Вы тут

Васіль Хомчанка. Той, хто заўсёды прыносіў радасць


Згадваючы пісьменнікаў, з якімі падарыў мне сустрэчу лёс, успамінаю Васіля Хомчанку. І кнігі, якія прачытаў яшчэ школьнікам: Васіль Фёдаравіч спачатку пісаў толькі для дзяцей. Ажываюць у памяці і героі кніг, створаных ім ужо ў сталым узросце, напісаныя на хвалі дэмакратызацыі ў грамадстве, калі прыйшла тая праўда, якая доўгі час замоўчвалася. Першыя подступы рабіліся падчас хрушчоўскай адлігі, і хоць хутка яна завяршылася палітычнымі «замаразкамі», творы цікавыя тым, што ў іх так шмат з уласна перажытага. Асабліва ў апошняй кнізе «Цар — зэк Сямён Івашкін» (1992).


Адысея «ворага народа»

У прадмове да адной з аповесцяў пісьменнік прызнаецца: «Я лічу, што маё пакаленне, выбітае даваенным тэрорам і вайной, самае няшчаснае і такое парадзелае, што вельмі рэдка сустрэнеш сваіх равеснікаў». Прыгадвае перыпетыі ўласнага лёсу. З пільнасцю ўлад сутыкнуўся яшчэ ў шостым класе, калі насценную газету, якую даручылі рэдагаваць, назваў «Сацыялісты»: «Прыдумалася лёгка: раз мы будуем сацыялізм, то хто мы?». Яснасць у становішча ўнёс настаўнік Герасімовіч, які не на жарт спалохаўся: «Сацыялісты — здраднікі рабочага класа, апартуністы, ворагі Трэцяга Інтэрнацыянала. Ты даў газеце варожую назву». Знайшоўся і хтосьці больш пільны. Васіль Фёдаравіч сведчыў: «[…] нейкі энкавадыст выклікаў мяне ў сельсавет і ўсё дапытваўся, хто мяне навучыў назваць газету так. Ён мне і растлумачыў, што за антысавецкую дзейнасць нясуць крымінальную адказнасць з чатырнаццаці гадоў. А мне было ўжо столькі».

Аднак гэтым разам пашанцавала. Закончылася ўсё абмеркаваннем на класным сходзе і занясеннем «прозвішча на ганебную чорную дошку, дзе яно красавалася тыдні два. Былі тады такія метады выхавання — чырвоная і чорная дошкі. Перадавікоў заносілі на першую, адстаючых або хто правініўся, — на чорную».

Бяда прыйшла пазней. У сумна вядомым трагічным 1937 годзе, калі вучыўся на апошнім, чацвёртым, курсе рабфака пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Знайшоўся ў інтэрнацкім пакоі даносчык. А зрабіць В. Хомчанку па тагачасных мерках «ворагам народа» аказалася не так і складана. Акурат атрымаў ад бацькі ліст, у якім той «скардзіўся, што зноў у калгасе атрымалі грашы. З падаткам не разлічыўся, здаў толькі мяса, малако, воўну, а грошай няма». Прасіў, каб сын дапамог. А сын, які вёў дзённік, усё занатаваў. Не прамінуў гэтаму даць і ўласную ацэнку: «І ўсё адбываецца пад шчаслівым сталінскім сонцам».

Арыштавалі, зняволілі ў мінскай турме. Потым былі допыты. Спачатку ў Мінску, пазней — у Віцебску: «Паколькі мінскія турмы былі перапоўнены, іх пачалі разгружаць і адпраўляць арыштаваных у іншыя гарады». Нарэшце адбылася выязная сесія Спецыяльнай калегіі Вярхоўнага суда БССР. Адначасова разглядаліся сотні спраў. Усё ж, відаць, недзе ў глыбіні душы ў суддзяў заставалася, хай сабе і маленькая, часцінка чалавечнасці. Пашкадавалі малалетняга «ворага», якому споўнілася ўсяго васямнаццаць гадоў. Прысудзілі пазбаўленне волі ў папраўча-працоўным лагеры тэрмінам на чатыры гады і на тры гады паражэнне ў правах пасля адбыцця пакарання.

На пачатку 1938 года быў у Бамлагеры. Затым перавялі ў Ніжне-Амурскі. Якраз пачалі будаваць чыгунку ад Камсамольска-на-Амуры да Нікалаеўска-на-Амуры. У асноўным гэта рабілі зняволеныя. Знайшлася работа і В. Хомчанку: «Будаваў чыгунку, пілаваў лес, вазіў сена». Вызвалілі перад самай вайной. Добраахвотнікам пайшоў на фронт. Скончыў Буйнакскае пяхотнае вучылішча, быў камандзірам мінамётнага ўзвода. Дайшоў да Аўстрыі. Аднак з войскам яшчэ доўга не развітваўся. Скончыў у Маскве Ваенна-юрыдычную акадэмію. Дэмабілізаваўся толькі ў 1968 годзе. З 1972 па 1985 год загадваў рэдакцыяй прозы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Тое, чаго няма ў Шаламава

