Вы тут

Чыста англійскае забойства, альбо Макдонах і шкляны шарык


…Што гэта было?.. З такім пытаннем ішла пасля прэм’еры «Вешальнікаў» у Купалаўскім тэатры. Ішла па вечаровай вуліцы і спрачалася сама з сабой, пазіраючы долу. Ад водбліскаў ліхтарнага асвятлення снег пад нагамі здаваўся сіняватым: зіхатліва-свежы ў паветры, унізе ён рабіўся халодна-нежывым, пазбаўленым прыроднай чысціні, нават штучным — як у кампазіцыі ўнутры шклянога сувеніра, які прывозяць з-за мяжы. Шарык трэба страсянуць, каб унутры ўсё зварухнулася.

Такім жа шкляным шарыкам з закладзеным сюжэтам і героямі падаўся спектакль рэжысёра Віталя Краўчанкі паводле п’есы брытанскага драматурга Марціна Макдонаха.


Сцэна са спектакля «Вешальнікі»

Вельмі цёмная матэрыя

Два прозвішчы ў адной афішы сышліся дзеля страсення — прынамсі, на гэта трэба было спадзявацца. З Макдонахам зразумела: яго манера распавядаць драматычныя гісторыі з тонкім брытанскім гумарам, па сутнасці, і нагадвае шарык, які нібыта перакочваецца з аднаго месца на іншае, прымушаючы кампазіцыю, што ўнутры, увесь час быць жывой і непрадказальнай… Вось уявіце, што ўнутры — Біг-Бэн ці плошча якога-небудзь горада, дзе развяваецца сцяг Вялікабрытаніі, ды купка маленькіх чалавечкаў побач, нешта паміж сабой высвятляюць... Шарык (ідэя) прыходзіць у рух, і вось усё перакулілася з ног на галаву, заварушыліся сняжынкі, кладуцца па-рознаму, паказваючы розныя бакі «ўнутранай» з’явы, такім чынам прымушаюць разгадваць сутнасць кампазіцыі. Вынік — разгадаць — існуе ў неад’емным спалучэнні з працэсам разгадвання, бо менавіта падчас яго саспяваюць думкі пра тое, на што разлічана ў дадзеным выпадку сутнасць: на простае сузіранне, на сузіранне з філасофскім поглядам альбо на жаданне пастаянных зменаў заключанага ў празрыстым шкле кавалку рэчаіснасці.

Што да Віталя Краўчанкі, то і тут былі спадзевы: нядаўна ён як рэжысёр атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію за найлепшы спектакль малой формы ў Гомелі, ды і выбар п’есы для пастаноўкі ў Купалаўскім абяцаў страсенне як мінімум на вечар. Таму што п’еса, напісаная пару гадоў таму, звяртае да адной з самых вечных гуманістычных тэм — смяротнага пакарання і забойства аднаго чалавека другім, якое можа быць прадугледжана паводле права.

З пункту гледжання права прафесія галоўнага героя — грамадска значная. Ён ажыццяўляе пакаранне злачынцаў, якіх прысудзілі да смерці. Іх дзеянні прывялі да жудасных трагедый, таму ўсё правільна — няхай будуць гатовыя адказаць за гэта, лічыць Гары. Ён упэўнены, што робіць правільна, не задаецца пытаннямі і нават не даспукае ні імгнення сумневу ў тым, што на шыбеніцу адпраўляюць толькі вінаватых. З гонарам гаворыць, што здзейсніў смяротнае пакаранне ў дачыненні да 233 чалавек. І нават той адзіны, хто да апошняга настойваў на сваёй невінаватасці, не збянтэжыў Гары.

Гары Уэйд (акцёр Ігар Дзянісаў) — законапаслухмяны грамадзянін, харошы чалавек (нікога ж не забіў проста так, без прысуду), і ён можа свабодна выказаць сваё меркаванне пра ўсіх людзей, якія так ці інакш былі вартыя пакарання. Ён дае інтэрв’ю на гэтую тэму, не баіцца ісці насуперак грамадскім плыням, праз якія смяротнае пакаранне за забойства спыненае. І становіцца мясцовай знакамітасцю. Наведвальнікі бару, што трымае сям’я Гары, з задавальненнем бавяць час у яго кампаніі, жартуюць і прымаюць гаспадара з усімі яго поглядамі. Так бы ўсё і рухалася, калі б яго інтэрв’ю не прымусіла ўспомніць гісторыю таго хлопца… Гары не дапускае магчымасці памылкі. Але ўспаміны напаткалі не толькі яго. Былы калега па вешальнай працы Сід (Сяргей Чуб) імкнецца закінуць зерне сумневу. З гэтага моманту спакойны ход існавання яго сям’і парушаны: толькі жонка Гары Эліс (Зоя Белахвосцік) вырашыла шчыра паразмаўляць з дачкой, як на парозе ўзнік невядомы малады чалавек. І зусім не проста так… Не, гэта не пачатак дэтэктыву ці любоўнай драмы.

