Вы тут

Род Бялеўскіх: зігзагі лёсу


...Усцінаў бярэцца за наган і, ужо цалкам працверазеўшы, з-за абразы бальшавікоў настаўляе яго на Дзід Ладо. Умешваецца сябар-сабутэльнік, а па сумяшчальніцтве класік рускай літаратуры Ясенін, які імгненна ацэньвае сітуацыю, гучна галосіць і жартаўліва накідваецца на Дзід Ладо. Шум чуюць пастаяльцы з суседніх нумароў, выбягаюць у калідор, і Усцінаву пры такой колькасці сведкаў страляць становіцца няёмка. Сітуацыя становіцца камічнай: Ясенін сядзіць на антыбальшавіку, які секунду таму быў на мушцы, і чаравікам б’е яго па галаве… Такі эпізод утрымліваюць мемуары расійскага журналіста Вадзіма Шаршаневіча.


Сацыяліст-калчакавец

Сям’я Бялеўскіх. Справа налева: Марына Якаўлеўна, Леан Львовіч, іх дачка Алена з дачкой Марынай, сын Георгій, сын Леў, зяць (муж Алены) Аляксандр Рыжы.

У пачатку 1909 г. у Маскве Дзід Ладо быў пастаянным наведвальнікам кавярні «Даміно», дзе маляваў партрэты за нізкую цану. Там ён пазнаёміўся і пасябраваў з Сяргеем Ясеніным, Анатолем Марыенгофам і Вадзімам Шаршаневічам. У іх кампаніі хадзіў распісваць сцены Страснога манастыра і вешаў на помнік Пушкіну плакат з надпісам «Я з імажыністамі!». Сапраўднага імені Дзіда Ладо ў кампаніі вядомых літаратараў не ведалі, а быў гэта не хто іншы, як прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Бялеўскіх — Аляксей Станіслававіч Бялеўскі, журналіст, пісьменнік, барацьбіт за сацыяльную роўнасць.

Аляксей Бялеўскі нарадзіўся ў 1859 годзе ў маёнтку Шэды. Здатны да навукі, хлопец вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, Полацкім кадэцкім корпусе, а потым — у Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Але больш, чым навуку, Аляксей любіў палітыку. Ужо ў дваццаць гадоў Маскоўскае жандармскае ўпраўленне абвінавачвае яго з сябрамі ў спробе стварэння «цэнтральнага распарадчага камітэта». Прыналежнасць Бялеўскага да рэвалюцыйнай сацыялістычнай партыі была пацверджана, і яго выслалі ў Валагодскую губерню, затым у Сольвычагорск, за схову збеглых паднаглядных — у Архангельскую губерню. А адтуль ужо, за тое, што выгнаў паліцэйскага са сваёй кватэры, — у Заходнюю Сібір. Гарачы і з абвостраным пачуццём справядлівасці юнак у высылцы трохі супакойваецца, яму дазваляюць вярнуцца дадому пры ўмове не жыць у губернскім горадзе Магілёве, што ён і робіць. Аляксей здае экстэрнам экзамены ў сельскагаспадарчай акадэміі і атрымлівае дыплом са ступенню кандыдата, а потым і магістра.

Пратрымаўся малады рэвалюцыянер без палітычнай дзейнасці рэкордныя ў яго біяграфіі тры гады. У 1887 годзе ён уступае ў партыю «Сацыялістаў-федэралістаў», дзе нарэшце Бялеўскага знаходзіць будучая прафесія — журналістыка. Ён быў рэдактарам партыйнай газеты «Самоуправление», якая друкавалася ў Жэневе. Газету, канечне, заўважылі ўлады, закрылі, а заадно забаранілі Бялеўскаму жыць у Маскве. Наступныя гады Аляксей праводзіць у бясконцых высылках ці пад наглядам. За выпуск «Летучих листков» народніцка-марксісцкага зместу і актыўны ўдзел у «Групе народавольцаў» (якая цесна сябравала з «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і друкавала ў сваёй тыпаграфіі брашуры саюза) адбываў пакаранне нават у Петрапаўлаўскай крэпасці, а затым у Сібіры. І толькі ў 1904 годзе, ва ўзросце сарака пяці гадоў, атрымаў поўную свабоду і напоўніцу пачаў займацца літаратурнай і журналісцкай дзейнасцю.

