Нагадаем, сёлета наша зборная на чэмпіянаце свету будзе выступаць у групе А І дывізіёна, турнір пройдзе ў Казахстане з 28 красавіка да 5 мая. Гульні прыме Нур-Султан, а менавіта «Барыс-Арэна», якая ўмяшчае 12 тысяч гледачоў. Сапернікамі беларусаў стануць каманды Літвы, Венгрыі, Славеніі, Паўднёвай Карэі і Казахстана. Па выніках чэмпіянату ў топ-дывізіён выйдуць дзве найлепшыя каманды групы.
Падрыхтоўку да планетарнага першынства наша каманда пачала ўжо даўно, акрамя трэніровачных збораў хакеісты правялі спарынгі з камандай Літвы і алімпійскай зборнай Расіі. А зараз беларуская каманда адправілася ў Казахстан, дзе кантрольнай праверкай сіл заўтра стане таварыскі матч з гаспадарамі турніру. Галоўны трэнер беларускай зборнай Андрэй Сідарэнка адзначыў, што ў гэтай гульні дасць магчымасць праявіць сябе ўсім хакеістам, а па выніках матча будзе сфарміраваны канчатковы склад, гэта значыць, хтосьці з гульцоў адправіцца дадому. Не выключана, што шэрагі галоўнай каманды краіны папоўніць і хтосьці з юніёрскай зборнай, якая зараз паспяхова выступае ў элітным дывізіёне свайго ўзросту.
Што да цяперашняга складу нашай зборнай, то ў ёй у Казахстане з розных прычын мы не ўбачым Мікалая Стасенку, Андрэя Стася, Ілью Шынкевіча і Паўла Вераб'я, на якіх Андрэй Сідарэнка разлічваў раней, затое ў распалажэнні зборнай ужо трэніруецца Нік Бэйлен, Ягор Шаранговіч і Джэф Плат. «Яны ў нядрэннай форме, у выдатным настроі. Прыўнеслі ў каманду добры імпульс. Атмасфера ў зборнай мне вельмі падабаецца — усе ўсміхаюцца, размаўляюць, працуюць. Я задаволены», — адзначае Андрэй Сідарэнка. Настаўнік таксама дадаў, што для паспяховага выступлення каманды вялікае значэнне будуць мець калектыўныя дзеянні, гульня ў абароне, рэалізацыя большасці. на яго думку, менавіта гэтыя фактары будуць вырашаць зыход матчаў. «У нас ёсць мэта — да яе трэба імкнуцца. Ёсць чэмпіянат свету, на якім я засяроджаны, хачу яго выйграць. Мы ўсе хочам», — рэзюмаваў Сідарэнка.
Нік Бэйлен перад ад'ездам у Казахстан падзяліўся сваімі чаканнямі і меркаваннем пра сапернікаў беларускай зборнай на чэмпіянаце свету. «Я быў рады атрымаць выклік у зборную. Прыняць рашэнне было нескладана, у мяне хапае матывацыі. Цяпер у камандзе новае кіраўніцтва, трэнерскі штаб, спадзяюся, нам удасца наладзіць кантакт — і гэта будзе ўдалы адрэзак у маёй кар'еры. Вярнуцца ў эліту сёлета? Лічу, гэта рэальна. Так, задача няпростая, але мы павінны працаваць на максімуме сваіх магчымасцяў. Камандныя ўзаемадзеянні — ключавы кампанент у зборнай. На жаль, некаторыя топ-гульцы атрымалі траўмы, у тым ліку сур'ёзныя, і не змогуць нам дапамагчы. Стартавая гульня будзе вельмі важнай: яна пакажа, хто і на што здольны. Нам трэба звяртаць увагу на сябе, імкнуцца навязаць сваю гульню, а не падладжвацца пад саперніка. Пры гэтым нельга засяроджвацца на сабе, трэба «чытаць» саперніка. У Казахстана моцныя выканаўцы, а ў зборную Славеніі прыедзе зорны Копітар, але ён адзін вынік не зробіць. Галоўнае, каб мы былі гатовыя», — адзначыў Бэйлен.
Джэф Плат таксама выказаў сваю радасць з нагоды таго, што зноў апынуўся ў беларускай камандзе. Пасля заканчэння клубнага сезона ён прайшоў аднаўленчыя працэдуры і далучыўся да каманды Сідарэнкі ў добрай фізічнай форме. «У мінулым сезоне мы вылецелі, сыгралі вельмі няўдала, — расказвае Джэф. — Зараз мне хочацца быць часткай каманды, якая рэабілітуецца за тое выступленне. На правал летась паўплывала нестабільнасць. Мы няўдала пачалі чэмпіянат, потым змяніўся трэнерскі штаб, але цяпер я аптымістычна настроены. Адчуваю стаўленне, з якім хлопцы падыходзяць да справы. Усё павінна быць добра, веру ў поспех».
Расклад матчаў з удзелам зборнай Беларусі:
29 красавіка
Літва — Беларусь
30 красавіка
Беларусь — Венгрыя
2 мая
Беларусь — Славенія
4 мая
Казахстан — Беларусь
5 мая
Беларусь — Паўднёвая Карэя.
Дар'я Лабажэвіч
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.