Вы тут

Думкі ў сеціве нараджаюць пачвар


Прынятая на гэтым тыдні Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі нашай краіны выклікала вялікую цікавасць і хвалю абмеркаванняў. Што, уласна, і не дзіўна: у век развітых высокіх тэхналогій, калі інфармацыя распаўсюджваецца хутчэй, чым святло, кожная дзяржава, якая хоча застацца незалежнай, павінна ўмець сябе і ў гэтам плане абараніць. За краіну цяпер можна быць спакойным — прадугледжаны інструменты і рычагі гэтай абароны. Чаго не скажаш пра асабістую інфармацыйную бяспеку яе насельнікаў — нас з вамі, актыўных карыстальнікаў усіх найноўшых дасягненняў тэхнічнага прагрэсу. Клапаціцца аб якой павінны мы самі. Пакуль што гэтага разумення ў многіх з нас, на жаль, няма. Чым гэта можа скончыцца? У нашым, дробна-ўласным маштабе — таксама стратай незалежнасці і разбурэннем. Асобы, сям'і, кар'еры, жыцця — гэта ўжо як «пашанцуе».


Я ўпершыню зрабіла такую выснову, здавалася б, відавочную, літаральна днямі, калі, пачытаўшы вельмі сумнеўны з пункту гледжання прыстойнасці пост адной са сваіх сеткавых сябровак (і па прывычцы ўсміхнуўшыся: што з яе возьмеш, яна і ў кампаніі такая, бывае, як ляпне што), звярнула ўвагу на каментарыі, якія ёй на гэты пост пісалі зусім незнаёмыя людзі. Чаго там толькі не было! Пачынаючы ад абраз знешнасці да жадання заняцца з ёй, выбачайце, сексам у вычварэнскіх формах і пагроз знайсці яе і гэта самае жаданне ажыццявіць. Сяброўка вельмі хутка свой пост разам з каментарыямі са старонкі прыбрала, але дзе гарантыя, што хтосьці з хворых на галаву ці, наадварот, вельмі разумных наведвальнікаў яе акаўнта (а доступ ёсць для ўсіх ахвотных — заходзь хто хоча, глядзі і пішы што хочаш) не захаваў скрыншот яе старонкі ў сябе на камп'ютары. Дзеля чаго? Напрыклад, дзеля таго, каб падпільнаваць яе дзе ў завуголлі (гэта ў «хворым» выпадку). Ці, калі штосьці ад сяброўкі будзе трэба (не аддаваць ёй буйную пазыку, напрыклад, або каб яна саступіла больш выгаднае месца на працы, або проста адпомсціць за нейкую крыўду), проста тую захаваную старонку выцягнуць на свет божы (гэта ў выпадку «занадта разумным»). І ў адным, і ў другім варыянце пацярпелай будзе толькі аўтарка таго легкадумнага поста. І ўпраўленне «К» да гэтай справы не прыцягнеш — прыкмет віртуальнага злачынства тут не відаць, хіба што прыкметы элементарнай віртуальнай дурасці і неабачлівасці.

На хвалі гэтых разважанняў я пачала вывучаць у адной з сацыяльных сетак публікацыі сваіх «фрэндаў». Да гэтага разглядала тое, што яны пішуць, як фрагменты нашай асабістай размовы — сам-насам ці ў вельмі цеснай кампаніі блізка знаёмых людзей, дзе можна пра што заўгодна — і пра інтымнае жыццё, і пра грошы, і пра тое, што раздражняе, і бялізнай новай пахваліцца, і з нейкай няёмкай сітуацыі пасмяяцца, і самыя правакацыйныя думкі выказаць... А цяпер прыйшло (лепш позна, чым ніколі!) разуменне: публікаваць штосьці на асабістай старонцы ў сеціве — тое самае, што крычаць усё гэта ў рупар на вялізнай-вялізнай плошчы, напоўніцу набітай людзьмі. У большасці сваёй гэта людзі выпадковыя, але што перашкодзіць ім, калі штосьці ў тваім выступленні не спадабаецца, сцягнуць цябе з трыбуны ды яшчэ і закідаць камянямі?..

Пасля дзівімся: чаму пасля выдатнага, здавалася б, сумоўя, работадаўца адмовіў у месцы? А ён проста праманіторыў тваю старонку «УКантакце», а там... Ды яму магло не спадабацца што заўгодна: спасылка на блатную песню з пазнакай «Амаль пра мяне», фота ў сямейных трусах, танцы на стале на навагодняй вечарыне — тое, што выклаў у сеціва «па прыколе», каб падзяліцца з «фрэндамі», пра што ўжо і не памятаеш. А яно боўталася недзе ў бязмежным чэраве інтэрнэту і выплыла ў самы непрыдатны момант. Сёння ты пакпіў у сваім акаўнце са знешняга выгляду сцюардэс авіякампаніі, а заўтра гэта самая авіякампанія ўносіць цябе ў свой «чорны спіс» і білетаў на вельмі патрэбны табе рэйс не аказваецца... Рэаліі віртуальнага жыцця.

Нядаўна прачытала з гэтай нагоды цікавае даследаванне — як людзі самі фактычна разбурылі сваё жыццё адной публікацыяй у сацыяльных сетках. Прыклады ў ім замежныя, але ж мы ўсе — дзеці планеты Інтэрнэт. Амерыканка, якая з Нью-Ёрка ляцела на поўдзень Афрыкі, седзячы ў самалёце, жартам напісала на сваёй старонцы: «Спадзяюся, не захварэю на СНІД. Жартую. Я ж белая». Гэтыя тры фразы каштавалі ёй кар'еры ў вядомай карпарацыі, яе прозвішча стала сінонімам расізму, яе пагражалі забіць, каб вярнуць добрае імя, яна працавала валанцёрам у адным з найбяднейшых раёнаў Эфіопіі. Іншая яе суайчынніца зрабіла «прыкольнае» фота ля манумента загінулым воінам і выклала на старонцы ў «Фэйсбуку». Вынік — засталася без працы, атрымлівала пагрозы, паўтара года не выходзіла з дому, лячылася ад дэпрэсіі... А жыхар Лондана перад паездкай у ЗША напісаў на сваёй старонцы аб сваіх планах «парваць» Амерыку. Пакуль даляцеў, яго ўжо чакалі супрацоўнікі спецслужбаў. І сустрэлі як патэнцыйнага тэрарыста. У прамых і пераносных значэннях разбірацца ніхто не стаў. Праўда, пасля небараку вызвалілі-такі, але ўезд у ЗША забаронены яму на ўсё астатняе жыццё.

На пачатку 2000-х ад прафесара журналістыкі Ясена Засурскага давялося пачуць азначэнне інтэрнэту: маўляў, гэта плот, на якім напісана непрыстойнае слова, якое чытаюць усе, хто ідзе міма, але нікому дакладна невядома, хто яго напісаў. Прайшло няшмат часу, а ўжо ўсё па-іншаму: пра аўтара не толькі даведаюцца — знойдуцца і тыя, хто яго ў спісаны плот з асалодай тыцне носам.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».