Падпісваўся амаль заўсёды па-рознаму: часцей за ўсё «Бѣлоруссовъ» (а гэта ў гады, калі беларуская нацыя афіцыйна не існавала) і «Дид Лодо». З эміграцыі ў Францыі і Турцыі высылае матэрыялы ў газеты «Лебедь», «Вестник Европы», «Русские ведомости» і шэраг іншых. Вярнуўшыся ў Расійскую імперыю ў 1917 годзе, Аляксей Бялеўскі быў настолькі шакаваны наступствамі Лютаўскай рэвалюцыі, што цалкам змяніў палітычныя погляды і выступіў на баку Аляксандра Калчака. За ім з’язджае на Поўнач і да апошняга дня свайго жыцця ў 1919 г. выдае газету «Отечественные ведомости». Дваранін, аграном, пісьменнік, журналіст, сацыяліст, калчакавец, беларус пахаваны ў Іркуцку.

З гісторыі роду

З кнігі Яўгена Пчалова «Рурыкавічы. Гісторыя дынастыі» можна даведацца і пра род Бялёўскіх. У часы княжання ў ВКЛ Казіміра Ягайлавіча IV адносіны паміж групоўкамі каталіцкай і праваслаўнай шляхты былі вельмі супярэчлівыя. Таму невыпадкова ў канцы XV стагоддзя многія вотчыннікі праваслаўнага веравызнання з усходніх, памежных з Маскоўскім княствам, зямель перайшлі ў падданства рускага князя Васіля ІІІ. Сярод перабежчыкаў — князёў Варатынскіх, Мярэцкіх і Вяземскіх былі і Бялёўскія. Аднак, атрымаўшы тытул баяр, на чужыне шчасця князі Бялёўскія так і не знайшлі. За наступныя сто гадоў з розных падстаў яны траплялі ў апалу і нарэшце зусім страцілі свае вотчыны, а самі былі сасланыя і пераведзеныя ў разрад служылых ці пакараныя смерцю. Такім чынам, Бялёўскія страцілі не толькі княжацкі тытул, але з цягам часу і літару «ё» ў сваім прозвішчы, ператварыўшыся ў нешматлікі, малавядомы дваранскі род Бялеўскіх.

Цар Эдып Горацкага павета

Старэйшага брата Аляксея Бялеўскага, Льва, напаткаў зусім іншы лёс. Можна сказаць, ён быў антыподам журналіста-сацыяліста-сябра Ясеніна. Леў паспяхова скончыў Маскоўскі, а потым Кіеўскі ўніверсітэты. З 1887 года павятовы правадыр дваранства і тытулярны саветнік. Імя Льва Станіслававіча не згадвалася ў турэмных пратаколах, як у яго брата, затое яно ёсць у трэцім томе «Вопыта апісання Магілёўскай губерні» ў спісе землеўладальнікаў. Бялеўскі ажаніўся з беларускай шляхетнага паходжання Браніславай (прозвішча згубілася), нарадзіліся дзеці, але даволі хутка аўдавеў.

Існуе легенда, што, калі Леў быў малады, наймаў кватэру ў Магілёве. Гаспадыняй жытла была прыгожая замужняя жанчына, трохі старэйшая за яго. Маладыя людзі закахаліся адно ў аднаго, але хутка разышліся. Ажаніцца з ёй ён усё роўна не мог, ды і маці Льва была супраць саюзу. Час ішоў, гісторыя рамана забылася. Калі Бялеўскі аўдавеў, сустрэў маладую дзяўчыну, ажаніўся з ёй. Нарадзілася дзіця. У госці неяк завітала цешча, якую ніхто дагэтуль не бачыў. І высветлілася, што яна і ёсць тая самая першая каханая Льва з Магілёва. А яго жонка — іх агульная дачка. У парыве адчаю Леў застрэліў цешчу, маладую жонку, дзіця, а потым застрэліўся сам…

Дзеці ад першага шлюбу Льва Станіслававіча засталіся сіротамі. Але самы яскравы лёс з іх напаткаў старэйшага Леана.

Каханне падчас вайны і рэвалюцыі

Леан Львовіч у маладосці.

