Вы тут

Прэзідэнт: Усе краіны сёння глядзяць на Беларусь


Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з актывам горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна.

Баранавічы — адзін з пунктаў, дзе рэалізуецца мадэль паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця горада. Такіх у краіне 11 (напрыклад, Орша, Барысаў, Маладзечна), і пражывае ў іх 15% насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы ўжо неаднойчы звяртаў увагу, што такія гарады павінны стаць пунктамi прыцягнення людзей. А для гэтага трэба забяспечыць іх працоўнымі месцамі, дастойнымі заробкамі і стварыць камфортнае асяроддзе для пражывання. Як з гэтым абстаяць справы ў рэгіёне, Аляксандру Лукашэнке даклалі падчас нарады з актывам горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна.


Чысціня і парадак — вызначальныя характарыстыкі горада і для інвестараў

Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні візіта прачытаў усе добрыя і дрэнныя словы ў сацыяльных сетках, на форумах, у сродках масавай інфармацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што горад прывялі ў парадак, прыбралі.

«Усё гэта зразумела. А тыя, хто заклiкае мяне прыязджаць сюды хаця б адзін раз у год — і тады тут навядуць парадак, памыляюцца. Пасля майго прыезду вы самі будзеце наводзіць парадак і трымаць горад у такой чысціні, які я ўбачыў сёння». 

Чысціня і парадак — вызначальныя характарыстыкі горада і для інвестараў. Асаблівы статус горада Баранавічы вызначае і яго геаграфічнае становішча — на скрыжаванні шляхоў значнай магістралі з Кітая на захад Еўропы. І патэнцыял гэтага кірунку павялічваецца. 

«Вы ведаеце, будзе бурная рэакцыя на мае словы, я нават здзіўляюся, як быццам першы год працую Прэзідэнтам. Варта слова сказаць, і адразу пайшла хваля, пачынаючы з Мінска на Усход, на Захад. Усе разглядаюць нас і так, і сяк, і гэта натуральна, таму што Беларусь стала эпіцэнтрам нашага рэгіёну ў сілу таго, што мы з вамі, сціснуўшы зубы, вытрымалі ўсе нападкі, — акцэнтаваў увагу лідар краіны. — Але працаваць сёння трэба ў новых умовах. Увесь свет сёння глядзіць на Беларусь, асабліва тыя краіны, якія знаходзяцца ў нашым рэгіёне».

Орша-2?

Эканоміка — гэта галоўнае, толькі з моцным эканамічым сектарам краіна будзе стабільнай. «Многія з вас кажуць, што прыезд Прэзідэнта ў Баранавічы — гэта Орша-2. Правільна. Можа не два, можа і не тры, не будзем лічбамі кідацца, але гэта тое, што пачата ў Оршы, не таму што гэта мая радзіма. Я ўжо папярэджваў, што з Оршы пачалі, таму што я там ведаю кожны квадратны метр. Ідучы на эксперымент, на нейкую бурлівую мадэрнізацыю, развіццё, трэба сябе адчуваць як рыба ў вадзе», — сказаў Аляксанд Лукашэнка. 

Ідэі Прэзідэнта будуць апрацаваны ў аршанскім рэгіёне, а потым перайдуць на іншыя 11 гарадоў. «Пракруціўшы на Оршы шэраг праектаў, мы рухаемся, як я абяцаў, у аналагічныя гарады. Сёння — Баранавічы. У Оршы вопыт складаны быў, там мы фактычна страцілі палову ўрада. Не хацелася б, каб гэта здарылася ў Брэсцкай вобласці», — паведаміў Прэзідэнт. 

Работа асабліва будзе напружанай на працягу двух гадоў, калі прайдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Таму такія сустрэчы з актывам гарадоў стануць традыцыйнымі. Асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю малых, сярэдніх гарадоў, і гэта звязана з неабходнасцю раўнамернага распаўсюджвання вытворчых сіл у краіне. 

