Вы тут

Празрыстая вера фарбаў Аляксандра Канавалава


Наша дзявятая полацкая школа цяпер зусім нешматлікая па колькасці вучняў, базавая, бо побач, у новым мікрараёне, адна з найбольш сучасных сярэдніх школ горада — менавіта туды бацькі імкнуцца аддаваць сваіх дзяцей. А ў мой час гэта была паўнацэнная навучальная ўстанова, дзе займаліся дзеці з нашай гарадской ускраіны і нават з бліжэйшых вёсак Пагіршчыны і Чарнешчыны. У мае вучнёўскія гады тут станавіліся на крыло будучы дырэктар гісторыка-культурнага запаведніка Мікалай Ільніцкі, загадчыца цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Полацка Таццяна Савельева, вядомы літаратар і навуковец Пятро Васючэнка…


Разам са мной у паралельным класе — будучыя сябры Саша Канавалаў і Валодзя Варпаховіч. Потым мы сталі аднакласнікамі і доўгія гады былі разам. Саша і Валодзя займаліся маляваннем, а сёння ўжо Аляксандр Канавалаў — вядомы мастак не толькі ў Беларусі. Гэта яму ў свой час я прысвяціў такія радкі:

Гэтыя птушкі , якіх не бывае,

Гэтыя кветкі, што бачыць адзін…

Дух адзіноты пакутна лунае

На вернісажы самотных карцін.

Зрэшты, так склалася, што многія мае вершы, прысвечаныя выяўленчаму мастацтву, былі навеяны сяброўствам і карцінамі маіх сучаснікаў і сяброў Аляксандра Канавалава, Віктара Стасевіча, Сяргея Цімохава.

Сёння творы Аляксандра Канавалава знаходзяцца ў фондах Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Музея Марка Шагала ў Віцебску, музеяў Расійскай Федэрацыі, у калекцыі галерэі «Du Beau» (Борнхайм, Германія), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой.

Гэта цяпер. А да гэтага быў даволі доўгі і няпросты час станаўлення, вызначэння сваёй творчай манеры. Канавалаў паспеў закончыць у Віцебску мастацкаграфічны факультэт мясцовага педінстытута, папрацаваць у віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, мастаком-рэстаўратарам Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, павыкладаць у Полацкай дзіцячай мастацкай школе.

У 1990 годзе ён разам з Сяргеем Цімохавым стаў адным з заснавальнікаў прыватнай карціннай галерэі «Рыса», да якой было таксама творчае аб’яднанне сяброў, куды разам з ім уваходзілі вядомыя цяпер мастакі Алег Ладзісаў і Васіль Васільеў.

У той час галерэю «Рыса» падтрымаў былы дырэктар Полацкага камбіната будаўнічых матэрыялаў Уладзімір Цялежнікаў. Мастакі не толькі займелі выдатныя творчыя майстэрні, але і сваю карцінную галерэю, на выстаўкі ў якой адмыслова прыязджалі творцы і аматары мастацтва з Віцебска, Мінска, з усёй Беларусі і нават з-за мяжы. А потым да мастака Аляксандра Канавалава прыйшоў час паглыблення ва ўласную творчасць, пошукі свайго адметнага стылю.

Пра яго творчую манеру пісалі мастацтвазнаўцы, журналісты, сябры па творчым цэху Л. Фількенштэйн, В. Богуш, П. Велікжанец, А. Козік, Л. Малашэня, А. Карнейка і іншыя. Вось некаторыя водгукі пра яго сённяшнія здабыткі: «Аляксандр Канавалаў — бадай адзін з самых адметных мастакоў Полацка, калі нават казаць пра ўсё мінулае стагоддзе. Ягоны нетрадыцыйны, загадкавы жывапіс даўно стаўся з’явай усяго беларускага выяўленчага мастацтва…»

«У сваёй творчасці мастак рухаецца да карціны, якая не столькі “адлюстроўвае”, малюючы знешняе, колькі выказвае ўнутранае. Ён адзначае для сябе, што “мастацтва — гэта не проста гульня, гэта тое няўлоўнае падсвядомае, спазнаўшы якое і даверыўшыся якому, можна наблізіцца да ілюзорнай сутнасці светабудовы”».

У маёй мінскай кватэры ёсць не адна работа Канавалава. Іх таемнае дзіўнае святло, як я таксама ў свой час засведчыў у адным з вершаў, мне свеціць напамінам пра нашы юначыя гады, пра родны горад, пра глыбокія і светлыя пачуцці.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.