Вы тут

Фінал конкурсу “Каралева Вясна–2019” пройдзе ў сталіцы 26 красавіка


А галасаваць за ўдзельніц у інтэрнэце можна будзе ўжо з 19 красавіка, паведамляюць арганізатары мерапрыемства.


Рэспубліканскі конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева вясна - 2019" адбудзецца 26 красавіка ў Prime Hall у Мінску, у адным з самых сучасных і камфартабельных сталічных амфітэатраў. За гэты тытул у творчых і інтэлектуальных спаборніцтвах папулярнага студэнцкага праекта пазмагаюцца трынаццаць прадстаўніц устаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Усе дзяўчаты з'яўляюцца ўдзельніцамі вузаўскіх, абласных і Мінскага гарадскога тураў конкурсу. Фінал уяўляе сабой тэатралізаванае дзеянне і складаецца з розных конкурсных заданняў, пры выкананні якіх удзельніцы прадэманструюць сцэнічную культуру, уменне падтрымліваць стасункі з аўдыторыяй, камунікабельнасць, веданне этыкету, пачуццё гумару, грацыю, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства і свае знешнія дадзеныя. Да кульмінацыйнага вечару для ўдзельніц рэспубліканскага фіналу з 22 па 26 красавіка пройдуць экскурсіі, фотасесіі, наведванне майстар-класаў па дэфіле, акцёрскаму і аратарскаму майстэрству і многае іншае.

Тэма фінальнага прадстаўлення конкурсу - "Ззянне ўнутранай прыгажосці". Па задумцы арганізатараў, цягам усяго мерапрыемства будзе раскрыты індывідуальны вобраз кожнай удзельніцы. Гэта будзе прасочвацца як у тэматычных дэфіле "Totalblack", "Далікатнае", “Эпатажнае”, "Рамантычнае”, так і ў конкурсе аратарскага майстэрства. Тэма апошняга "Асоба пра асабістае", падчас якога дзяўчыны раскажуць пра падзею, што змяніла іх жыццё. Акрамя таго, фіналісткі праявяць артыстызм і крэатыўнасць у творчых нумарах.

Пераможцамі конкурсу стануць удзельніцы, якія паказалі найлепшыя вынікі і якія набралі найбольшую колькасць балаў і галасоў членаў журы. Яны будуць ўшанаваны званнямі: "Каралева Вясна Беларусі", "Першая Віцэ-Каралева Вясна", "Другая Віцэ-Каралева Вясна". Будуць вызначаны і пераможцы ў асобных намінацыях: "Міс Абаянне", "Міс Грацыя", "Міс Творчасць", "Міс Спорт", "Міс Інтэрнэт-сімпатый" і іншых.

Дарэчы, галасаванне за тытул "Міс Інтэрнэт-сімпатый" будзе праходзіць у групе БРСМ у сацыяльных сетках у "УКантакце" і "Інстаграм" з 19 па 26 красавіка ўключна. Пераможцы конкурсу, якія зоймуць першае і другое месцы, прадставяць Беларусь у фінале Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева студэнцтва - 2019", які ў гэтым годзе пройдзе ў чэрвені ў Расіі.

Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам “Каралевы Вясны” выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай школы прыгажосці.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.