Вы тут

Мамін дзённік. Старэйшы брат


Наш Цёмік цяпер сапраўдны грамадзянін — у яго ёсць пашпарт. Дарэмна хвалявалася, ці ўдасца сфатаграфаваць дзіця: атрымалася з першай спробы. Малы ўпіўся сваімі цёмнымі вачыма ці то ў прыгожую дзяўчыну-фатографа, ці то ў вялікі фотаапарат, якога ён дагэтуль не бачыў, — і першы крок да афіцыйнага дакумента быў зроблены.


Не, на мора мы сёлета яшчэ не збіраемся. Блізкія сваякі пераязджаюць у суседнюю краіну — трэба ж неяк бачыцца! Доўгую разлуку з брацікам Вадзікам Цёмік наўрад ці вытрымае. Шасцігадовы стрыечны брат — яго галоўная любоў (пасля бацькоў, канешне). Кажуць, яны вельмі падобныя. Мая мама, калі ўпершыню ўбачыла ўнука, адразу ж гэта вызначыла. Ну што тут здзіўляцца, іх бацькі, родныя браты, — копіі адзін аднаго (быў час, калі мой муж па братавых правах ездзіў, і каб хоць хто з даішнікаў нешта западозрыў!).

Яшчэ ў радзільні, калі пляменнік з матуляй прыйшлі мяне наведаць, яму не цярпелася ўбачыць чалавечка, якому, дарэчы, сам даў імя (ніяк не маглі з мужам вызначыцца, цяпер не шкадуем, што даверылі такое важнае рашэнне малодшаму члену сям'і). На другі дзень пасля родаў, вядома, гэта было немагчыма. Вадзім толькі моцна здзівіўся: брацік быццам бы з'явіўся на свет, а ў цёткі Веранікі яшчэ жывоцік на месцы.

Іх першая сустрэча адбылася, калі мы пераехалі да маіх бацькоў. Вадзім шкадаваў Арцёмку за яго яшчэ незагоены зялёны пуп («яму ж баліць!»), спрабаваў накарміць паўтарамесячнае дзіця малінамі і з высока паднятай галавой вазіў малога ў калясцы. Ён — старэйшы брат!

Арцёмка, у сваю чаргу, ведае, дзе ў бабулі стаіць фотаздымак Вадзіма. Падпаўзае да трумо, паказвае пальчыкам на партрэт у рамцы і выдае працяглае «ууу». Толькі ўбачыць браціка, як настрой у малога капрызулі раптоўна мяняецца. Адразу прачынаецца, калі пачуе знаёмы голас, шчыкае Вадзіма за скуру, цягае за валасы — гэта ён так паказвае сваю любоў, тлумачым мы пляменніку. А той і церпіць, нават калі Арцёмка з усяе сілы замахнецца на яго пультам ці машынкай. Вадзімку будзе балюча, але здачы маленькаму шкодніку ніколі не дасць. Пакрыўдзіцца, што той разбурыў домік з канструктара, які ён так доўга будаваў, але ўсё роўна будзе прасіцца ў нас начаваць, каб удосталь нацешыцца малодшым братам. Іншыя пляменнікі, дарэчы, з Цёмікам гуляць не хочуць. Ім, пяцігадовым і сямігадовым, аказваецца, з дзецьмі гуляць нецікава — яны дарослыя.

Нядаўна хадзілі на дзіцячы дзень нараджэння. Інтэрнат, дзе жыве імяніннік, ажно хадуном хадзіў. Вадзім вазіў Цёмку на машынцы, потом пераключыўся на дзяўчынку, на што тая з рэўнасцю заявіла: «Ідзі да свайго любімчыка!»

Нядаўна ў Вадзіма нарадзілася родная сястрычка. Ён даўно прасіў бацькоў купіць дзіцятка па карце «Халва». Нарэшце, яго мара збылася. Ён дапамагае мяняць маленькай памперс, гойдае ложачак і спявае ёй калыханку, з такім жа імпэтам і гонарам возіць сястрычку ў калясцы. І дзякуй богу, па-ранейшаму просіцца ў нас начаваць, каб як мага больш нацешыцца з Арцёмкам.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Старэйшы брат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.

Культура

Гурт Іrdorath: Наш пасыл - быць сапраўднымі і свабоднымі

Гурт Іrdorath: Наш пасыл - быць сапраўднымі і свабоднымі

Прыклад гісторыі, калі талент сам прабівае сабе месца пад сонцам.

Палітыка

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Гэта не пачатак кнігі-антыўтопіі або фантастычнага фільма пра будучыню нашай планеты.

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.