Вы тут

На мяжы рэальнага і ірэальнага


«М.аrt.кантакт»: класіка, сучаснасць ды іншыя слоганы


Сцэна са спектакля «Кандзід, ці Аптымізм».

З 21 па 27 сакавіка ў Магілёве чатырнаццаты раз прайшоў Міжнародны маладзёжны форум «М.аrt.кантакт». Сёлета арганізатары вырашылі аб’яднаць яго стракатую праграму — 23 спектаклі з 10 краін — слоганам «Класіка і сучаснасць». Гледачы змаглі пабачыць, напрыклад, два «Вішнёвыя сады»: грузінскі рэжысёр Давід Мгебрышвілі паставіў Чэхава ў Новым тэатры польскага Забжэ, а ўлюбёнец фестывальнай публікі пецярбургскі рэжысёр Леў Эрынбург працягнуў роздумы над творамі Антона Паўлавіча ў сваім тэатры-студыі «Невялікі драматычны тэатр» (абодва спектаклі, дарэчы, падобныя схільнасцю рэжысёраў да апакаліптычнай трактоўкі «Вішнёвага саду»). Але тут жа побач праграма прапаноўвала і сцэнічную версію бестселера Андруся Горвата «Радзіва “Прудок”» — незалежны беларуска-ўкраінскі праект «Гэтамы».

Варта зазначыць, што ў якасці крытэрыю падзелу на класіку і сучаснасць гледачы маглі скарыстацца не толькі літаратурнай асновай, але і сцэнічнай мовай, эстэтычнымі прынцыпамі і г. д. Увогуле ж, сёлетняя праграма была настолькі разнастайная, што кожны мог прыдумаць да яе свой слоган. Мой асабісты выглядаў бы так: «Монаспектаклі, тэатр лялек, новыя тэндэнцыі».

Монаспектаклі

Адно з самых папулярных глядацкіх пытанняў у беларускіх тэатральных касах: «Колькі чалавек будзе на сцэне?» Чым больш, тым ахвотней на спектакль купяць білет. На жаль, жанр монаспектакля цяпер становіцца гісторыяй для падрыхтаванай публікі, у большай ступені фестывальнай, чым рэпертуарнай. На сёлетнім форуме таксама склалася невялікая, але заўважная праграма монаспектакляў: «Мая сям’я ў маім чамадане» Ерэванскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Аванеса Туманяна (Арменія), «Коба» — Незалежны тэатральны праект Аляксандраса Рубіноваса (Літва) ды «Сібір» Тэатра (не)нарматыўнай пластыкі (Расія). Пра два з іх — крыху падрабязней.

«Мая сям’я ў маім чамадане» — гэта асабістая гісторыя рэжысёра і выканаўцы Нарынэ Грыгаран. Падчас карабахскай вайны яе бацька трапіў у палон, быў знявечаны, цудам вярнуўся. А потым сям’я аказалася перад няпростым выбарам — уратаваць, пераправіўшы на верталёце ў Арменію, можна было толькі аднаго чалавека, астатнім выпадала спадзявацца на літасць лёсу. Пра ўсе гэтыя падзеі Нарынэ распавядае ад імя сябе — адзінаццацігадовай дзяўчынкі. Ваенная рэчаіснасць паўстае прыгодніцкім светам, дзе дзеці не задаюцца пытаннем, чаму пасля палону ў таты няма зубоў, а ён стараецца адцягнуць увагу дзяцей ад абстрэлу і прымушае рашаць цікавыя задачы на логіку. Абраная форма апавядання, мноства інтанацый і матэматычная выбудаванасць ролі пазбаўляюць спектакль меладраматычнай слязлівасці, але не кранальнасці, не вострага адчування трывогі. І, канечне ж, уражвае самадастатковасць актрысы, якой патрэбныя, па вялікім рахунку, толькі чамадан ды куб. Усё астатняе — гэта сама Нарынэ і яе гісторыя.

