Вы тут

Усё пад кантролем


Жыццё з асаблівасцямі: з розумам наіўнага дзіцяці і ў абалонцы цялеснасці


Усё было пад кантролем: рэгулярныя лекі, размовы з доктарам, спробы зразумець: а што ж рэальна адчувае гэтая дзіўна-маўклівая дзяўчына, якая нібыта вырасла, але застаецца дзіцем паводле свядомасці? Сядзіць у сваёй шкарлупіне, куды ніхто не можа ўлезці і навесці там «парадак» — гэта значыць, зрабіць так, каб яна стала жыць і мысліць як усе. Але чаму ж не паспрабаваць? І маці дзяўчыны па імені Дора вырашае…

Прыкладна тое ж самае вырашылі зрабіць стваральнікі спектакля «Дора, альбо Сексуальныя неўрозы нашых бацькоў»: залезці ў галаву асаблівага чалавека і зразумець, як яму жывецца сярод большасці звычайных людзей.

Клубок нерваў

Інтарэсы тых, каго менш, каго сустракаем не так часта (таму што ўнікальныя), іх голас у грамадстве амаль не гучыць, але гэта не значыць, што іх няма, не значыць, што з імі не трэба лічыцца, не значыць, што не варта разумець, як кантактаваць ці дакранацца да іх трапяткога і няўлоўнага «Я». Спроба незалежнага тэатральнага праекта HomoCosmos — таксама асаблівая.

Звычайна праз свае спектаклі HomoCosmos стараецца выклікаць гледача на няпростую размову паводле складаных сацыяльных праблем, прапаноўвае пастаноўкі, пасля якіх людзі выходзяць у шоку: як дзякуючы тэмам, так і формам падачы зместу. Таму зразумелы выбар п’есы швейцарца Лукаса Берфуса: ён прапаноўвае вострасацыяльныя тэмы, да якіх стаўленне ў грамадстве неадназначнае, якія выклікаюць спрэчкі. Жывы тэатр гэтым і павінен займацца: правакаваць гледача на жывую рэакцыю, каб праз яе выпрацоўваць чалавечую і грамадскую пазіцыю. Хоць сама п’еса разлічана на сучаснага чалавека, які жыве ў сінкрэтычным свеце і хоча адначасова ўсяго і адразу: і слёз, і смеху. І думак. Толькі іх трэба данесці такой жа сучаснай мовай, з драйвам. Прычым гэта не азначае толькі хуткі тэмп самой дзеі. Пры тым, што падзеі ў жыцці герояў спектакля мяняюцца даволі шпарка.

Вось мама Доры вырашае «адключыць» яе ад таблетак і даць магчымасць жыць як усе. Вось Дора ўжо працуе, вось яна ўжо цягнецца да людзей і гатовая адкрывацца нават тым, каго зусім не ведае. І трэба радавацца за паненку, якая выходзіць са свайго аўтычнага стану і жыве паўнавартасна, нават пачынае кахаць. Ці не таго хацела мама? Каб дачка мела пачуцці. Каб не глушыць яе самасць. Каб яна адчувала сябе чалавекам. Каб магла сама за сябе вырашаць.

І дачка выходзіць з гушчару хваробы, ад якой стаміліся яе сваякі, можа быць, больш, чым яна сама. Гушчар абазначаны на сцэне ў выглядзе клубка нейронных сувязяў, але застаецца сімвалам, праз які адбіваюцца ўсе далейшыя падзеі. Між іншым, гэтая метафара ў сцэнаграфічным рашэнні мастака-пастаноўшчыка Андрэя Жыгура (фактычна адзіны відавочны акцэнт і загадкавы элемент) звяртае ўвагу на тое, што героі і мы разам з імі існуем у прасторы чалавечага, дзе ўсе злучаныя ніткамі розных сувязяў, не толькі роднасных. Праз гэтыя ніткі можна, як праз акно, пазіраць на свет. Яны сціскаюцца ў моманты злосці. А часам іх выбіваюць як дыванок са шчыльным слоем пылу, пад якім схаваныя былыя пачуцці бацькоў, іх цяперашняя незадаволенасць нязручнасцю жыцця, выкліканага паводзінамі Доры. У гэтым камяку нерваў нібыта пад фіранкай хоча схавацца дзяўчынка, калі ёй балюча.

