Вы тут

Акварэль Шутава: дробязяў не існуе


Возера Нарач — ну дакладна як нейкая Венецыя. А вясковая хата адлюстраваная так каларытна, быццам знаходзіцца ў Іспаніі… Акварэль у выкананні Генадзя Шутава можа адкрыцца з нечаканага боку тым, хто не ведаў гэтага мастака раней. І гэта — «Рэчаіснасць».


Так называецца персанальная экспазіцыя творцы, якому сёлета споўнілася б 80 гадоў. Але на гэтую выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі варта завітаць не дзеля ўспамінаў і настальгіі па творцах, якія выдатна валодалі пэндзлем і ўмелі дакладна адлюстроўваць рэчаіснасць (такія фармулёўкі часта даводзіцца чуць). У дадзеным выпадку гаворка пра рэчы, у якіх існасць, але ў мітусні і бегла кінутым поглядзе на тое, што вакол, мы не звяртаем увагі на яе. Не задумваемся. Перастаём чуць сябе. Губляем дыялог з часам. Вось дзіва — вяртае ў рэчышча акварэль, якая плыве і ў нейкім сэнсе з’яўляецца сімвалам імклівасці часу. Шутаў ішоў крыху іншым шляхам: адчуванне часу ён узмацніў вобразнай сістэмай, ухапіўшы тую самую існасць, без якой няма чалавека ў свеце. І ў маленькіх рэчах — непатрэбных ключах, якія недзе яшчэ трымаюцца ў звязцы, бо калісьці надзейна хавалі важную частку жыцця, кілішкаў, якія вярталіся ў шэраг, каб прыгожа гуляць блікамі, старыя прасы, з якіх можна скласці піраміду, бо і гэта рэчы, якія выйшлі з карыстання, але яны захоўваюць таямніцы сваіх гаспадароў… Творы з розных серый, пейзажы, нацюрморты могуць быць прасякнутыя філасофіяй. Філасофіяй жыцця. Яно ёсць — грунтоўнае. Але цячэ і выцякае — не ў бездань, а перацякае, набываючы іншую існасць. І гэта акварэль.

Генадзь Шутаў выдатна скарыстоўваў здольнасці фарбаў на воднай аснове. Лёгкія і празрыстыя, плыткія і імклівыя, так. Але калі трэба, могуць быць вельмі густымі, насычанымі. Імі можна выдатна прамалёўваць дэталі, нават дробныя, нават літары ў газеце, ці выпісаць шкляныя прадметы — неверагодна! Але не толькі ўменне працаваць з акварэллю ў сваёй адметнай манеры зрабіла мастака Генадзя Шутава, які вялікую частку жыцця прысвяціў Віцебску, вядомым сярод знаўцаў мастацтва нашай краіны і за яе межамі. У 2011 годзе Генадзь Шутаў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва і стварэнне ўнікальных нацюрмортаў. І нездарма акрамя калег-мастакоў, сяброў і аматараў творчасці Шутава на адкрыццё выстаўкі завіталі былыя міністры замежных спраў. У прыватнасці, Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што творы гэтага мастака неаднойчы прадстаўлялі Беларусь у замежных выстаўках. Наш у іх сімвалічны рад і каларыстычны выбар, пры тым, што сам майстар родам з Украіны, але скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча, потым вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце, а лёс усё адно паставіў яго на працу ў Беларусі, дзе склалася сям’я мастакоў-аднадумцаў. Дзякуючы руплівасці блізкіх і атрымалася гэтая выстаўка, якую склалі больш як 50 твораў. Насамрэч іх вельмі шмат. І шмат тых работ, што захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), Метраполітэн-музеі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеях Парыжа, Кіева, Віцебска, Полацка…

Засохлы букет кветак — вытанчанасць, што ўжо замацаваная вечнасцю. Шматкі газет — рэшткі жыцця, якога ўжо няма, але час валодае здольнасцю яго аднавіць. Чорна-белыя сямейныя фатаграфіі (уявіце, іх можна намаляваць акварэллю!) становяцца часткай мастацкага твора, таму што самое жыццё — найвялікшы твор, які пішам мы ўсе разам. А нехта можа выхапіць фрагмент і сказаць: не забывайцеся ім захапляцца.

Марыя АСІПЕНКА

Загаловак у газеце: Ключы ад шафы, дзе спыняецца час

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.