Вы тут

Творцы, якія звяртаюцца да ўсяго свету


Для пісьменніка няма нічога больш значнага, як быць пачутым. І чым большая колькасць людзей зацікаўленыя яго словам, тым больш шчаслівы творца. Як стаць заўважаным у эпоху глабалізацыі і развіцця інтэрнэт-камунікацый не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі, літаратары дзеляцца развагамі падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і сімпозіума «Пісьменнік і час».


Святлана АНАНЬЕВА, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчыца аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава, член праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана і Савета па рускай літаратуры і літаратурных сувязях Саюза пісьменнікаў Казахстана:

— Любы мастацкі твор — гэта аўтарскі погляд на тое, што адбывалася і адбываецца. Пошук ісціны… Пісьменнік не мае права быць убаку ад падзей, бо свет становіцца больш адкрытым, а глабалізацыя дыктуе свае правілы гульні. Дзелавы вобраз жыцця патрабуе вялізнага патэнцыялу і мабільнасці, і адной з тэндэнцый сучаснай літаратуры становіцца яе дынамічнасць. Актыўная грамадзянская пазіцыя пісьменніка дапамае не толькі па-мастацку адлюстроўваць сучасную эпоху, час і яго рытм, але і ў той ці іншай ступені супрацьстаяць канфліктам, якія ўспыхваюць у розных кропках зямнога шара. Голас мастака слова павінен быць пачуты, і асаблівая з’ява ў сусветным літаратурным працэсе — літаратура імігрантаў з актуальнымі тэмамі нацыянальнай ідэнтычнасці, гісторыка-культурнага кода, аховы маральных каштоўнасцяў, ваенным дыскурсам і разважаннямі пра лёс бежанцаў.

У Год кнігі, якім стаў 2019 год у краінах СНД, яшчэ больш узрасце роля міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва. У цэнтры ўсіх мерапрыемстваў, што плануюцца, — папулярызацыя сучаснай кнігі, роля ў гэтым літаратурных прэмій, інтэрнэт-камунікацый. Мастацкі тэкст становіцца гіпертэкстам, змяняецца яго статус пад уздзеяннем сусветнага павуціння. Літаратурны працэс немагчыма адасобіць ад развіцця культуры, таму яго важная частка — узаемадзеянне мастацкай літаратуры з іншымі відамі мастацтва, агульнакультурнымі, ідэалагічнымі, навуковымі з’явамі.

Дыялог як найважнейшы фактар міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва, дзякуючы мноству мерапрыемстваў, якія праходзіць у Беларусі, усё больш пашыраецца. Маштабнай пляцоўкай для прасоўвання культуры і літаратуры стаў Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Унікальнай застаецца дзейнасць партала «Сугучча. Літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці». Такі дыялог цяжка ўявіць без пісьменніка і паэта, драматурга і публіцыста. Менавіта яны — актыўныя ўдзельнікі гэтых працэсаў, а літаратура кожнага народа, як падкрэслена ў Рэзалюцыі Першага міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», — «гэта не толькі яго гістарычна вызначаны лёс, але і яго твар, звернуты да суседзяў, да ўсяго свету».

Рысалат ХАЙДАРАВА, пісьменніца, перакладчыца, галоўны спецыяліст аддзела Міжнародных літаратурных сувязяў і мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Узбекістана:

— Сусветнымі канфліктамі заўсёды рухае зло. А літаратура з моманту нараджэння змагаецца з ім праз дабро. У гісторыі можна знайсці шмат прыкладаў: Алішэр Наваі ўсё жыццё прысвяціў служэнню дзяржаве Харасан, падтрымліваючы палітыку міру і талерантнасці ў адносінах да суседніх краін і папярэджваючы ўнутраныя канфлікты. Творца так ці інакш заўсёды выказвае сваё стаўленне да падзей, паколькі тое, што ён напісаў, адносіцца ўжо не толькі да яго, але і да ўсяго грамадства. Аўтар — з’ява сацыяльная. І «Прощай, оружие!», і «Мост на Дрине», і «Прощание с Матёрой» напісаны ў духу супрацьстаяння варожасці.

