Вы тут

Настольны тэніс будзе прадстаўлены як лідарамі, так і ўзыходзячымі зоркамі


Выступленне беларускіх майстроў малой ракеткі на І Еўрапейскіх гульнях у Баку ў 2015 годзе пакінула дваякае ўражанне. З аднаго боку, вынік быў станоўчым, бо Уладзімір Самсонаў заваяваў на гэтым турніры «серабро», з другога, прадстаўніцы жаночай каманды скончылі свае выступленні там ледзь пачаўшы — пасля першага ж круга. Як праходзіць падрыхтоўка беларускай зборнай да дамашніх Еўрапейскіх гульняў і якія мэты стаяць перад камандай, расказалі яе галоўныя трэнеры і самі спартсмены.


Тэставыя спаборніцтвы па настольным тэнісе прайшлі яшчэ ў лістападзе мінулага года, тады Беларусь чарговы раз пацвердзіла свой высокі ўзровень краіны-арганізатара, атрымаўшы масу станоўчых водгукаў як ад спартсменаў, так і ад менеджараў гэтай галіны. Дарэчы, Беларуская федэрацыя настольнага тэніса ўжо другі год запар прызнаецца Міжнароднай федэрацыяй найлепшай у свеце па правядзенні міжнародных турніраў, таму боязі, што на Еўрапейскіх гульнях штосьці пойдзе не так, няма.

На Гульнях турнір па настольным тэнісе пройдзе ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе з 22 да 29 чэрвеня, рэгламент прадугледжвае адначасовае выступленне спартсменаў на чатырох сталах (звычайна кваліфікацыя міжнародных спаборніцтваў праходзіць на значна большай колькасці сталоў). Спаборніцтвы пройдуць у асабістым і камандным заліку.

* * *

Жаночую беларускую зборную ў асабістым турніры прадставяць дзве маладыя спартсменкі — Дар'я Трыгалас і Надзея Багданава. У камандзе да дзяўчат далучыцца дасведчаная Вікторыя Паўловіч. «ІІ Еўрапейскія гульні вельмі адказныя для нас спаборніцтвы, тым больш што яны праходзяць дома, таму рыхтуемся мы досыць сур'ёзна, — расказвае старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі Таццяна ПЯТКЕВІЧ. — Дзяўчаты, якія прадставяць краіну на турніры, — перспектыўныя спартсменкі, якія зараз прагрэсуюць у сваёй гульні. Выступаць дома будзе складана, бо гэта дадатковая адказнасць, гэта толькі здаецца, што сцены дапамагаюць, на самай справе можна і перагарэць эмацыянальна».

Дарэчы, на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы сярод спартсменак да 21 года васямнаццацігадовая Надзея Багданава заваявала «бронзу», да яе падобных поспехаў у Беларусі не было нават у сясцёр Паўловіч. «Медаль мяне акрыліў і ў той жа час дадаў адказнасці, — адзначае Надзея. — Абгульваць можна каго заўгодна, нашмат складаней гуляць з азіяцкімі спартсменкамі: яны больш хуткія, больш вопытныя. Але трэба верыць у сябе і выкладвацца на 100 працэнтаў».

Задача нашай жаночай зборнай — у камандных спаборніцтвах трапіць у васьмёрку наймацнейшых. Таццяна Пяткевіч адзначае, што спартсменкі могуць не толькі яе выканаць, але і перасягнуць чаканні. Хоць заўважае, што канкурэнцыя на Еўрапейскіх гульнях у Мінску будзе вельмі высокая. «Сёння ўсе краіны ўмеюць гуляць у настольны тэніс, усе працуюць, усе хочуць выйграваць, узровень тэніса ў Еўропе зараз вельмі высокі. Нам павінен дапамагчы настрой і характар», — адзначыла настаўнік.

У красавіку жаночая зборная прыме ўдзел у чэмпіянаце свету ў Венгрыі, а перад гэтым правядзе збор у Харватыі.

* * *

Уладзімір Самсонаў

Мужчынская зборная сёння знаходзіцца ў дзясятцы наймацнейшых сусветнага рэйтынга. На Еўрапейскіх гульнях у Мінску ў нас будзе шанц на свае вочы ўбачыць шматгадовага безумоўнага лідара — Уладзіміра Самсонава, кампанію яму складуць добрыя стабільныя гульцы Павел Платонаў і Аляксандр Ханін.

«Наяўнасць Уладзіміра Самсонава ў нашай камандзе дапамагае гуляць нашмат лепш. Стараемся быць найлепшымі ў кожным матчы, зрабіць сваю справу як мага лепш, каб мы як каманда змаглі дамагчыся добрага выніку, — расказвае Павел Платонаў. — У камандзе ў нас добрыя ўзаемаадносіны, няма падзелу на першыя, другія і трэція нумары».

Што датычыцца спартыўнай формы і здароўя Уладзіміра Самсонава, то яны не выклікаюць асцярог, каля месяца таму завяршыўся Кубак Еўропы — турнір, на якім выступаюць найлепшыя 16 спартсменаў кантынента ў гэтым відзе спорту. Беларус стаў там другім, прайграўшы, дарэчы, таму ж спартсмену, што і на І Еўрапейскіх гульнях, — Дзмітрыю Аўчараву.

«Мы спадзяёмся, што Уладзімір заваюе медаль на дамашніх Еўрапейскіх гульнях», — адзначае старшы трэнер мужчынскай зборнай Андрэй ВАРАБ'ЁЎ. Дарэчы, прызёры Гульняў у Мінску атрымаюць алімпійскія ліцэнзіі ў Токіа-2020, менавіта таму ў Мінск прыедуць наймацнейшыя спартсмены Еўропы і не толькі. Нягледзячы на тое што Гульні еўрапейскія, прымаць удзел у іх будзе шмат азіятаў, якія выступаюць за еўрапейскія зборныя, гэта дадасць канкурэнцыі, асабліва ў жаночым турніры.

Таксама трэнеры спадзяюцца, што Еўрапейскія гульні стануць добрым штуршком для прыцягнення ўвагі да свайго віду спорту. «Да нас ужо прыходзіць шмат дзяцей, а пасля Гульняў, упэўнена, іх будзе яшчэ больш», — адзначыла Таццяна Пяткевіч.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Вопыт плюс маладосць. Залаты сплаў?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.