Леан, як і бацька, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце на юрыдычным факультэце. У расійскай сталіцы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марынай Смірніцкай-Ляцягінай. Дзяўчына паходзіла са старажытнага святарскага роду (казалі нават, што яна пазашлюбная дачка цара Аляксандра ІІІ) і мела бліскучую адукацыю: Смольны інстытут дабрадзейных дзяўчат і Вышэйшыя жаночыя курсы ў Пецярбургу. Маладыя людзі ажаніліся па вялікім каханні. Леан дзеля Марыны нават перайшоў у праваслаўе і стаў Леанідам. Спачатку маладыя жылі ў Маскве, там нарадзіліся іх дзеці — Георгій, Алена і Леў. Але незадоўга да Першай сусветай вайны перабраліся ў Магілёў — бліжэй да сваіх маёнткаў. Там жа атабарылася і Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Калі ў горад прыязджала царская сям’я, старэйшага сына Георгія і дачку Алену запрашалі гуляць з цэсарэвічам Аляксеем. Пра гэты перыяд жыцця Бялеўскіх засталася кніга-мемуары Марыны Якаўлеўны — «Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве 1915—1918».

У час рэвалюцыі сям’я пераехала ў Горкі. Нават цяпер мясцовыя жыхары расказваюць, што, калі Бялеўскія прыязджалі з горада, бралі ў брычку вялікі мех цукерак і раздавалі дзецям сялян. Але ў 1920 г. мясцовага кзяндза абвінавацілі ў падрыўной дзейнасці супраць савецкай улады. Леан Львовіч стаў яго адвакатам і абараняў у судзе. Свядома правальную справу ён, канечне, прайграў, ксяндза асудзілі. А сябры, якіх Бялеўскі меў талент заводзіць усюды, папярэдзілі, што калі яны застануцца ў Горках, то і яго, і сям’ю чакае лёс ксяндза. Таму Бялеўскія хутка пераязджаюць — у Вільню, у Польшчу.

У былой сталіцы ВКЛ жылося спакойна. Тут напоўніцу раскрыўся творчы патэнцыял сужэнцаў Бялеўскіх. Леан Львовіч уваходзіў у савет Літаратурна-артыстычнай секцыі Віленскага рускага таварыства з першых месяцаў яе існавання, выступаў там з лекцыямі, а таксама ў Саюзе рускіх студэнтаў. У 1930-х быў выкладчыкам рускай мовы ў Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы, старшынёй культурна-асветніцкай камісіі Савета Саюза рускіх меншасных арганізацый у Польшчы, старшынёй Пушкінскага камітэта ў Вільні, друкаваўся ў газетах і часопісах. І ўвогуле вёў жыццё вельмі насычанае.

Жонка Марына ў Вільні стала энергічным членам Праўлення Віленскага рускага таварыства і яго старшынёй, пазней — старшынёй Праваслаўнага дабрачыннага таварыства. Менавіта Марына Якаўлеўна арганізавала першы вялікі вечар віленскіх паэтаў, які паклаў пачатак Віленскай садружнасці паэтаў. Акрамя таго, яна стала дзіцячай пісьменніцай і драматургам: у Вільні ставіліся яе інсцэніроўкі Пушкіна, Жукоўскага. У 1936 г. заснавала дзіцячы часопіс «Родное слово», а таксама друкавалася ў многіх газетах і часопісах.

Ворагі народа?

У 1939 годзе па Вільні блукаў хірамант. Ён па руцэ прадказваў будучыню асобным мінакам. Убачыўшы яго, Марына Якаўлеўна ўзрадавалася, бо даўно палявала на легендарнага варажбіта. Але, паводле легенды, узяўшы яе руку, варажбіт змяніўся ў твары і не сказаў нічога... Праз два тыдні ў горад увайшла Чырвоная Армія. Пракацілася хваля арыштаў. Леана Львовіча расстралялі ў Лукішскай турме. Марыну Якаўлеўну пасадзілі ў цягнік да Салаўкоў. Калі яна праязджала праз Маладзечна, дзе жыў старэйшы сын Георгій, крычала: «Перадайце Бялеўскаму, што бацька загінуў, а маці вывозяць невядома куды»...

Але ні апала Маскоўскага княства, ні сталінскія рэпрэсіі род Бялеўскіх не вынішчылі. Іх нашчадкі і сёння жывуць на Беларусі і за яе межамі, захоўваючы спадчыну роду.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.