Для таго, каб працоўная сіла не пакідала свае мясцовасці, трэба стварыць умовы для жыцця. «Перад намі стаіць задача перадусім развіваць эканоміку рэгіёнаў, каб былі працоўныя месцы і заробкі, і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў у якасці жыцця насельніцтва», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«На нафце няма такой рэнтабельнасці, як на малаке»

Прэзідэнт звярнуў увагу, што перад тым, як ствараць больш прадукцыі, трэба вырашыць, дзе яе рэалізоўваць. «Старэйшы брат перад намі дзверы зачыніць, адны, другія. Еўрапейскі саюз нас не вельмі вітае, таму што ў іх свайго дабра хапае, — сказаў Прэзідэнт. — Таму мы вымушаны ісці туды, на дальнюю дугу. Добра, што з Кітаем выдатныя адносіны».

Па словах кіраўніка дзяржавы, аграрыям неабходна прыстасоўвацца да клімата, якi змяняецца. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, будучы ў Таджыкістане, папрасіў Эмамалі Рахмона прывезці ў Беларусь кустоўе, дрэвы, ў тым ліку і вінаград. Так у Гомеле, Брэсце з’явіліся вінаградныя ўгоддзі і — прыклад імпартазамяшчэння.

«Мы павінны ствараць тое, што можа здзівіць людзей, а бульба і іншыя культуры могуць здзівіць, калі яны створаны па зялёнай тэхналогіі», — адзначыў лідар. 

Пашыраць аб’ёмы вытворчасці трэба за кошт нетрадыцыйных для Беларусі культур. Прэзідэнт выказаў ідэю, што трэба ў сябе вырошчваць кавуны, якія дадуць добрае насенне.

Фермы, па словах Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ператварыць у сучасныя комплексы. «Там вы атрымаеце добрае малако, прададзіце і атрымаеце 35-40% рэнтабельнасці. Некаторыя гаспадаркі і больш атрымліваюць, па 70%. На нафце няма такой рэнтабельнасці сёння. Нават на беларускай нафце», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Мадэль паскоранага развіцця

Работа з развіццём гарадоў вядзецца паэтапна. Акцэнт зроблены на адзіннацаці, дзе ў бліжэйшыя два гады павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым шэрагу і Баранавічы. 

Баранавіцкі рэгіён — адзін з буйнейшых. За мінулы год ён дабіўся станоўчых вынікаў: узрос аб’ём прамысловай вытворчасці, экспарту тавараў і паслуг, прамых замежных інвестыцый. Да таго ж нізкім застаецца ўзровень беспрацоўнасці.

«У бягучым годзе вы павінны мабілізаваць усе рэсурсы, каб дасягнуць новага ўзроўню развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. І ў вас усё для гэтага ёсць, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, — сказаў ва ўступным слове Прэзідэнт. — Неабходна значна павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў, і, вельмі важна, ствараць працоўныя месцы».

Прэзідэнт запытаў: што неабходна зрабiць для ўстойлівага росту эканомікі горада, района і якія рэзервы бачыць актыў для павышэння сацыяльных стандартаў жыцця. Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што чакае ад выступоўцаў дакладных адказаў, прадуманых, канкрэтных прапаноў для вырашэння праблем.

Беларусь можа быць на 50 працэнтаў багацейшая пры дбайным стаўленні да перапрацоўкі смецця

«Я сам некалі, абдумваючы гэта пытанне, прыйшоў да адназначнай высновы: калі б мы больш дбайна падыходзілі да гэтых рэсурсаў, мы на 50 працэнтаў былі б багацейшыя. Гэта значыць, мы сябе абядняем напалову. Аўчынка варта вырабу, і гэтым трэба займацца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — За смеццеперапрацоўку ва ўсіх краінах змагаюцца, таму што гэта сартаванне — рэнтабельная вытворчасць».

