Вы тут

Пінск пачынае шэраг мерапрыемстваў у статусе культурнай сталіцы — 2019


Тое, што ў Пінску нядаўна з'явілася скульптура палешука-пінчука, выглядае надзвычай сімвалічна. Гэты чалавек з барадой у капелюшы і палескай свіце, падпяразаны поясам, нясе ў сабе своеасаблівы культурна-гістарычны код, сфарміраваны многімі пакаленнямі тутэйшых людзей.


— Ці ведаеце вы, як сярод іншых людзей распазнаць сапраўдных «пінчукоў»? — пытаецца вядомы краязнавец і даследчык Таццяна Хвагіна і адказвае: — Дзе б ні сышліся вашы шляхі — у Еўропе, Азіі ці Амерыцы, — калі справа дойдзе да знаёмства, сапраўдны пінчук, загнуўшы мезенец, з годнасцю пачне: «Па-першае, я з Пінска...», нібыта ўвесь свет павінен ведаць, дзе знаходзіцца Пінск і менавіта што з'яўляецца падставай для таго, каб ганарыцца сваім пінскім паходжаннем. Бо для тых, каго з дзяцінства калыхала на сваіх хвалях ласкавая Піна, хто бегаў басанож па пінскіх вулачках і завулках, сталеў сярод сівых муроў, Пінск — гэта не проста кропка на карце, а амаль што пуп зямлі». Вось гэтае прыгожае азначэнне пінчука, зробленае Таццянай Хвагінай, стала ідэйнай асновай скульптуры Аляксея Паўлючука. Пінчук стаіць менавіта загнуўшы мезенец.

Забягаючы крыху наперад, адзначу, што многа мерапрыемстваў, запланаваных на наступны год, пройдуць менавіта тут — на пешаходнай вуліцы побач з бронзавым палешуком-гараджанінам. А ў горадзе хутка паявіцца яшчэ адна знакавая культурная кампазіцыя, прысвечаная знакамітым выхадцам з Пінска. Як вядома, першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, пяты прэм'ер-міністр гэтай краіны Голда Меір сваю першую адукацыю атрымлівалі ў Пінску. Засталася навучальная ўстанова таго часу, якая, дарэчы, і цяпер служыць справе адукацыі. Вось там паўстане помнік знакамітым людзям. Яго адкрыццё плануецца будучым летам, — паведаміла загадчыца сектара культуры гарвыканкама Тамара ДЗЕМІДЗЕНКА.

Тамара Іванаўна расказала, што ўсяго на год запланавана 445 мерапрыемстваў, прысвечаных статусу культурнай сталіцы і звязаных з гэтай падзеяй. З іх чатыры дзясяткі адрозніваюцца значным маштабам і вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Гэта, напрыклад, фестываль духавых аркестраў, фэст арганнай музыкі, вялікі фестываль мастацтваў «Зоры над Пінай».

Паводле слоў арганізатараў, надаецца асаблівае значэнне масавым мерапрыемствам, напрыклад, такім, як фестываль вулічнай творчасці «Скрыжаванне». Вось на гэтай самай пешаходнай вуліцы Леніна ўсе змогуць паказаць свае таленты. Для ўдзелу ў мерапрыемстве спатрэбіцца ўсяго толькі жаданне і неабходнасць загадзя паведаміць пра свой намер. Як толькі пацяплее, ва ўсе выхадныя дні на гэтым творчым скрыжаванні аматары мастацтваў будуць спяваць, танцаваць, сюды ж прыйдуць мясцовыя паэты, каб пачытаць уласныя вершы, а дэкламатары змогуць пачытаць і класікаў, было б жаданне. Тут жа будуць працаваць і мастакі — кожны ахвотны зможа замовіць ім свой партрэт альбо набыць прыгожы пейзаж. Гэта вуліца, паводле задумкі, мусіць стаць гэткай агульнагарадской культурнай прасторай альбо нават культурным рухам, каб кожны адчуў, што статус культурнай сталіцы гэта не толькі пералік абавязковых мерапрыемстваў, нярэдка афіцыйных, гэта яшчэ і яго справа.

Напрыклад, фестываль арганнай музыкі для горада справа не новая. У гарадской канцэртнай зале, якая ўтворана ў касцёле Карла Барамея, выступалі ў розны час Уладзімір Неўдах, Канстанцін Шароў, Кацярына Лявонцьева, Ігар Алоўнікаў, Ксенія Пагарэлая, Элеанора Бялева, Барыс Штокалаў, а таксама цэлы шэраг вядомых замежных музыкантаў. Узведзены ў ХVІІІ стагоддзі ордэнам ксяндзоў-камуністаў кляштарны касцёл і сёння з'яўляецца адной з галоўных славутасцяў горада. Спецыялісты кажуць, што двухметровыя сцены гэтай мініяцюрнай крэпасці здольныя вытрымаць любы шторм. А статус горада яшчэ раз прымушае звярнуць увагу, асабліва моладзі, на цікавую гісторыю будынка, якая сведчыць, што камуністы, прынамсі ў Пінску, з'явіліся задоўга да кастрычніцкіх падзей ХХ стагоддзя. Пінск слаўны многімі помнікамі даўніны. Сярод іх першы калегіум езуітаў, дзе цяпер размяшчаецца Музей беларускага Палесся, ансамбль былога манастыра францысканцаў, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі з яго знакамітай «Пінскай мадоннай». Абрысы гэтых славутасцяў склалі лагатып культурнай сталіцы. Гарвыканкам падвёў вынікі конкурсу — перамагла работа Віктара Сагановіча. Белыя лініі на эмблеме паказваюць напрамкі асноўных вуліц горада.

Старшыня Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў Лявонцій ЛЕМЯШЭЎСКІ, якому выпала ганаровая місія атрымаць эстафету культурнай сталіцы ад папярэдніка-Полацка, адзначыў:

— Статус горада ў 2019 годзе накладвае на ўсіх яго жыхароў пэўныя абавязацельствы. У нас ёсць прафесійны тэатр, вышэйшая навучальная ўстанова, шэраг устаноў культуры. На працягу года яны павінны выканаць пэўныя асветніцкія задачы. У нас ёсць на чым выхоўваць культурныя традыцыі, маю на ўвазе найперш багатую гісторыю больш чым 900-гадовага Пінска, цікавую разнастайную спадчыну. Жывучы ў старажытным прыгожым горадзе, кожны павінен ведаць мінулае, славутасці і клапаціцца аб захаванні прывабнага знешняга выгляду, адным словам, быць вартым памяці продкаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: На «скрыжаванні» талентаў і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!