Думаю, што Бог не дарэмна дае чалавеку такі дар, як талент. За нявартае выкарыстанне таленту дзеля дасягнення нейкіх нікчэмных мэтаў і таннай славы давядзецца адказваць. Літаратура павінна быць чалавечная. У гэтым сэнсе яна не проста ілюструе рэчаіснасць, а аналізуе яе і, натуральна, падносіць праз аўтарскі погляд, які і ёсць праўда ў асабістым разуменні. Пазіцыя пісьменніка заўсёды павінна засноўвацца на гуманнасці. Самыя лепшыя творы, перадрукаваныя тысячы разоў да нашых дзён, перачытаныя мільёны разоў да нас, напісаныя менавіта на аснове такога пісьменніцкага погляду.

Супрацоўніцтва літаратурнай суполкі вельмі неабходнае і нават важнейшае за эканамічнае супрацоўніцтва краін, паколькі другое будуецца на аснове атрымання матэрыяльнага прыбытку, дзе бакі нярэдка думаюць больш пра сваю выгаду. Пры сумеснай рабоце абодва бакі аднолькава выйграюць, праслаўляючы самыя лепшыя кнігі сучаснасці ў міжнароднай прасторы. Калі літаратурная суполка не паставіцца да гэтага адказна, першыя рады атрымае так званая рыначная літаратура, прызначаная хутчэй для забавы і яшчэ горш — для разбэшчвання розуму. За сур’ёзную літаратуру неабходна змагацца.

Я бачу магчымасці ўплыву міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва на распаўсюджанне лепшай сучаснай літаратуры праз садзейнічанне яе перакладу і публікацыі, а таксама папулярызацыі на іншай мове. Гэта карысна для абедзвюх літаратур, бо самыя лепшыя нацыянальныя мастацкія традыцыі і формы будуць засвоены іншай літаратурай, адбудзецца ўзаемаўзбагачэнне. Стварэнне цудоўнага літаратурнага твора, які адлюстроўвае культуру і спадчыну свайго народа, — гэта ўжо нямала, але не ўсё. Надзвычайная літаратурная праца пісьменніка павінна быць убачана і ацэнена па вартасці за мяжой. А ў свеце вядомасць аўтару прыносяць у асноўным еўрапейскія мовы. У Азіі ці ў СНД ёсць столькі таленавітых пісьменнікаў, але якія мы маем магчымасці для іх прадстаўлення сусветнаму чытачу? Сёння праводзяцца літаратурныя фестывалі, форумы, конкурсы, і гэта добры шанц для прызнання пісьменнікаў за мяжой. Але ім патрэбна дапамагаць у выкарыстанні гэтай магчымасці, то-бок хтосьці павінен браць на сябе хаця б расходы па арганізацыйных праблемах. Толькі ў выпадку надання ўвагі працы творчай інтэлігенцыі грамадства заслугоўвае сапраўднай павагі, бо свет зможа спазнаць культуру гэтага народа. Таму літаратура павінна быць справай дзяржаўнай, і ў маёй краіне гэта разумеюць: у мінулым годзе пры Саюзе пісьменнікаў Узбекістана была створана Спецыяльная камісія для работы па прасоўванні лепшых твораў узбекскіх пісьменнікаў за мяжой, распрацавана некалькі праектаў, у тым ліку з беларускімі пісьменнікамі. Гэта толькі пачатак.

Іван ХАРВАТ, перакладчык мастацкай літаратуры з рускай на венгерскую мову:

— Сапраўдны пісьменнік — мастак слова. Ён сочыць, аналізуе і адлюстроўвае свет, грунтуючыся на сваім пункце гледжання. Пры дапамозе тэксту, напісанага для нас і звернутага да нас, ён, натуральна, уплывае на свет. Таму спадчына пісьменніка важная для грамадства. Шкада, што ў свеце становіцца ўсё менш чытачоў, асабліва сярод моладзі. Муракамі? Каэльа? Ларсан? Не чыталі, на жаль.

Ролю пісьменніка можна ацэньваць толькі ў залежнасці ад таго, якія ідэі ён прапаведуе. Як перакладчык я горды тым, што пазнаёміў венгерскага чытача з творчасцю Мікалая Карамзіна, нашага сучасніка Андрэя Аствацатурава і некаторых фіна-ўгорскіх пісьменнікаў. Забыты ў Расіі рускі пісьменнік Андрэй Фацееў таксама стаў вядомы дзякуючы цікавасці венграў да яго кнігі і маёй сціплай працы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.