Прэзідэнт прывёў у прыклад Швейцарыю: «Яны ж не вырабляюць шкло, як мы, традыцыйным спосабам. Яны бяруць і з бою шклатары вырабляюць усё шкло».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця гатовы падтрымліваць Беларусь у пытаннях перапрацоўкі другаснай сыравіны, і краіна будзе рухацца ў гэтым напрамку. «Ён гатовы нам даць крэдытаў, і нямала, пад мізэрны працэнт менавіта для дарог, для вады, для ачысткі ад прымесей жалеза і перапрацоўкі смецця. Добра, што да нас яны пайшлі, і нам трэба гэтым займацца», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Даручана ўзяць на кантроль пытанні цэн і ўзроўню зарплат

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да свайго прыезду ў Брэсцкі рэгіён ён даручыў правесці сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што людзей больш за ўсё хвалюе рост коштаў.

«Я на гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Я даручыў кіраўніку Адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы», — заявіў беларускі лідар.

«Цэны, выплата заробкаў, працоўныя месцы і памер заработнай платы і пенсій», — пералічыў Прэзідэнт пытанні, якія даручана трымаць на кантролі.

Ён звярнуў увагу: мала таго, што не заўсёды ёсць магчымасць плаціць вялікую зарплату, якая б у цэлым задавальняла працаўнікоў, але часам не заўсёды яны выплачваюцца ў тэрмін. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці па стане на 1 сакавіка апошняй пазначанай праблемы няма.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як зарплаты, так і пенсіі ў першую чаргу залежаць ад эканамічнага развіцця і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Неабходныя ініцыятыва і намаганні на месцах. «Зрабіў тавар — прадаў — плаці зарплату. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння „несур’ёзна“ працуе і зарабляе там Br600-700, як пішуць, а мы будзем даплачваць да Br1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у кагосьці грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!» — заявіў ён.

Адначасова Прэзідэнт запэўніў, што тым, хто аб’ектыўна трапіў у складаную сітуацыю, будзе аказана падтрымка. «Калі я сапраўды ўбачу, што вы ў складаную сітуацыю патрапілі, мы, вядома ж, вам дапаможам у гэтым плане. Але калі гэта расхлябанасць і непарадак, калі хтосьці на месцах — кіраўнікі і калектыў — не рухаецца, вы не разлічвайце, калі ласка, на тое, што Прэзідэнт у кагосьці забярэ, а вам штосьці дасць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Аналагічна падтрымка і фінансаванне будзе выдзяляцца на перспектыўныя праекты. «Калі вы вырашылі адкрыць супервытворчасць, якое заўтра акупіцца, і ёсць у вас праект — добра, я гатовы падтрымліваць. Прапаноўвайце гэтыя праекты будучыні», — запэўніў ён.

Гаворачы аб праведзеных у рэгіёне напярэдадні рабочай паездкі даследаваннях на эканамічную і палітычную тэматыку, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з іх вынікамі. «Яны носяць пакуль закрыты характар. Я не скажу, што я не задаволены», — сказаў ён.

«Я чую не толькі тыя 80% насельніцтва Брэсцкай вобласці і, у прыватнасці, Баранавічаў, якія ў агульным станоўча ставяцца да Прэзідэнта, але і тыя 20%, якія не вызначыліся яшчэ да гэтага часу ў стаўленьні да Лукашэнкі ці не падтрымліваюць Прэзідэнта. Я вас не дзялю, усе вы мае людзі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Даручана трымаць на кантролі кожнае пытанне, які пазначаны грамадзянамі. «Нічога тут адрознага ад нядаўняй „Вялікай размовы“ не. У гэтым рэчышчы людзі звяртаюцца і да мяне, і да ўладаў. Але ў агульным сітуацыяй я задаволены — тым, як ацэньваюць людзі тут ўладу. І не толькі Прэзідэнта, але і ўсю вертыкаль. і губернатара, і аблвыканкам больш за палову ацэньвае станоўча, што рэдка бывае. І кіраўніцтва Баранавіцкага раёна і Баранавічаў палова прыкладна станоўча ацэньвае. Гэта ўжо добра, таму што вы тварам да твару з людзьмі», - адзначыў Прэзідэнт.

