Вы тут

Упершыню сустрэліся кіраўнікі прыродаахоўных ведамстваў Беларусі і Швецыі


Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Худык узначаліў дэлегацыю, якая наведала Каралеўства Швецыя 22—23 мая.


Сустрэча з кіраўніцтвам кампаніі Fаlun Еnеrgу&Wаtеr

Падчас візіту ў Стакгольм Андрэй Худык правёў перагаворы з віцэ-прэм'ерам, міністрам навакольнага асяроддзя і клімату Каралеўства Швецыя Ізабэлай Лёвін. Ізабэла Лёвін адзначыла, што галоўным прыярытэтам Швецыі з'яўляецца рашэнне праблемы змены клімату. На яе думку, без адчувальных мер па зніжэнні негатыўных наступстваў змены клімату немагчыма дасягненне Мэт устойлівага развіцця, якія рэалізуюць абедзве краіны. Таксама яна расказала пра асноўныя аспекты абыходжання з адходамі ў Швецыі. Цяпер у гэтай краіне перапрацоўваецца і выкарыстоўваецца больш за 99 % адходаў і толькі менш за 1 % ідзе на захаванне, але гэты метад у Швецыі лічыцца непрымальным спосабам іх утылізацыі. Менавіта таму цяпер асноўным стратэгічным кірункам з'яўляецца прадухіленне ўтварэння адходаў, паўторнае выкарыстанне матэрыялаў, з якіх яны створаны. Такім чынам Швецыя будуе эканоміку замкнутага цыклу.

Таксама ў краіне добра зарэкамендавала сябе дэпазітарна-залогавая сістэма збору тары, якая дзейнічае тут з васьмідзясятых гадоў. Нагадаем, што ў Беларусі ДЗС плануецца ўвесці ў найбліжэйшыя гады.

Беларусь і Швецыя даўно і паспяхова супрацоўнічаюць у галіне аховы навакольнага асяроддзя. У перыяд з 2005-га да 2010 года быў рэалізаваны шэраг сумесных праектаў Шведскага агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя і Мінпрыроды Беларусі. Вывучэнне вопыту Швецыі, а на сённяшні дзень ён самы перадавы ў Еўропе, спрыяла таму, што ў Беларусі — першай сярод краін СНД — было распрацавана і прынята заканадаўства аб пашыранай адказнасці вытворцы і аб комплексных прыродаахоўных дазволах. Наша краіна адна з першых на постсавецкай прасторы замацавала на заканадаўчым узроўні асобныя нормы дырэктыў Еўрасаюза, у прыватнасці, устаноўлена забарона на захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў, вызначаны патрабаванні па арганізацыі паасобнага збору адходаў.

У ходзе вывучэння практычнага вопыту Швецыі па абыходжанні з адходамі беларуская дэлегацыя наведала завод па спальванні смецця ў горадзе Бурленге магутнасцю 96 тысяч тон адходаў штогод.

Цяпер узаемадзеянне Беларусі і Швецыі ў галіне аховы прыроды ажыццяўляецца праз рэалізацыю ў нашай краіне праектаў, якія фінансуюцца Шведскім агенцтвам супрацоўніцтва ў галіне развіцця (СІДА), няўрадавай арганізацыяй «Форум Сюд». З кастрычніка 2018 года Інстытутам радыебіялогіі НАН Беларусі і кафедрай трансляцыйнай медыцыны медыцынскага факультэта Лундскага ўніверсітэта сумесна з Санкт-Пецярбургскім НДІ радыяцыйнай гігіены імя Рамзаева рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ацэнка ўзроўню радыяцыйнага апраменьвання ў раёнах, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС», які фінансуецца Шведскім агенцтвам па радыяцыйнай бяспецы. У рамках гэтага праекта шведскім бокам прапанавана правесці незалежную ацэнку і аналіз зыходнага радыяцыйнага становішча ў раёне размяшчэння БелАЭС.

Па выніках візіту Андрэй Худык адзначыў зацікаўленасць Мінпрыроды ў абмене вопытам з кампаніямі і арганізацыямі Швецыі. Нашай краіне цікавы вопыт фарміравання заканадаўства па абыходжанні з адходамі, а таксама перадача тэхналогій у гэтай галіне, якія вядуць да іх нулявога захавання і нулявога ўтварэння выкідаў парніковых газаў. Таксама ёсць цікавасць да вывучэння вопыту Швецыі па прадухіленні і мінімізацыі ўтварэння адходаў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота атрымана ад Мінпрыроды

Загаловак у газеце: Чым карысны скандынаўскі вопыт для нас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.