А што тады гэта было?

Самота захаду

Жанр вызначаецца як «чорная камедыя». І калі ўспомніць творчасць Макдонаха (і тэатральныя п’сы, і больш вядомыя шырокаму колу работы ў кіно), то гэта яго стыль: праз лёгкі гумар і іронію, са смехам прымусіць перажываць за сваіх герояў, яшчэ і ўздымаць адначасова нейкую хваравітую праблему. За што яго і любяць ставіць па ўсім свеце, імкнучыся ўбачыць такіх жа персанажаў у сваёй рэчаіснасці, сачыць за імі, «весці» іх, каб потым увасобіць больш натуральна. Для гэтага трэба не толькі разумець, у якія сітуацыі героі трапляюць, але яшчэ і сумясціць гэтыя сітуацыі з нашым адчуваннем жыцця і тымі рэакцыямі на яго, што здольныя выклікаць смех. Паспрабаваць адаптаваць наш спосаб жартаваць да англійскага — каб не проста перадаць выдатна перакладзены на беларускую (Маша Пушкіна пастаралася) тэкст, а перадаць гумар сцэнічнымі сродкамі (як гэта было зроблена ў «Рэвізоры», дзе кожная мізансцэна прадумана да дробязяў і з пункту гледжання характараў персанажаў, і з пункту гледжання закладзенай рэжысёрам канцэпцыі). Бо фактычна і там, і тут мы назіраем драму, прычым вырашаную ў рэчышчы добра знаёмага нам тэатра з пункту гледжання формы. У «Рэвізоры» ў цэнтры драма не толькі жыхароў асобнага горада, але і наогул для грамадства. І ты яе адчуваеш больш востра, менавіта калі яна зводзіцца да абсурду праз смех.

У «Вешальніках» гэтага, на жаль, няма. Хоць прынцыповы падыход да пастаноўкі такі ж: гэта тэатр без «выкрунтасаў». Драматычны тэатр як ёсць, з усёй сваёй узорнай акадэмічнасцю, з акцэнтам на акцёраў. І сцэнаграфія адпаведная: Барыс Герлаван стварыў на сцэне антураж брытанскага бару 60-х гадоў ХХ стагоддзя, калі адбываецца дзеянне п’есы, — каб не трэба было доўга думаць, што за краіна маецца на ўвазе (смяротнае пакаранне ў Вялікабрытаніі адменена зусім на пачатку ХХІ стагоддзя). Цалкам зразумела, чаму рашэнне менавіта такое: мы ў Беларусі. І мы глядзім спектакль пра замежжа. І ўспрымаем яго вельмі сур’ёзна і аддалена ад рэчаіснасці яшчэ і таму, што шмат якія тонкія моманты Макдонаха растварыліся ці не атрымалі належных іранічных акцэнтаў. Ды і сама гісторыя: які ў ёй гумар можа адчуць беларус, калі гаворка пра смерць (экзітэнцыянальную катэгорыю, з якою ў традыцыях нашай культуры жартаваць не прынята)? Асабліва калі нашаму гледачу не прасігналіць зразумелымі для яго сродкамі: гэта смех, няхай і праз слёзы, але ж такі, што паказвае абсурд усяго, што адбываецца.