На працягу двух гадоў неабходна прывесці ў парадак дарогі ў Баранавічах і раёне

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па гэтым пытанні паступалі скаргі ад мясцовага насельніцтва. «Прывядзіце ў парадак дарогі. Па-гаспадарску», — даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пытанні дарожнага будаўніцтва пакуль яшчэ шмат галавацяпства, у тым ліку ў прымяняемых нормах, у плане выканання тэхналогіі ўкладкі пакрыцця. «Людзі правільна абураюцца. Пазаўчора зрабілі дарогу — яна развалілася. Гэта не толькі настрой людзей, гэта іх матэрыяльны дабрабыт — амаль у кожнага ёсць аўтамабіль. Яны ўклалі ў набыццё аўтамабіля немалыя грошы і хочуць па нармальных дарогах праехаць», — звярнуў увагу беларускі лідар.

«Дарожнікі да гэтага часу «асвойваюць» выдзеленыя сродкі. Увядзіце жалезабетонную практыку: пабудаваў дарогу, будынак і іншае — гарантыйны тэрмін. Калі нешта здарылася — ідзі і рабі за свой кошт. У нас усюды з гэтым праблема. А за два гады дарогі ў горадзе і за межамі горада прывядзіце ў парадак», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Зарплаты — не менш за 1000

«На працягу двух гадоў у Баранавіцкім рэгіёне вышэй за Br1 тыс. павінны быць зарплаты. А дакладней - да 1 верасня будучага года», - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён папярэдзіў, што гаворка ідзе аб устойлівым узроўні заработнай платы, а не пра рост у нейкі канкрэтны месяц, пасля чаго адбываецца істотнае падзенне. «Па заробках устойліва да 1 верасня будучага года вы павінны мець Br1 тыс., таму што ўклад Баранавічаў і вашага рэгіёну ў цэлым у скарбонку росту сярэдняй зарплаты вобласці і нават краіны значны», - падкрэсліў беларускі лідэр.

Паводле прадстаўленых да нарады дадзеных, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Брэсцкай вобласці за студзень склала Br833,8. Па гэтым паказчыку лідзіравалі Брэст (Br975) і Баранавічы (Br850). Пры гэтым сярэдняя зарплата работнікаў Баранавіцкага раёна ў студзені склала Br767,1.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў параўнанні з Аршанскім раёнам, аднаўленнем і развіццём якога ў цяперашні час актыўна займаюцца, у Баранавічах сітуацыя значна лепш. «У вас няма гэтай катастрофы, але адсюль не меншая праблема, таму што прамысловасць тут, напэўна, разы ў тры больш маштабная, чым у Оршы. Мы з кіраўнікамі яшчэ не раз сустрэнемся. Я адмыслова папрасіў сабраць актыў, каб кіраўнікі дакладна ўяўлялі, чаго я патрабую ад вас і што хачу бачыць у Баранавіцкім рэгіёне. Сапраўды гэтак будзе і па іншых такіх буйных гарадах», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Галоўнае - гэта прадпрыемства: сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, прамысловасці, транспарту... Мы павінны мець на кожным прадпрыемстве план развіцця, асновай якога з'яўляецца мадэрнізацыя і ўдасканаленне ўсіх працэсаў і выхад на больш высокі ўзровень», - падкрэсліў беларускі лідэр.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на кадры, завастрыўшы ўвагу на адказнасці кіраўнікоў на месцах. «Трэба пад напругай трымаць кожнага кіраўніка. Вы павінны іх увесь час трымаць у форме. Яны павінны адчуваць сваю адказнасць за даручаны ўчастак», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Марыя ДАДАЛКА, г. Баранавічы, і па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла