Вы тут

У кожнай, нават самай глабальнай, добрай справе пачынаць трэба з сябе


Пару гадоў таму мы з рэдакцыяй часопіса «Родная прырода» правялі цікавы эксперымент. У адной вельмі самавітай установе, дзе шмат людзей карыстаецца прыладамі на мабільным сілкаванні, паставілі адмысловы кантэйнер для збору адпрацаваных батарэек. Кантэйнер быў заўважны — высокі, ярка-аранжавага колеру. Але кідаць у яго шкоднае смецце людзі чамусьці не вельмі каб спяшаліся. І тады мы, звярнуўшыся да спецыялістаў-эколагаў, якія нам далі патрэбную інфармацыю, наляпілі на ўсю плошчу кантэйнера не менш яркі, чым ён сам, плакат. На якім проста была напісана звычайная статыстыка, якую ведаюць эколагі, але не ведаем (ці не хочам ведаць, ці ўвогуле пра гэта не задумваемся) мы, неэколагі. Калі гэтую самую адну батарэйку выкінуць у кантэйнер і адправіць на перапрацоўку, выратуеш два дрэвы, аднаго вожыка, двух кратоў і некалькі тысяч дажджавых чарвякоў...


Вы ведаеце, дапамагло. Людзі спыняліся ля кантэйнера, чыталі той плакат, усміхаліся — і кідалі батарэйкі. Некалькі разоў давялося назіраць, як кідалі дзясяткамі, вытрасаючы з пакета, — пэўна, збіралі дома. І я, здаецца, ведаю, што імі рухала. Сама з таго часу збіраю «пальчыкі» ў шкляны слоік, а пасля нясу ў найбліжэйшы кантэйнер — іх апошнім часам у гандлёвых цэнтрах з'явілася шмат. Не магу сказаць, што адчуваю сябе экалагічна свядомай выканальніцай глабальнай місіі па выратаванні планеты Зямля, а вось за вожыка радуюся. Тупае недзе сабе па лесе, тапырыць іголкі, збіраецца дзетак выводзіць і гадаваць. Дый краты з чарвякамі істоты хоць не вельмі прыемныя, але няхай жывуць...

Увогуле, мне здаецца, што ў выкладанні такога патрэбнага сёння нам усім прадмета пад умоўнай назвай «экалагічная адукацыя» не хапае менавіта вось такіх, жывых, кранальных, прыкладаў. Можна колькі заўгодна расказваць пра тое, які шкодны пластык, калі ён трапляе ў зямлю ці ў ваду, — яно ўсё роўна не зачэпіць. Зачэпіць, хутчэй, відэа з італьянскага берага, на які нядаўна выкінула мёртвую самку кашалота. Вялізная жывёліна — восем метраў у даўжыню, і яе ненароджанае двухметровае кашалацяня загінулі ад пластыку — у страўніку ў маці знайшлі дваццаць кілаграмаў пластыкавых пакетаў.  Выкідваючы ў іншае смецце той жа пакет, купляючы яго ў краме, хтосьці, прыгадаўшы гэты сюжэт, глядзіш, і задумаецца пра наступствы — якую жывую істоту ён заб'е сваім учынкам. І — як вынік — панясе той пакет у кантэйнер для перапрацоўкі, а ў магазін наступны раз прыйдзе з палатнянай торбай. Дробязь? Але гэта якраз той выпадак, калі вялікая справа пачынаецца з удзелу кожнага асобна ўзятага індывідуума...

Да гэткага экалагічнага роздуму мяне падштурхнула карціна, якую даводзіцца назіраць штодня з сярэдзіны сакавіка ва ўсіх больш-менш бойкіх месцах — ля выхадаў з метро, ля буйных гандлёвых цэнтраў. Штучныя кветкі — сотні, тысячы, дзясяткі тысяч. Ружы, касачы, васількі — якіх толькі няма, ад невялікіх сціплых галінак да шыкоўных букетаў. Яркіх, амаль кіслотных (хочацца напісаць — ядавітых) колераў. У складзе — анічога натуральнага — суцэльны пластык, сінтэтыка, прамысловая смярдзючая фарба. Каштуюць нятанна — у сярэднім два рублі за штуку. Што, аднак, пакупнікоў не бянтэжыць — ля кожнага са шматлікіх прадаўцоў ёсць людзі, выбіраюць, прыцэньваюцца, адлічваюць грошы, з задаволена-засяроджанымі тварамі ўладкоўваюць у сумках набытае сінтэтычнае «хараство». Лічаць гэту пакупку ледзь не самым важным абавязкам: хутка Радаўніца, трэба на магілы бацькоў-дзядоў ехаць прыбірацца, кветкі, пастаўленыя летась, ужо палінялі, трэба замяніць на свежыя, выкінуўшы непатрэбныя на сметнік. Як гэта — кветак не ставіць? Традыцыя такая, людзі пальцам паказваць будуць, калі не зробіш, як усе. Эколагі нешта там пра шкоднасць такой «прыгажосці» гавораць? Глупства. Ад пары галінак, якія я на сметнік выкіну, нічога з той прыродай не станецца...

Калі шчыра, і я так думала (а калі больш шчыра — дык і працягваю думаць). Не дапамагае нават веданне, што таму, што завём «традыцыяй», — усяго ад сілы тры дзясяткі гадоў. Бо калі тыя пластыкавыя кветкі з'явіліся ў продажы, ды яшчэ ў такой колькасці? Так, традыцыя прыбірацца перад Радаўніцай на могілках — спрадвечная, але ж яшчэ нашы бацькі, калі былі маладзейшыя, пад «прыбірацца» мелі на ўвазе падгрэбці, пачысціць, пасадзіць на магіле роднага чалавека скочкі ці яшчэ якія жывыя кветкі. Дзяды і бабулі яшчэ ведалі, што трэба памяняць абярэгі на крыжах: мужчыну ткалі і вышывалі новы ручнік, жанчыне — фартушок. А цяпер — усё прасцей, бесклапотней і — галоўнае — прыгажэй. Прыбраўся на магілцы, уткнуў яркі букет — хараство.

Хаджу ўжо каторы тыдзень ля тых кветак, прыглядаюся. Але ўчора ў той жа «Роднай прыродзе» прачытала: штогод перад памінальнымі днямі ў Беларусі купляюць мільён (!) штучных кветак. Адпаведна, столькі ж мінулагодніх выкідваецца на смецце. Калі сабраць іх усе ў кучу, атрымаецца дзесяць тон пластыку, які не падлягае перапрацоўцы. Гэта значыць, трапіць у зямлю, у ваду, у страўнікі жывёл і птушак.

Паспрабавала ўявіць, што такое дзесяць тон. Вялізная такая гара атрымліваецца — з добры шматпавярховік. Дзесьці там і мае «дзве галінкі» яе трымаюць. А побач з той гарой сумна пазірае маленечкі і такі бездапаможны вожык. Той самы, якога так радасна было ратаваць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Выратаванне аднаго вожыка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.