Ну няўжо ж не абсурд, калі два былыя вешальнікі высвятляюць адносіны, хто з іх можна прэтэндаваць на званне ганаровага вешальніка краіны?.. Макдонах тут моцна ўтрыруе у разліку на патрэбную рэакцыю гледача і не толькі ў эпізодзе, але і ў дачыненні да ўсяго твора (вось ён, «чорны» гумар). Мы ж назіраем сцэну з асабістага жыцця, якая хутчэй можа выклікаць не смех, а слёзы, бо сыграна акцёрамі кранальна. І рэжысёрам абсурд тут не прадугледжаны, не закладзены канцэптуальна. Як не задумацца пра тое, што нашы эмоцыі могуць быць абумоўленыя і нацыянальным характарам, і менталітэтам? Таму калі проста пераносіць на нашу сцэну брытанскую смешную п’есу, нават калі акцёры вымаўляюць рэплікі з патрэбнай інтанацыяй, то спектакль рызыкуе аказацца зусім не смешным, нават сумным ці наогул нудотным. Мы ў выніку ўключаны ў размову ў сур’ёзным тоне, нават у духу прамога маралізатарства — пра несправядлівасць судовай сістэмы, якая існавала ў Злучаным Каралеўстве, і смяротнае пакаранне (там жа). А высвятленне адносінаў паміж Гары і Альбертам П’ерпоінтам (Аляксандр Падабед) у нашым варыянце падобнае на яшчэ адну асабістую драму герояў. Пры тым, што прыход Альберта, згодна з п’есай, становіцца фінальнай кропкай галоўнай інтрыгі: на кожнага вешальніка знойдзецца той, хто пакарае яго.

Залегчы на дно

Фактычна так і адбываецца: пасля сыходу візаві Гары Уэйд аказваецца забітым калі не фізічна, то маральна. Ён знішчаны цалкам, таму што міжволі становіцца забойцам. Але яго не шкада, як не шкада хлопца Пітэра Муні (Іван Кушнерук), мы ж ведаем пра яго больш. Няма чаго шкадаваць наіўную дачку Гары: Шырлі (Крысціна Дробыш) нават шчаслівая, што ў яе быў хлопец, і гэта гучыць без аніякай іроніі. Ды і неадназначная тая даўняя гісторыя з несправядліва пакараным за забойства: ён жа не быў харошым чалавекам. Ідэальных наогул няма.

Гэты тэзіс Макдонах і ілюструе праз нагрувашчванне абсурду ад эпізоду да эпізоду (па сутнасці тэксту), каб закінуць думку: ці можа нехта ў такім выпадку вырашаць чыйсьці лёс? Але недастаткова прадуманы сцэнічны абсурд — і думка не такая адназначная. Бо ў фінале нам паказваюць, што пакарання варты кожны, і нават Гары, які апынаецца за тымі ж кратамі, што і павешаны ім хлопец, які не здзяйсняў забойства. Такое адчуванне, што рэжысёр вельмі хацеў нам усё разжаваць. У ход ідуць навальніца, дождж, краты — усё, што стасуецца з напружаннем, каб у гледача не было лішніх пытанняў, што да чаго. Але гэты матэрыял дзеля пытанняў ствараўся аўтарам і з-за дакладнага і прамога разжоўвання ад відавочных ілюстрацый (замест больш мастацкіх метафар) страціў тонкасць, разлічаную на выпрацоўку ўласнай думкі і меркавання па тэме, якая сапраўды з’яўляецца адной з самых актуальных для чалавецтва ў сучаснай цывілізацыі. Гэта тэма дае падставы для мастацтва вывесці размову на больш універсальны ўзровень, абстрагуючыся ад канкрэтнай краіны. Тэма дыскусійная і для Беларусі, і ўспрымаецца ў розных колах неадназначна. Адпаведна, ці дадуць плён шаблоны, скарыстаныя для вырабу спектакля? Ці не павінен твор на такую тэму быць сшыты тонкімі ніткамі, каб заставаўся ў галаве надоўга і чалавек паступова выпрацоўваў меркаванне (і, натуральна, за адзін вечар у тэатры гэта не здарыцца)? Але тады патрэбны іншыя механізмы ўздзеяння на гледача — на яго падсвядомасць. Не толькі акцёрскія. Больш канцэптуальныя. І наўрад ці толькі канстатацыя: а бывае і так… Каб той самы непрадказальны шарык Марціна Макдонаха з заключаным унутры жыццём хацелася перакульваць зноў і зноў.

Праўда, здараецца, што празрысты шарык, прывезены з іншых краін, займае сваё месца ў інтэр’еры новых гаспадароў на нейкі час, а далей да яго ўжо не звяртаюцца, каб згадаць той момант, дзе была важная для цябе частка эмоцый. А пасля можна наогул ціха прыбраць, каб гэтае месца заняла больш інтрыгоўная частка рэчаіснасці. Але няўжо ў нашым свеце ёсць больш напружаная інтрыга, чым жыццё і смерць?..

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.