Бясконцы крык

Доры балюча не толькі тады, калі бацькі імкнуцца ўсталяваць кантроль за яе цялесным існаваннем. І ўжо не важна, што яна адчувае, не важна, чаго хоча (бо яна не зусім здаровая, гэта трэба ўсё ж разумець). Важным становіцца тое, што зручна для іх: каб яна магла жыць сама. У прыватнасці — карыстацца сваім целам. Але без «наступстваў» у выглядзе непатрэбнага (ім) дзіцяці. Якія яшчэ пачуцці, калі можа быць пачуццёвасць без абмежаванняў?!.

Паводле п’есы падзеі развіваюцца шпарка. Спектакль пра іх распавядае даволі манатонна. Да пэўнага моманту — калі з маленькай, ціхай і кволай Доры (актрыса Алена Барсукова) вырываецца крык: тут здрыгануцца ўсе. Гэта крык істоты, якая застаецца жыць, але пазбаўленая магчымасці радавацца жыццю. Кульмінацыя і самы яркі момант у спектаклі рэжысёра Віталя Дудзіна. Рэжысёр вядомы па кінаработах (больш за дзясятак, сярод якіх прыгоды Дзяніса Караблёва, драма «Птушкі без гнёздаў», праблемная сацыяльная драма «Пад небам блакітным» ды іншыя). Зразумець, чаму рэжысёр кіно прагне працы, нескладана: самы позні яго фільм датуецца 2011 годам. І такое адчуванне, што ў дадзеным праекце Дудзін працягваў здымаць кіно: вострасацыяльная тэматыка яму знаёмая, ды складаных тэм ён не баіцца.

На тэатральнай сцэне рэжысёр лінейна распавядаў гісторыю Доры, прыдумваў, як развесці/звесці артыстаў. Без нейкага мудрагелістага канцэпту і адмысловай фармальнай абалонкі — каб усё зразумела: сутнасна ўсё і так няпроста ў гэтай п’есе, якую б сыграць дакладна, паказаўшы псіхалагізм праз рухі і міміку артыстаў. Але падыходы псіхалагічнага кіно, дзе ідуць буйныя кадры, дзе можна навесці аб’ектыў на вочы альбо паказаць задуменны профіль, не заўсёды ратуюць у тэатры (для таго каб спрацоўвалі гэтыя прыёмы, сучасныя рэжысёры ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць тэхнічныя прылады, экраны і відэакамеры). У «Доры…» глядач чапляецца за тэкст, які агучваецца, і яго нельга прапусціць, каб не згубіць сутнасць аповеду. Увагу трымае найперш сама тэма, выклікае суперажыванне і жаданне выпрацаваць сваё меркаванне ў дачыненні да сітуацыі, якая падаецца не такой ужо і штучнай (варта пачытаць СМІ).

Дзяўчынка з псіхічным адхіленнем уваходзіць у грамадства і, як чысты ліст у спісаным сшытку, правакуе пакінуць на ім сляды, скарыстаць. Яна наіўная і чыстая, як дзіця, даверлівая і паслухмяная, не разумее, калі адбываецца гвалт. А ён можа быць нават там, дзе ўсе клянуцца, што любяць і кахаюць. Дазволіўшы дзяўчынцы жыць, як усе, яе фактычна ператвараюць у інваліда, выдаляюць з цела жаночую сутнасць. Праблема вырашана: цяпер ідзі на свабоду. Толькі свабода атрымалася з абмежаваннямі — фізічнымі (фізіялагічнымі) і не дае адчування радасці. Праз сімвалічны вобраз адзінокай наіўнай дзяўчыны можна было б асэнсаваць жыццё ў соцыуме і сам соцыум: матэрыял п’есы насамрэч дазваляе пайсці ўглыб. Але спектакль спыняецца на ўзроўні прыватнай сямейнай гісторыі хворай дачкі і эгаістычных бацькоў, якія ўсё ж знаходзяць спосаб кантраляваць сітуацыю без дапамогі лекаў. Лжывая любоў, цынічныя клопаты…

І далей усё залежыць ад самога гледача, які захоча ці не захоча «заганяцца» на гэтую тэму. Калі шукае такі тэатр, відаць, хоча. І гэтая думка — самае радаснае ўражанне ад «Доры…»

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.