Вы тут

Цэнтральны пункт


Крэслы каля кампактнай сцэны, што арганізавалі на нацыянальным стэндзе Расійскай Федэрацыі, увесь час імкнуліся заняць наведнікі: цэнтральны экспанент. Тут імпрэзы змянялі адна адну. Ідзеш міма — прыслухаешся. Затрымаешся.


Фота Кастуся Дробава

Як жа не затрымацца, калі раптам з расійскага стэнда даносіцца спеў беларускай «Купалінкі»? Яе спяваў разам з беларусамі Яўген Вадалазкін, пісьменнік з Санкт-Пецярбурга. У Мінку ён прадставіў сваю новую кнігу «Брысбэн», што само па сабе прыцягнула ўвагу, а тут яшчэ і такія спевы…

Ці няўжо ж можна было прайсці міма, калі бачыш, што на стэндзе «Кнігі Расіі» чытае вершы наш паэт Алесь Разанаў? А такое было, і не толькі яго з беларускіх пісьменнікаў ды творцаў з іншых краін запрашалі калегі з суседняй краіны. Паэтычны канцэрт з удзелам музыкаў і паэтаў, якія пішуць на славянскіх мовах, арганізаваны Міжнародным агенцтвам гуманітарных ініцыятыў «Са стагоддзя ў стагоддзе», быў цікавы: няма праблем у нашай аўдыторыі з разуменнем (ці адчуваннем) гэтых самых моў.

Да расійскіх удзельнікаў, якіх таксама прыехала шмат, стаялі чэргі па аўтографы. Некаторыя мэтанакіравана ішлі «на Рэзніка». Вядомы паэт-песеннік Ілья Рэзнік прадстаўляў дзіцячую кнігу «Цяпа не хоча быць клоўнам». І калі такую зорку сустрэнеш яшчэ? Ды і Вераніку Доліну імкнуліся не прапусціць тыя, хто любіць яе песні і вершы: канцэрт у Доме Масквы прайшоў з аншлагам. Але чарга стаяла па аўтографы і да Мікалая Далгаполава: папулярныя яго кнігі з серыі «ЖЗЛ».

Адметнасць вялікіх кніжных выставак з вялікім міжнародным удзелам у тым, што імкнуцца ўлічыць розныя аўдыторыі чытачоў і асаблівасць самой краіны. У Беларусь расіяне сёлета ехалі ў большасці ўсё ж з сур’ёзнымі тэмамі: як трансфармуецца літаратура; чаму так плённа развіваецца нон-фікшн і як трэба пісаць для дзяцей, каб яны захацелі чытаць. У якасці экспертаў па «дзіцячай» тэме выступілі нашы аўтары Яўгенія Пастарнак і Андрэй Жвалеўскі, чые кнігі сталі бестселерамі ў Расіі і Беларусі.

Выстаўка — таксама добрая пляцоўка для дамоў пра далейшае супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдання. Напрыклад, прадстаўнікі расійскага выдавецтва «Маладая гвардыя», якое пасля заключэння прамога дагавора з «Белкнігай» атрымала магчымасць рэалізаваць у нашай краіне свае выданні, наўпрост адзначылі высокую цікавасць да сваіх кніг і аўтараў, а таксама былі прыемна ўражаныя некаторымі беларускімі выдавецкімі праектамі і нагледзелі для сябе ў нас новых патэнцыяльных аўтараў. Некаторыя расійскія выдавецтвы ўжо даўно выдаюць у Расіі беларускіх пісьменнікаў, як, напрыклад, «Час», для якога гэта прынцыповае пытанне. Таму сёлета не варта было дзівіцца таму, што каля расійскага стэнда можна было ўбачыць і Віктара Марціновіча, і Альгерда Бахарэвіча, па аўтографы да Святланы Алексіевіч стаяла чарга. І наведнікі заходзілі, каб паглядзець і набыць кнігі — некаторыя адмыслова загадзя адкладалі грошы на кнігі, якія прадаваліся тут з істотнымі зніжкамі.

Наогул, на стэндзе Расійскай Федэрацыі ўрад Масквы прадставіў больш як 500 найменняў кніг.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.