Так падрабязна на біяграфіі В. Хомчанкі я спыніўся наўмысна. Праз яе разумееш, чаму Васіль Фёдаравіч не тое, што не мог, а і не меў права не «прыйсці» да кнігі «Цар — зэк Сямён Івашкін». Як і да такіх, як «Чэкістам стала вядома» (1985) і «Стрэл у акно» (1988), што ўспрымаецца працягам папярэдняй. Але менавіта першая ў гэтым шэрагу займае адметнае месца. У згаданай кнізе Васіль Фёдаравіч сказаў тое, што і Варлам Шаламаў у сваіх знакамітых «Калымскіх апавяданнях». Несумненна, ахоп матэрыялу В. Шаламавым куды больш шырокі. Дый спасціжэнне яго месцамі глыбейшае. Як-ніяк, а ягонае зняволенне працягвалася ажно сямнаццаць гадоў. Аднак у В. Хомчанкі ёсць тое, чаго ў аўтара «Калымскіх апавяданняў» не напаткаеш. В. Шаламаў расказваў увогуле пра зняволеных. Незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці. В. Хомчанку асабліва цікавілі супляменнікі. Героі яго твораў — пакутнікі-беларусы, лёсы якіх ламаў таталітарны рэжым. Добрыя, спагадлівыя людзі, яны трапілі ў жорны машыны знішчэння, бо іх палічылі ворагамі, якімі яны ў сапраўднасці не былі.

Як і Сямён Івашкін, царом празваны. Сваю ж мянушку ён атрымаў з-за схільнасці выдумляць самыя розныя неверагодныя гісторыі. Але яго дзівацтвы — не што іншае, як пратэст супраць несправядлівасці, безвыходнасці становішча, у якім апынуўся. Толькі недзе на сподзе душы ў яго спее і пратэст адкрыты. Такі, дзе за жарцікамі не схаваешся. Сямён даведаўся, што крымінальнікі Бут і Жугроў, адважыўшыся на ўцёкі з лагера, запрашаюць з сабой студэнта Мардоўкіна, каб выкарыстаць яго ў якасці «каровы», калі скончацца прыпасы. Даверлівы Мардоўкін не можа дапусціць такога... Тады Івашкін прама гаворыць Буту і Жугрову, што пра іх думае. І атрымлівае ад апошняга ўдар фінкай у бок.

Адбылося непапраўнае. Ды не быў бы Івашкін Івашкіным, калі б і тут не застаўся аптымістам. «Не шкадуйце мяне, я — жывучы, я заўсёды выжываў. А калі памру, дык у рай пападу. Ты не верыш у рай, а ён ёсць. Я ж нікому не рабіў зла і не маю зла…» — кажа ён Мардоўкіну...

Прорва, якая паглынае

У гулагаўскіх творах В. Хомчанкі моцная дакументальная аснова. Праз канкрэтныя лёсы пісьменнік праўдзіва раскрываў абесчалавечанне грамадства, паказваў тую прорву, у якую яно рухалася: афіцыйна дэкларавалася роўнасць, свабода, братэрства, а на справе саджалі ў турму нават дзяцей.

Адзін з такіх герояў — падлетак з апавядання «Адуванчык», чыё сапраўднае прозвішча ніхто не ведаў: «Яго так усе звалі Адуванчыкам. Ён і быў падобны на адуванчык-кветку...». Арыштавалі Адуванчыка, калі яму яшчэ і пятнаццаці гадоў не было. Асудзілі на шэсць гадоў. Абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі (у школьным спектаклі выконваў ролю Жабрака, пад маскай якога хаваецца вораг). Не вытрымаў Адуванчык бесчалавечнасці ў лагеры. Налажыў на сябе рукі… Людскія лёсы, пра якія паведаў В. Хомчанка, у нечым нагадваюць своеасаблівы каравай, што складаецца з некалькіх слаёў. Кожны з іх мае сваю афарбоўку. Усё, як і ў жыцці. Суседзяць дабро і зло, гуманізм і бесчалавечнасць. Ёсць стойкія, нязломныя. Але нямала і нахрапістых, гатовых усім дыктаваць сваю волю.

Навёрстваючы ўпушчанае

Дэбютаваў В. Хомчанка як паэт. Заявіў пра сябе як пра арыгінальнага дзіцячага пісьменніка зборнікам «Наша вячэра», што пабачыў свет у 1959 годзе. Васіль Фёдаравіч, па сутнасці, стараўся навярстаць упушчанае. Аднак гэта рабілася не на шкоду майстэрству. Прызнаваўся: «[…] хочацца пісаць такія апавяданні, каб з іх нельга было выкінуць ніводнага слова, ніводнага абзаца».

***

У Васіля Фёдаравіча ёсць і аповесць «Я прынёс вам радасць» (1981). Героі яе — пятнаццацігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Дзякуючы прыезду археолагаў, нечакана для сябе яны зазірнулі ў мінулае роднага мястэчка. Твор нагадвае юным чытачам, як важна ведаць мінулае свайго краю, паважна і ашчадна ставіцца да яго. Сама ж назва яго на адлегласці часу ўспрымаецца сімвалічна. Заўсёды прыносіў радасць сваёй творчасцю і В. Хомчанка. Таленавіты пісьменнік і найсумленнейшы чалавек.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.