Яшчэ адзін монаспектакль, дзе жыццё нечакана становіцца вайной, — гэта «Сібір» Фелікса Мітэрэра ў пастаноўцы Рамана Кагановіча. Дом састарэлых, куды сям’я сына здае нямоглага бацьку, ажыўляе ў ім прыблізна той жа эмацыянальны стан, што помніцца з лагера для ваеннапалонных у Сібіры. Ён трапіў туды падчас вайны, але здолеў вярнуцца дамоў у Германію, пражыў жыццё і вось напрыканцы зноў апынуўся ў Сібіры, з якой не выбрацца... Акцёр Сяргей Азееў, што чытае маналог старога, працуе без грыму, ствараючы візуальны вобраз выключна пластыкай. Сродкі выразнасці, уласцівыя руху, экстрапалююцца і на работу з тэкстам (нагадаю: спектакль пастаўлены ў Тэатры (не)нарматыўнай пластыкі). Так ключавым для вырашэння маналогу становіцца рэчытатыўны рытм, які падмацоўваецца рытмам візуальным — паступовым перамяшчэннем (з кастылёў — на хадункі і г. д.) углыб сцэны, дзе боўтаецца на вешалцы касцюм для апошняга шляху ў труне. Фінал пераводзіць гэта трагічнае апавяданне ў трагікамічнае. Памерлы герой раптам пачынае дрыгаць ступнёй з біркай на пальцы ў такт музыцы. Вядома, у кожнага з нас знойдзецца прыклад такога моцнага духам старога, у смерць якога не верыцца. Здаецца, зараз ён падымецца з труны і раскажа пра хібы ўласных памінак. Але трагікамізм не прыбірае пытання: што трэба зрабіць, каб развітанне з жыццём не нагадвала канцэнтрацыйны лагер?

Тэатр лялек

Санкт-Пецярбургскі Вялікі тэатр лялек (Расія) і Магілёўскі абласны тэатр лялек (Беларусь) прадставілі на форуме прэм’еры, якія паспелі сыграць літаральна адзін раз. Але знайшліся і іншыя, больш грунтоўныя, падставы, каб ва ўласнай свядомасці аб’яднаць іх у дыптых — палярнасць надасабовых канфліктаў. У «Чужым» паводле Альбера Камю піцерскага ВТЛ (рэжысёр Дзяніс Казачук) грамадства вымагае ад чалавека, каб ён заплакаў на пахаванні маці. А ў магілёўскім «Кандзідзе, ці Аптымізме» паводле Вальтэра (рэжысёр Ігар Казакоў) жыццё вымагае ад галоўнага героя пазітыўнага стаўлення да сябе. Абедзве гісторыі надзвычай актуальныя сёння. Колькі такіх ціхмяных чужых, што ўзялі ды забілі з невытлумачальных прычын, мы бачым у стужках навін штодня? І ці маем права не мысліць пазітыўна, калі распаўсюджаны сінонім пазітыўнага — правільнае мысленне?

У гэтых дзвюх работах уражвае, безумоўна, і пераклад гісторый на мову прадмета. У «Чужым» галоўнымі дзейнымі асобамі, нароўні з жывым планам, становяцца безаблічныя вучэбныя гапітна-трасцявыя лялькі. Захапляюць вырашэнні асобных сцэн з дапамогай праекцый ды тэатра ценяў. Напрыклад, калі Чужы забівае араба, на дыване пісягамі крыві тчэцца новы ўзор. Ну і, канечне, нельга не адзначыць дасціпнасць музычнага афармлення: на «вінаватасць» сонца ад пачатку намякае славутае «Sunny» ад «Boney M».

У «Кандзідзе…» Ігар Казакоў аддае перавагу жывому план, уводзячы на шмат якія ролі драматычных артыстаў (у тым ліку і на галоўную — Аляксандра Куляшова). Аднак за кошт лялек рэжысёр густоўна вырашае ў фарсавым, хуліганістым ключы большасць жорсткіх ці эратычных сцэн. Так, інквізіцыя робіць шашлычкі з чалавечкаў-лялечак. Кунігунда з дапамогай лялечных ножак творыць цуды ў ложку. Ну, а яўрэй і інквізітар, высвятляючы адносіны, сімвалічна мераюцца пэўнымі прадметамі, як у непрыстойнай прымаўцы.

