Вы тут

Сметнік у горадзе. Магілёўская гісторыя працягваецца


Крыху болей за месяц таму на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул «Сметнік у горадзе», дзе размова ішла пра тое, як магілёўскі актывіст змагаецца супраць несанкцыянаванай звалкі на пустуючай тэрыторыі. Нагодай для напісання матэрыялу стаў зварот старшыні вулічкама № 5 Ленінскага раёна Магілёва, члена Савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразоны № 4 Віталя Гардзеева.


Тэрыторыя, на якой усё адбываецца, якраз уваходзіць у мікразону, якую ён «апякуе». Старшыня вулічкама паскардзіўся на ліцэй № 9, сцвярджаючы, што гісторыя з захаваннем смецця на нічыёй зямлі паўтараецца не першы год. З гэтым пытаннем ён звяртаўся ў афіцыйныя ўстановы: апошні раз, мяркуючы па тых дакументах, якія ён прадставіў, гэта адбылося летась у лістападзе. Напрыклад, у афіцыйным адказе за подпісам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Віктара Лаўрыновіча размова ішла пра тое, што пры абследаванні прылеглай да ліцэя № 9 тэрыторыі сапраўды былі знойдзены бытавыя адходы і апалая лістота. Установе было вынесена прадпісанне прыбраць смецце. Сёлета Віталь Гардзееў запрасіў карэспандэнта «Звязды» паглядзець, як усё адбываецца на справе. Сапраўды, навучэнцы зносілі апалую лістоту ў выкапаную экскаватарам ямку. На ўскрайку яе таксама ляжала сучча разам са шпакоўняй. Усе прыкметы таго, што гісторыя паўтараецца?

Нядаўна рэдакцыя атрымала адказ на артыкул ад Магілёўскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за подпісам яе старшыні Пятра Лапо, дзе гаворыцца, што законам аб абыходжанні з адходамі не забараняецца захаванне апалай лістоты ў санкцыянаваных для гэтага месцах для далейшага выкарыстання ў якасці кампосту. Гаворыцца і пра тое, што ліцэй № 9 мае дазвол на стварэнне кампоставай ямы на тэрыторыі свайго пладовага саду. «Атрыманы біягумус будзе выкарыстоўвацца для ўласных патрэб у якасці ўгнаення для падкормкі раслін», — сказана ў лісце.

Там жа пазначана, што «ў ходзе правядзення абследавання прылеглай да ліцэя тэрыторыі ўстаноўлена, што яна захламленая адходамі спажывання. Службовым асобам выданы рэкамендацыі на ліквідацыю выяўленых недахопаў, і яны выкананыя».

Яшчэ адзін ліст у рэдакцыю напісала метадыст ліцэя Надзея Лобах, якая з абурэннем сцвярджае, што ўсе факты ў артыкуле скажоныя. Маўляў, гэта ўсё здагадкі «змагара за чысціню Віталя Гардзеева». «Я працую ў ліцэі з 1982 года, люблю яго і ганаруся ім», — піша жанчына і дадае, што ўстанова заўсёды была толькі прыкладам для пераймання, што ніякага сметніка на яе тэрыторыі не было. Яе ліст і стаў нагодай для яшчэ аднаго візіту ў гэтую ўстанову.

Нездарма кажуць, што адной праўды няма, у кожнага яна свая. І пазіцыя старшыні вулічкама не супадае з пазіцыяй супрацоўнікаў ліцэя. Намеснік дырэктара ліцэя Ігар Васільчанка прадэманстраваў інструкцыю па абыходжанні з прыроднымі адходамі, якая сапраўды дазваляе зрабіць на тэрыторыі ліцэя кампоставую яму для ўласных патрэб. І яна, мяркуючы па інфармацыі, павінна знаходзіцца ў межах пладовага саду. Разам мы нават прыйшлі на тое самае месца, пра якое напісана ў артыкуле. Яма нікуды не знікла, праўда, лістоты ў ёй ужо не было. А вось наколькі само гэта месца законнае, устанавіць без спецыяліста немагчыма, бо агароджы паміж пустуючай тэрыторыяй і тэрыторыяй ліцэя наогул няма (тут спасылаюцца на недахоп фінансаў).

А вось што шчыра кранула, дык гэта салідарнасць калектыву, людзей, аб'яднаных думкай, што іх установа найлепшая. «Бачыце, як шмат у нас дыпломаў», — прадэманстравалі яны спецыяльна адведзеную пад узнагароды сцяну. Праўда, усе дыпломы маюць дачыненне болей да навучальнага працэсу. А вось наконт добраўпарадкавання там нічога няма. Магчыма, у гэтым уся справа. Нездарма ж у лісце з прыродаахоўнай інспекцыі гаворыцца, што «пры праверцы назіраліся прыкметы захламлення тэрыторыі, на што і было ўказана кіраўніцтву ўстановы».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Жарсці вакол ямы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Матэматык Ігар Жабароўскі пра тое, у якіх выпадках трэба адкінуць логіку

Матэматык Ігар Жабароўскі пра тое, у якіх выпадках трэба адкінуць логіку

Гісторыя поспеху і крыху разважанняў пра дапамогу і жыццёвыя ўрокі.  

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці.