Вы тут

Аляксей Пысін. Паэт-воін


Вялікая Айчынная працягваецца для нас — ментальна, калі звяртаемся да таго часу, вядзём дыялог з ім і тымі, хто для нас вызначалі будучыню. А мы жывём, усё яшчэ ўглядаючыся ў мінулае. І гэта ўласціва ўжо не толькі таму пакаленню, што заспела трагічныя падзеі, гэта ў нейкі момант стала вызначальным для грамадства. Вайна можа лічыцца скончанай, калі пахаваны апошні салдат, — і ставім абеліскі, аднаўляем помнікі, клапоцімся пра магілы тых, хто загінуў у баях ці пацярпеў у акупацыі. Стараемся, каб было па-людску… Аддаём доўг… Ці вельмі хочам паставіць кропку ў Перамозе над уласным страхам быць ахвярамі? Над страхам страціць сябе — як народ, нацыя, асобы (людзі)? Каб далей проста жыць і глядзець у будучыню, не азіраючыся. Калі так можна… Пакуль не атрымліваецца. Нават з улікам таго, што сказана (і расказана) шмат самімі сведкамі. Увесь зямны боль, здаецца, увабрала ў сябе беларуская літаратура. Досвед для ўсяго чалавецтва — у творах Васіля Быкава, Аляся Адамовіча, Івана Шамякіна… Але пры тым з’яўляюцца новыя кнігі, пішуцца новыя творы, знаходзяцца новыя дакументы таго часу. Спроба паставіць кропку ў гэтай тэме абарочваецца шматкроп’ем. Ёсць траўмы, кажуць псіхолагі, якія трэба прагаворваць падрабязна некалькі разоў, каб пазбавіцца ўнутранай пакуты і далей будаваць жыццё і новыя адносіны з іншымі — са шчырасцю і на перспектыву. Сёння звернемся да тых, хто дапамагаў прагаворваць. І да таго, што, можа, яшчэ засталося недагавораным.


Ёсць творцы, чые імёны стала асацыіруюцца з тэмай вайны, па чыіх творах пазнейшыя пакаленні могуць уяўляць глыбіню яе трагедыі для народа. Ёсць і тыя, хто, на ўласным досведзе прайшоўшы праз тыя самыя жахі і выпрабаванні, не набыў у чытацкім асяродку такую вядомасць. Але велічыня іх таленту не саступае тым, каго вывучаюць у школьнай праграме. Так, напрыклад, многія беларускія пісьменнікі лічаць, што ў ваеннай паэзіі Аляксей Пысін не слабейшы, чым Васіль Быкаў у ваеннай прозе.

...Бясснежны і марозны пачатак зімы 1943—1944 гадоў. Фронт на працяглы час прыпыніўся на рэчцы Проня пад Горкамі, Чавусамі, Прапойскам... На левабярэжжы Проні, пад Горкамі, побач з Польскай дывізіяй, салдаты якой прыйшлі сюды «пад сцягам Касцюшкі», заняла свае пазіцыі 9-я гвардзейская дывізія Чырвонай Арміі, у якой служыў малады паэт Аляксей Пысін. Камандзір роты узяў у салдата Пысіна яго шынель і апрануў на сябе, а яму аддаў свой камандзірскі кажух, белы-белы. На прамёрзлым чорна-шэрым лузе — вельмі добрая мішэнь для нямецкіх снайпераў. Верны сябар Аляксея паэт Віктар Ракаў пазней прысвяціў яму верш «Камсастаўскія кажухі гвардыі радавога Аляксея Пысіна», у якім ёсць такія радкі:

Абраннік матухны-пяхоты,

Прайшоў жывым па ўсёй вайне,

Хоць быў пасечаны ўдвайне —

І за сябе,

І за камроты...

Даўно стала аксіёмай, што Вялікая Айчынная вайна — гэта стрыжань, хрыбет маралі і духоўнасці беларускага народа. Шматлікія вершы-шэдэўры Аляксея Пысіна, такія, як «Вузел», «Была бранёю гімнасцёрка...», «Ляглі сябры ва ўсім паходным...», «Байцам не сняцца пантэоны», «Пяць патронаў у абойме...», «Іван-чай», «Сцяг», «Далёкі тупат кананады...», «Палім мы маршанскую махорку...», «Балада пра каску», «Валуеў», «Балада пра начлег», «А хтосьці з той стралковай роты...», «Балада аб чаканні», «Кінаэпапея “Вялікая Айчынная”», «Балада Буйніцкага поля», а яшчэ паэмы «Белы камень» і «Кара», таксама як і пераклады твораў Мусы Джаліля і Міхаіла Хонінава — сведчанне таго, што савецкі салдат — гэта мужны воін-патрыёт, гуманны воін-вызваліцель, які змагаецца са злом і сее зерне дабрыні, б’ецца з ворагам да апошняга дыхання, пралівае сваю кроў і нават ахвяруе жыццём за народ і Айчыну.

