закручаная драма, у якой задзейнічаны тры ўдавы, злачынец-здраднік, брудная палітыка, адносіны бацькоў і дзяцей, сямейныя трагедыі і здольнасць сябраваць. Гэта ж Стыў МакКуін — аўтар адзначанага ў Канах «Голаду» і карціны «Сорам» з Майклам Фасбэндэрам у галоўнай ролі ды аскараноснага фільма «12 гадоў рабства». Чарговая гісторыя жаночага абрабавання, толькі, на шчасце, не ў традыцыйным выглядзе прыгодніцкага фільма, ідзе ў пракаце.


Колькі тут усяго намешана: і прыватнага, і замалёвачнага пра амерыканскае жыццё, і абыгрывання стэрэатыпаў — толькі абрабаванне становіцца не мэтай карціны/герояў/сюжэта, а іх інструментам. Ніякіх адрэпеціраваных і філігранных рухаў, зладжанай каманды, духу авантурызму, рамантызацыі рабавання, каштоўных камянёў і калье. Галоўныя гераіні аказаліся перад неабходнасцю ўзяцца за справу, калі іх мужчыны памерлі падчас спробы ўкрасці два мільёны долараў, і адной з іх — Вероніцы, якую іграе Віёла Дэвіс, — выставілі адпаведны рахунак. Перад неабходнасцю, трэба падкрэсліць.

У адной з акруг Чыкага ёсць дзве кандыдатуры на пост олдэрмена: Джэк Маліган (Колін Фарэл), што паходзіць з сям'і палітыкаў і пераймае сваю палітычную кар'еру ад бацькі ў спадчыну, і разбойнік-афраамерыканец Джамал Мэнінг (Браян Тайры Генры), які хоча пачаць новае жыццё і атрымаць магчымасць рэальнага ўплыву на людзей. Ёсць тут таксама і вядомы злачынец Гары Роўлінгс (Ліям Нісан) — муж Веронікі, — які аднойчы днём вырашае ўкрасці два мільёны ў Джамала Мэнінга і быццам памірае. Увогуле ўсе яны ў пэўным сэнсе злачынцы.

Карціна раскрывае свае сакрэты паступова, і тое, што падавалася звычайнай прыгодай, абарочваецца фільмам з даволі шматгранным сюжэтам. І ў гэтым сюжэце хапае сюрпрызаў, у тым ліку эмацыянальных для гледача, настолькі ў розныя цэлі мецяць эпізоды.

Працэс падрыхтоўкі і ўласна рабавання ў фільме займае даволі нязначнае месца, усё нават амаль абышлося без пафасных жыццесцвярджальных фраз — экран занялі разлад, спрэчкі і першапраходніцтва ва ўсім, што пацягнула за сабой некаторую вуглаватасць і недарэчнасць. На першы план вышлі якраз асабістыя перажыванні адзінокіх жанчын, вымушаных змагацца за існаванне ў новым для іх свеце з новымі правіламі. І драма паміж Веронікай і яе памерлым мужам Гары, які аказаўся кардынальна не тым, кім падаваўся.

«Удовы» выглядаюць вельмі спагадлівымі сучаснай рыторыцы, таму яшчэ цікавей разглядаць іх у кан'юнктурным кантэксце. Прычым карціна вызначаецца не такімі відавочнымі і простымі рашэннямі, якія прадэманстраваў, напрыклад, фільм «8 сябровак Оўшэна», зноў жа пра абрабаванне, у адказ сучасным павевам ператвораны са знакамітых «сяброў Оўшэна».

Так, «Удовы» таксама, свядома альбо не, адказваюць эпосе #MeТoo: невыпадкова амаль кожны мужчына ў фільме — адмоўны персанаж, а амаль кожная жанчына — церпіць ад правілаў, што той устанаўлівае. Адну з удоў яе мужчына біў, у другой браў і прагульваў грошы, ну а ўчынкі трэцяга і галоўнага з іх Гары Роўлінгса ўвогуле перавернуць усё з ног на галаву. Не выклікае спачування і Джэк Маліган, што, апроч іншага, «вымалёўвае «вобраз амерыканскай палітыкі і пяць мільёнаў долараў «адкатаў», якія стануць мэтай рабаўнікоў (што сімвалічна неяк аблягчае злачынства галоўных гераінь, бо грошы трапілі ў сейф палітыка незаконным шляхам). Пэўны стэрэатып абыгрываецца і ў бандзе Джамала Мэнінга, што займаецца разбоем, — яны, канешне, афраамерыканцы.

Шматзначны і склад галоўных гераінь, які падкрэслівае мультыкультурную Амерыку і таксама — ці то з іроніяй, ці то не — выкарыстоўвае стэрэатыпы. Адна з удоў Эліс паходзіць з Польшчы — яна прыгожая, вызначаецца лёгкасцю на пад'ём і выкарыстоўвае сваю прыгажосць, каб зарабіць грошы эскортам. Іспанскамоўная Лінда мае вялікую сям'ю, вынаходлівасць і тэмперамент. У Веронікі — афраамерыканкі — даволі сілы, каб пайсці найскладанейшым шляхам і правярнуць абрабаванне па схеме свайго мужа.

Усё ў выніку тэарэтычна пачалося са злачынстваў палітыка і рукамі жанчын, што праз абрабаванне ўстанавілі пэўную справядлівасць, на ім жа закальцавалася. Такім чынам у цалкам прагнілы свет, дзе тыя, хто мае ўладу, уступаюць у змовы з адкрытымі крыміналамі, дзе ўсё вырашаюць вялікія сумы, а шчырасці не засталося ні ў публічным жыцці, ні ў прыватным, жанчыны прынеслі пэўны баланс. І пайшлі дапамагаць бедным і бібліятэкам.

У пракаце фільм можна паглядзець да 19 снежня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Сапраўдная сіла ў безвыходнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.