Вы тут

Беларусь наведаюць больш за 30 тыс. замежных турыстаў падчас Еўрагульняў


Спецыялісты чакаюць, што нашу краіну наведаюць больш за 30 тысяч замежных турыстаў падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной адзначыў, што за аснову пры падліках браліся першыя гульні ў Баку, на якіх было каля 28 тысяч турыстаў. Арганізатары гэтага грандыёзнага форуму бяруць на сябе павышаныя абавязацельствы і плануюць прыняць гасцей на некалькі тысяч больш.


Для якаснага правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў створаны рэспубліканскі аргкамітэт, які ўзначальвае прэм'ер-міністр краіны Сяргей Румас. У яго складзе створаны падкамітэт па пытаннях арганізацыі працы з замежнымі турыстамі. На канкурэнтнай аснове выбраны афіцыйны турыстычны аператар і агент гульняў. Нацыянальным агенцтвам па турызме атэставана 886 экскурсаводаў і 200 гідаў-перакладчыкаў.

Асобна спартыўны функцыянер спыніўся на тэме забеспячэння турыстаў жыллём. «У Еўропе, калі праводзіцца буйное мерапрыемства, цэны на гасцініцы, як правіла, узрастаюць у два-тры разы. У нас было прынята рашэнне абмежаваць гэты рост на ўзроўні 15 працэнтаў. Кіраўніцтву гасцініц былі разасланы адпаведныя рэкамендацыі, якія пасля былі выкананы».

Падчас Еўрапейскіх гульняў будзе актывізавацца і ўнутраны турызм. «Калі, напрыклад, у фінал спаборніцтваў выйдзе спартсмен з Віцебскай вобласці, няўжо яго землякі з рэгіёна не прыедуць у Мінск падтрымаць яго? Упэўнены — прыедуць», — мяркуе Міхаіл Партной.

Сёлета спецыялісты міністэрства падрыхтуюць праект указа па аб'яднанні бязвізавых зон на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Плануецца ўстанавіць адзіную бязвізавую тэрыторыю, у якую ўвойдуць тэрыторыі парку «Аўгустоўскі канал» і прылеглыя да іх турысцка-рэкрэацыйная зона «Брэст», асноўную частку якой складае нацыянальны парк «Белавежская пушча», а таксама тэрыторыі дадатковых раёнаў. Прапануецца павялічыць тэрмін часовага знаходжання замежных грамадзян у гэтай зоне з 10 да 15 сутак і ўвесці дадатковыя пункты пропуску праз мяжу краіны.

У гродзенскім рэгіёне летась адкрыта чатыры аб'екты размяшчэння, 24 аб'екты харчавання агульнай умяшчальнасцю каля адной тысячы месцаў. «У гэтым годзе запланавана адкрыццё яшчэ пяці аб'ектаў размяшчэння (дзве гасцініцы і тры хостэлы). На рэканструкцыі знаходзіцца адна з самых буйных гасцініц горада, якая павінна быць уведзена ў строй у 2020 годзе». Намеснік міністра адзначыў, што турысты з краін-суседак хацелі б мець магчымасць бязвізавага ўезду ў нашу краіну не толькі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, але і наземным транспартам. Таму прыкметны ўплыў на развіццё турызму аказала ўстанаўленне бязвізавага парадку ўезду турыстаў на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйных зон у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Напрыклад, паток турыстаў у зону Гродна і Аўгустоўскага канала павялічыўся летась на 87,7 %.

Працягваецца праца над нацыянальнай стратэгіяй развіцця турызму да 2035 года. Агульная канцэпцыя стратэгіі, распрацаваная Дэпартаментам па турызме Мінспорту, была адобрана ўрадам. На яе аснове над праектам дакумента працуе навуковы калектыў. Як мяркуецца, на працягу красавіка праект стратэгіі будзе дапрацаваны і накіраваны на ўзгадненне ўсім зацікаўленым органам дзяржкіравання і ведамствам.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Год спартыўнага турызму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.