Аляксей Пысін быў салдатам-сувязістам. У «Баладзе пра сувязіста» ён адметна, па-майстэрску ярка і вобразна малюе франтавыя будні:

Цераз Волгу,

Дняпро ў далеч палёў

Провад свой вёў, вёў.

Провад вёў праз агонь, праз лясы,

Вёў у провадзе галасы...

Вёў і загад — па агонь,

На атаку загад,

Абрываў галасы снарад...

Два канцы зубамі сціскаў,

Каб жывым провад зноў стаў.

Поле міннае — смерці схоў,

Спатыкнуўся Аляксей Весялоў.

Расступілася перад ім зямля,

Сувязіста з провадам узяла.

Паэт нібы наяве бачыў палеглых сяброў, якія ўзышлі травой і гарыцветам, і «гутарыў» з імі як з жывымі:

...Вунь Іван стаіць па-над кюветам.

Галавой ківае: «Вось жыву...

Хочаш — пачастую чаем,

Я ж цяпер навекі вадахлёб». —

Не, Іване, з чаем пачакаем,

Закурыць не лішне нам было б.

Не раз паэт-франтавік згадваў і горацкія вёскі, у вызваленні якіх прымаў удзел у чэрвені 1944 года, калі пасля лячэння ў армейскім шпіталі вярнуўся ў сваю роту.

Пры нагодзе Аляксей Васільевіч абавязкова наведваў Горкі і сяло Леніна, выязджаў адпачываць на Проню. Бываў і ў Слаўгарадзе, і ў Чавусах.

На горацкай зямлі, у музеі ратнай славы сяла Леніна, яму падарылі капсулу са жменькай зямлі, якая ў вайну была паліта гарачай крывёю польскіх і савецкіх воінаў. Тую капсулу паэт-воін трымаў у сваім рабочым кабінеце на заўважным месцы. У 1960 годзе паэт прысвяціў горацкай зямлі верш «Курганы». У вершы «Знаёмства з вёскай Аўсянка» (пра сібірскую вёску Аўсянка) паэт згадаў і горацкую вёску Аўсянка. Пасля апошняй паездкі ў Горкі і Леніна ў студзені 1981 года паэт напісаў верш «Дарогай на Панкратаўку», таксама пра горацкую вёску.

...Як толькі вызвалілі Горкі, гвардзеец Пысін са сваёй дывізіяй крочыць далей, на захад, палямі і лясамі Віцебскай вобласці. Воддаль яго шляху злева была Орша, а справа — Віцебск. Апошнім прыпынкам на віцебскай зямлі стаў старажытны Полацк. Крывавы бой пад Полацкам яму вярэдзіў душу шмат гадоў пасля вайны. Былы салдат Пысін у той бой вяртаўся не адзін раз і ў мірны час.

— На вайне як на вайне... — дзяліўся ўспамінамі Аляксей Васільевіч, — пад Полацкам наш батальён паспяхова выбіў ворага з траншэй, бліндажоў, дотаў. Нават апярэдзіў час ці, можа, спазніліся самалёты. І пасыпаліся на нашых салдатаў бомбы... з нашых жа самалётаў:

Пярэдні край зламалі ўжо штыкі,

Ужо за намі бліндажы і доты,

Спазніліся сюды штурмавікі:

Пяхота абагнала самалёты.

Пакуль камбат хрысціў чыесці душы, —

Ляглі свае... Ляглі свае...

Гаворачы пра вайну, Аляксей Пысін праявіў сябе як паэт-вяшчун, мысліцель, адкрывальнік сэнсу жыцця і інтэлектуал, лічыць літаратуразнаўца Таццяна Хоміч. Ён — унікальны Майстар беларускай паэзіі, а ў паказе вайны ён першы і самы моцны з усіх беларускіх паэтаў. Яго можна параўнаць хіба з Канстанцінам Сіманавым і Аляксандрам Твардоўскім.

Віктар АРЦЁМ’ЕЎ

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.