У адкрытым доступе на інфармацыйным партале «Партызаны Беларусі» будуць выкладзены лічбавыя копіі ўнікальных дакументаў, сярод якіх лісткі па ўліку партызанскіх кадраў і ўзнагародныя лісты партызанаў, баявыя дзённікі, якія вяліся ў кожным атрадзе, рукапісныя газеты, а таксама трафейныя дакументы.
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь захоўвае найбуйнейшы корпус дакументальных крыніц па гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны знаходзяцца ў спецыяльным сховішчы, дзе падтрымліваецца адпаведны тэмпературна-вільготнасны рэжым, ёсць сістэмы абязпыльвання, газавага пажаратушэння. Дакументы раскладзеныя па скрынках, што абараняе іх і ад пылу, і ад уздзеяння святла. Супрацоўнікі архіва займаюцца паляпшэннем фізічнага стану дакументаў, рэстаўруюць іх, перашываюць, пераплятаюць.
Шмат намаганняў робіцца і для стварэння электронных баз даных. У першую чаргу архівісты імкнуцца аблічбаваць найбольш запатрабаваныя дакументы, каб іх лішні раз не даставаць і не трапаць і прапаноўваць даследчыкам для работы менавіта лічбавыя копіі. Таксама ў лічбу пераводзяцца вопісы дакументаў.
Сёння на сайце архіва вы можаце азнаёміцца з аблічбаванымі дакументамі, якія расказваюць пра вёскі, спаленыя на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Бясспрэчна, стварэнне новай агульнадаступнай базы даных пра партызанаў і падпольшчыкаў зробіць больш зручнай працу даследчыкаў, якія цікавяцца ваеннай гісторыяй. Але інтэрнэт-партал «Партызаны Беларусі» будзе карысны і простым грамадзянам, якія змогуць больш даведацца пра лёс сваіх дзядоў.
Трэба сказаць, што сёння дакументы ваенных часоў адны з самых запатрабаваных. У архіў прыходзяць збіраць інфармацыю для курсавых, дыпломаў, кандыдацкіх. Багата людзей цікавіцца сваімі каранямі, штомесяц паступаюць дзясяткі запытаў, якія датычацца ўдзелу сваякоў у партызанскім руху. Звяртаюцца сюды і школьныя музеі з просьбай адсканаваць дакументы, каб папоўніць ці стварыць у сябе экспазіцыі.
Ёсць цікавасць да беларускага архіва і ў грамадзян замежных краін. Напрыклад, з Казахстана прыйшоў запыт ад сваякоў, якія шукалі інфармацыю пра аднаго з партызанаў. І калі яна была знойдзеная, людзі нават заказалі прыватны самалёт, каб прыляцець у Беларусь, запрасілі з сабой вядомую ў Казахстане тэлекампанію. «Мы ўбачылі адносіны сына і ўнука да дакументаў. Яны гладзілі ўзнагародны ліст. У мужчыны, якому за 70 гадоў, цяклі слёзы ад таго, што ён датыкаецца да гісторыі бацькі», — расказвае Маргарыта Старасценка, загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі. Знойдзены былі і могілкі, на якіх пахаваны той партызан, і казахі паехалі па мясцінах баявой славы свайго продка.
Наогул запытаў на дакументы, якія могуць уплываць на лёсы людзей, у архіў паступае багата, тым больш што сёння іх можна аформіць у тым ліку і праз інтэрнэт. На працягу многіх гадоў у Беларусь прыязджалі супрацоўнікі следчага камітэта з Германіі, шукалі інфармацыю пра вайскоўцаў нямецкай арміі, якія займаліся знішчэннем насельніцтва. Некалькі гадоў таму яны знайшлі даныя пра чалавека, што працаваў у канцлагеры. Зараз гэта вядомы ў сваёй краіне дзеяч, прафесар. Але ў Германіі закон не мае зваротнай сілы, звесткі былі данесены да грамадскасці, трапілі ў друк.
«Работа аддзела выкарыстання дакументаў часта падобна на працу дэтэктываў. Калі пачынаеш працаваць над запытам, не ведаеш, што можаш знайсці, даведацца», — заўважае Маргарыта Анатолеўна. У архіве захоўваюцца гісторыі партызанскіх брыгад — таленавітыя мастакі-партызаны часам аздаблялі іх шыкоўнымі малюнкамі, у справу ішлі алоўкі і фарбы. Тут ёсць унікальныя карты: уражвае, да якіх дробязяў на іх прамаляваны ўсе дэталі. У атрадах выходзілі баявыя лісткі: перавярніце плакаты на адваротны бок — і вы нават убачыце, якія шпалеры былі выкарыстаны, каб іх стварыць. У музеі багата трафейных дакументаў, у тым ліку захоўваецца арыгінал загада аб спальванні Хатыні і картатэка на людзей, якіх вывозілі на прымусовыя работы ў Германію. На дыхтоўныя бланкі, якія загадзя былі аддрукаваныя ў Германіі, наносіліся звесткі пра остарбайтараў, іх прозвішчы, фатаграфіі, адбіткі пальцаў, пазначалася, на якія работы накіроўваецца чалавек. У архіве можна даведацца не толькі пра баявыя дзеянні, але і пра побыт ваенных часоў. Напрыклад, захаваліся кантрольныя работы вучняў партызанскай школы пры атрадзе імя Калініна.
У архіве яшчэ можна багата чаго знайсці. Напрыклад, доўгі час пад грыфам «сакрэтна» былі зводкі Беларускага штаба партызанскага руху, сёння яны даступныя.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.