Новыя тэндэнцыі

Няхай «новыя тэндэнцыі» як вызначэнне выглядае такім сабе штампам, але яно напраўду трапнае. «М.аrt.кантакт» пільна сочыць за актуальнымі кірункамі тэатральнага працэсу. Так, напрыклад, у сёлетняй праграме форуму з’явілася новая генерацыя ўкраінскага сацыяльнага кабарэ — рэйв-бэнд «ЦэШо». Апантаныя тэатралы абавязкова згадаюць іх папярэдніц, што некалькі гадоў таму запамінальна выступілі на Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «TEART» — фрык-кабарэ «Dakh Daughters». Традыцыю, закладзеную «Dakh Daughters» і іншымі музычнымі праектамі рэжысёра Улада Троіцкага ў кіеўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «ДАХ», працягнулі маладыя і дзёрзкія — банда культурных камікадзэ, што спявае пра ўсё тыя ж праблемы (каханне, вайна, спробы спасцігнуць жыццё), але на свой капыл і з неверагодным драйвам.

Сцэна са спектакля «Яна яго любіла».

Не абмінуў увагай «М.аrt.кантакт» і з’яўленне новай зоркі драматургіі на постсавецкай прасторы — Дзмітрыя Данілава. Адным з хэдлайнераў праграмы гэтага года стаў спектакль «Чалавек з Падольска» Тэатра.doc (Расія) паводле першай п’есы Данілава. Дарэчы, абсурдная гісторыі пра тое, як паліцыя намагаецца прычыніць дабро і заставіць звычайнага жыхара Падольска Мікалая пабачыць прыгажосць у будзённасці, стала апошняй пастаноўкай заснавальніка Тэатра.doc і вядомага драматурга ды рэжысёра Міхаіла Угарава, які заўчасна пайшоў з жыцця.

Форум сфакусаваўся і на некаторых заўважных падзеях у сучаснай беларускай літаратуры ды драматургіі — кнізе Андруся Горвата «Радзіва “Прудок”» і п’есе Андрэя Іванова «З вучылішча». Цікава, што абодва творы былі прадстаўлены ў інтэрпрэтацыі ўкраінскага рэжысёра Стаса Жыркова. У спектаклі «Яна яго любіла», пастаўленым паводле п’есы Іванова ў Адэскім акадэмічным украінскім музычна-драматычным тэатры імя Васіля Васількі (Украіна), рэжысёр застаўся верны сабе, увасобіўшы гісторыю птвшніцы Танькі, дзе кожны кахае, як можа, на мяжы рэальнага і ірэальнага. У незалежным тэатральным праекце «Гэтамы», які Жыркоў рэалізаваў с беларускімі акцёрамі, са сцэны гучыць хор галасоў. З яго ўвесь час выбіваецца новы саліст, каб расказаць са сваёй адметнай інтанацыяй яшчэ адну гісторыю з дзённіка.

Горад-фестываль

Дапісваючы тэкст, я падумала пра адну яскравую рысу Міжнароднага маладзёжнага форуму «М.аrt.кантакт», якая не адбілася ні ў рэальным, ні ў прыдуманым слоганах, але якую проста неабходна адзначыць. Часам здараецца так, што фестываль у городзе існуе неяк асобна ад жыцця гараджан. Вы сабе тут спектаклі глядзіце, мы сабе на працу ездзім і рознымі справамі займаемся. Але гэта не выпадак Магілёва. Прасачыць уключанасць магіляўчан у фестывальнае жыццё можна на самых розных узроўнях. Хочаце, паглядзіце на фінансы і лічбы: на прэс-канферэнцыі дырэктар форуму Андрэй Новікаў адзначыў, што 60% бюджэту «М.аrt.кантакту» — гэта сродкі ад продажу білетаў. Хочаце, паглядзіце на назвы і жанры: магіляўчан цікавіць самы розны тэатр — зала збярэцца і на док, і на мона, і на кабарэ. За чатырнаццаць гадоў «М.аrt.кантакт» так трывала ўбудаваўся ў гарадское жыццё, так аб’яднаў публіку і зрабіў яе актыўным удзельнікам падзей, што стаў не проста форумам, а горадаўтваральнай культурнай інстытуцыяй.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Яўгеніі АЛЕФІРЭНКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.